Башуру пагражае да трох гадоў зняволення
Башура абвінавачваецца паводле дзвюх частак артыкула 380 КК (падробка, выраб, выкарыстанне або збыт падробных дакументаў, штампаў, пячатак, бланкаў).
Башура сваёй віны не прызнае. Ён сцвярджае, што даведку аб даходах складаў падчас адсутнасці на працы бухгалтара і дырэктара кампаніі, дзе ён працуе. Актывіст заяўляе, што не меў ніякага намеру падрабляць дакументы.
На апошнім пасяджэнні суда, 15 кастрычніка, дзяржабвінаваўца Галіна Корнева заявіла хадайніцтва аб прадастаўленні ёй часу для перапрад’яўлення абвінавачання, і суддзя Кірыл Палулех яго задаволіў.
На думку прадстаўнікоў грамадскасці, суд над Башурам — працэс палітычны.
Вызвалення актывіста кампаніі «Гавары праўду!» запатрабавалі, у прыватнасці, прадстаўнікі Саюза беларускіх пісьменнікаў (СБП), членам якога з’яўляецца Башура, і каардынацыйнай рады прадпрымальнікаў Мінска.
Апошнія ў сваёй заяве падкрэслівалі, што вясной гэтага года Башура вылучаўся ў якасці кандыдата ў дэпутаты Мінскага гарадскога савета ад прадпрымальніцкага блока, а пасля — стаў актыўным удзельнікам кампаніі «Гавары праўду!», якую ўзначальвае адзін з прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта Беларусі Уладзімір Някляеў.
Гэтыя акалічнасці, паводле меркавання прадпрымальнікаў, з’яўляюцца доказам таго, што суд над Міхасём Башурам палітычна матываваны.
БелаПАН