Закувала зязюлька
Зязюля займае прыкметнае месца ў галерэі фальклорна-міфалагічных герояў і персанажаў. Яна выступае як птушка-прадказальніца і як сімвал адзіноцтва, самотнасці, тугі, нешчаслівага жаночага лёсу.
У народнай песні "Закувала зязюлька" своеасаблівы птушыны спеў успрымаецца як выразнае апісанне часу: менавіта канца вясны — пачатку лета, калі ўсё ў прыродзе зелянее-красуецца, захлынаецца ў пачуццёвым росквіце. І кукаванне зязюлькі (памяншальная форма назвы сведчыць пра даверлівасць сяброўскіх стасункаў) гучыць як перасцярога, папярэджанне перад набліжэннем сумнай адзіноты...
Гэтая песня на слыху. Але выконваецца пераважна ў рускамоўным варыянце. І адрозніваецца тут больш сацыяльным аспектам пры асвятленні падзей. Першапачатковы беларускі тэкст (існуе ў варыянтах) вытрыманы ў фальклорных традыцыях, дзе сувязь з прыроднымі з'явамі вельмі арганічная і падмацаваная мастацка-вобразнай сімволікай. Рускамоўны варыянт перадае асобныя вынікі пазнейшых сацыяльных працэсаў у грамадзе ("Напилася я пьяна, не дойду я до дому..."), якія зусім не стасуюцца з прыродацэнтрысцкім развіццём, з народным асэнсаваннем пачуццёвых зносінаў.
Пажаданне-праклён ("Пакарай яго, Божа, хоць маёй бядою..."), што вырываецца са спакутаванай душы, выглядае вельмі міласэрным і гаючым: адчуй пякельныя перажыванні, спазнай горыч душэўнага болю, разладу, адчужэння — тады, мабыць, і станеш больш уважлівым, чулым, чалавечным і будзеш успрымаць іншых з паразуменнем. Паўтор першай страфы, што звычайна робіцца ў фальклорных творах для абрамлення дзеі, у песні "Закувала зязюлька" ўраўнаважвае псіхалагічны малюнак, затушоўвае хвілі роспачы, роздумаў і тым узвышае вобраз каханай асобы.
Закувала зязюлька
Беларуская народная песня
Закувала зязюлька
У вішнёвым садочку.
Ой, баліць, баліць маё сэрданька*
Па маім галубочку.
Ой, зязюлька кукуе,
Салавей тое чуе.
А я не знаю ды не ведаю,
Дзе мой мілы начуе.
Калі дзе пры дарозе,
Прынясі яго, Божа.
Калі ў дзеванькі ў святлічаньцы,
Пакарай яго, Божа.
Пакарай яго, Божа,
Хоць маёю бядою,
Бо я да яго
з шчырым сэрданькам,
Ён да мяне з непраўдою.
Закувала зязюлька
У вішнёвым садочку,
Ой, баліць, баліць маё сэрданька
Па маім галубочку.
* Апошнія два радкі кожнай страфы паўтараюцца.
Падрыхтаваў Міхась ШАВЫРКІН.