"Тарыфы на платныя медыцынскія паслугі ў нас ніжэйшыя, чым у іншых раёнах"

Источник материала:  

Чытач з Чэрвеньскага раёна папрасіў расказаць пра платныя медыцынскія паслугі. Ніякіх прамых скаргаў з яго боку не прагучала, хаця было відавочна, што ён імкнецца параўноўваць інфармацыю па розных абласцях. Канкрэтныя пытанні прагучалі так: якія паслугі падлягаюць аплаце, чым увядзенне аплаты абумоўленае, хто ўстанаўлівае канкрэтныя тарыфы?

Дапамагчы даць такі ж агульны адказ на запыт заяўніка дапамагла намеснік галоўнага бухгалтара па эканамічнай працы ўстановы аховы здароўя "Чэрвеньская цэнтральная раённая бальніца" Валянціна ГАРНЯКОВА.

— Існуе пастанова Савета Міністраў № 142 ад 1 лютага 2010 года, якая рэгламентуе пералік платных медыцынскіх паслуг для грамадзян Рэспублікі Беларусь. Гэты пералік уключае ў сябе 37 пунктаў. Калі гаварыць канкрэтна пра наш Чэрвеньскі раён, дык мы аказваем 22 віды платных медыцынскіх паслуг, — распавяла Валянціна Ягораўна. — Калі чытач імкнецца параўноўваць тарыфы ў розных рэгіёнах, мушу падкрэсліць, што ў нас яны значна ніжэйшыя, чым у іншых раёнах. Чаму так? Рэч у тым, што дзейнічае агульны прынцып: раз колькасць насельніцтва канкрэтнага раёна невялікая, значыць, медыцынскія работнікі з яго належаць да групы з меншай аплатай працы. Сёння ў раёне пражывае 33 тысячы чалавек, што само па сабе няшмат, да таго ж колькасць насельніцтва пакрысе зніжаецца.

Як разлічваюцца канкрэтныя тарыфы на аказанне платных медыцынскіх паслуг? Валянціна Гарнякова патлумачыла: на падставе пастановы Міністэрства аховы здароўя № 51 ад 22 снежня 2003 года — зыходзячы з дзейных выдаткаў — зарплата медыцынскім работнікам; (колькі якіх работнікаў і з якой канкрэтна катэгорыяй — па раёнах, вядома, лічбы адрозніваюцца), аплата паслуг жыллёва-камунальнай гаспадаркі, накладныя выдаткі і інш. Разлічаныя па такім алгарытме тарыфы накіроўваюцца на разгляд ва ўпраўленне аховы здароўя Мінаблвыканкама і Міністэрства аховы здароўя, дзе пераправяраюцца і толькі пасля гэтага ўзгадняюцца і накіроўваюцца назад да выканання.

— Штомесяц дазваляецца павялічваць на 0,9 працэнта дзейныя тарыфы — каб не было рэзкага іх росту адначасова. Жыццё ж таксама пакрысе даражэе, так? І такія пераразлікі мы рэгулярна праводзім у адпаведнасці з інструкцыяй, — дадала Валянціна Ягораўна.

Вяртаючыся да пераліку платных медыцынскіх паслуг, якія аказваюцца медыцынскімі ўстановамі на тэрыторыі Чэрвеньскага раёна, нагадаем — іх 22. Гэта, у прыватнасці, стаматалагічныя, зубапратэзныя, паслугі нетрадыцыйнай медыцыны, УГД, масаж, правядзенне прафаглядаў і іншыя.

— Усё гэта запатрабавана насельніцтвам. Але асаблівым попытам карыстаюцца платныя стаматалагічныя паслугі. Іх удзельная вага ў агульным аб'ёме складае 40 працэнтаў. Далей ідуць паслугі па прафаглядах — або ў прадпрыемстваў, або ў грамадзян пры працаўладкаванні, у вадзіцеляў у тым ліку, — расказвае далей суразмоўца.

Дарэчы, за дзевяць месяцаў Чэрвеньская цэнтральная раённая бальніца атрымала ад аказання платных медыцынскіх паслуг 312 мільёнаў рублёў, што Валянціна Гарнякова называе неблагім паказчыкам. І тут жа дадае, што перад медыкамі пастаўленая задача: да канца года павялічыць аб'ём аказання платных медыцынскіх паслуг у параўнанні з вынікамі мінулага года на чвэрць...

Сяргей РАСОЛЬКА.

←В Шкловском районе открылся новый детский дом семейного типа

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика