"Трымаць" вакансію можна два тыдні

Источник материала:  

Сяргей ГРЫБ

Жаданне знайсці добрую працу, напэўна, зразумелае ці не кожнаму з нас. Аднак праблема часцяком узнікае з іншым: уладкавацца на пажаданую вакансію бывае няпроста — заўсёды існуе верагоднасць, што прэтэндэнт на свабоднае месца проста пачуе адмову. Між тым, ці можна тут неяк паспрачацца з рашэннем наймальніка і якім чынам гэта зрабіць? Каб адказаць на гэтыя пытанні, карэспандэнт "Звязды" сустрэўся з начальнікам юрыдычнага аддзела камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Элай Міхайлаўнай Акулай.

Для беспрацоўных. І не толькі

Безумоўна, пашукаць свабоднае месца можна самастойна або праз сваіх сваякоў ці знаёмых. Аднак гэты варыянт спрацоўвае далёка не заўсёды. Таму калі-нікалі застаецца адно — звяртацца па дапамогу ў дзяржаўную службу занятасці насельніцтва.

Дарэчы, звярнуць увагу на службу занятасці варта не толькі непасрэдна беспрацоўным, але і ўсім тым, хто проста хоча змяніць месца працы. У прыватнасці, у службе (прычым зусім бясплатна) можна пазнаёміцца з банкам вакансій. Нарэшце, той жа банк вакансій у сталіцы размяшчаецца і ў інтэрнэце — на сайце mіnsk.gоv.bу/rаbоtа.

Накіраванне "не заўважыць" нельга

Інфармацыя — рэч вельмі важная. Аднак проста ведаць пра свабодныя працоўныя месцы недастаткова. Вакансію трэба заняць. І гэта — самы цікавы момант. З аднаго боку, кожны прэтэндэнт павінен падаць абсалютна аднолькавы пакет дакументаў: дакумент, які сведчыць пра асобу, дыплом аб адукацыі і прафесійнай падрыхтоўцы, страхавое пасведчанне, пры наяўнасці — дакументы воінскага ўліку, працоўную кніжку, а пры неабходнасці — медыцынскае заключэнне аб стане здароўя, індывідуальную праграму рэабілітацыі інваліда, накіраванне на работу за кошт броні, дэкларацыю аб даходах і маёмасці і г.д. Аднак зразумела: наймальнік будзе рабіць выбар. І цалкам рэальна, што хтосьці з прэтэндэнтаў атрымае адмову.

Калі прэтэндэнт належыць да катэгорыі дзяцей-сірот, бацькоў у шматдзетнай сям'і, інвалідаў, асобаў ва ўзросце да 21 года, якія шукаюць першае працоўнае месца, былых зняволеных і бацькоў, якія абавязаныя кампенсаваць выдаткі на дзяржаўнае ўтрыманне сваіх дзяцей, і пры гэтым такі прэтэндэнт мае накіраванне службы занятасці на працаўладкаванне за кошт спецыяльнай броні, то за неабгрунтаваную адмову ад прыёму на працу наймальніка можа чакаць пакаранне. Паводле артыкула 9.16 Адміністрацыйнага кодэкса на вінаватую службовую асобу наймальніка магчыма накладанне штрафу у памеры ад 20 да 50 базавых велічынь (на сёння ад 700 тыс. да 1 млн. 750 тыс. рублёў).

Пісьмова — заяву, пісьмова — адказ

Каб усё ж атрымаць пажаданую вакансію, прадстаўнікі пералічаных катэгорый могуць звярнуцца ў суд. І такую ж магчымасць мае любы іншы прэтэндэнт — калі ён лічыць, што наймальнік паставіўся да яго прадузята.

— Падбіраць для сябе тых або іншых работнікаў — поўнае права наймальніка, — адзначае Эла Акула. — Галоўнае, каб наймальнік прыняў рашэнне, зыходзячы выключна з кваліфікацыі і прафесійных якасцяў, а не з якіх-небудзь іншых асаблівасцяў прэтэндэнта. Калі на першае месца выходзіць нацыянальнасць, узрост, пол ці нават знешнасць суіскальніка — выпадае весці гаворку пра дыскрымінацыю. І тады з'яўляюцца падставы для звароту ў суд.

Суду неабходна прадаставіць дакументы і, у прыватнасці, тлумачэнне наймальніка — што ўсё ж стала прычынай рашэння не прымаць на працу. Атрымаць такое тлумачэнне бывае складана. Тым не менш шанцы тут ёсць. Кожны можа падаць пісьмовую заяву з просьбай аб прыёме. І, паводле заканадаўства аб зваротах грамадзян, наймальнік будзе вымушаны адказаць на гэтую заяву таксама пісьмова.

Варта адразу ж заўважыць: верагоднасць таго, што прычына адмовы будзе прызнана менавіта дыскрымінацыйнай, невялікая. Але яна ўсё ж існуе. Прычым калі суд возьме бок прэтэндэнта на вакансію, яго будуць абавязаныя прыняць на працу.

"Прапіска" — дадатковы аргумент

Рынак працы сталіцы лічыцца традыцыйна прывабным: у буйнейшым горадзе краіны колькасць вакансій нашмат перавышае колькасць беспрацоўных, прычым тут прапанова заробкаў часцяком аказваецца вышэй за сярэднерэспубліканскі ўзровень. Варыянты ўладкавання ў Мінску заўсёды цікавілі жыхароў іншых рэгіёнаў. Прычым цяпер атрымліваць якія-небудзь дадатковыя дазволы іншагароднім ужо не трэба. А адмова ў прадстаўленні свабоднага месца толькі з-за адсутнасці "патрэбнай прапіскі" можа таксама стаць падставай для звароту ў суд.

— Адмова ў прыёме на працу толькі з-за адсутнасці рэгістрацыі ў Мінску з'яўляецца незаконнай, — падкрэслівае Эла Акула. — Разам з тым у гэтай сітуацыі ў нечым можна зразумець і наймальніка: напрыклад, калі ён даручае матэрыяльныя каштоўнасці, то пажаданне, каб работнік жыў блізка ад месца працы і каб у выпадку чаго яго можна лёгка было знайсці, з'яўляецца натуральным. Прэтэндэнт на вакансію павінен гэта ўсведамляць. Тым больш што сёння няма аніякіх праблем зарэгістравацца ў Мінску па месцы знаходжання — без страты пастаяннай рэгістрацыі ў іншым населеным пункце.

За маўчанне грошы плацяць

Нарэшце, яшчэ адна сітуацыя. Чалавек шукае працу і даведваецца, што ў пэўнай арганізацыі з'явілася даволі цікавая вакансія. Пасля ён звяртаецца ў аддзел кадраў. Аднак там кажуць, што інфармацыя пра свабоднае месца — памылковая.

— На жаль, спробы "ўтойвання" свабодных працоўных месцаў сапраўды здараюцца, — адзначае Эла Акула. — Таму нялішне нагадаць заканадаўства: калі ўтвараецца вакансія, то наймальнік абавязаны паведаміць пра гэта ў дзяржаўную службу занятасці насельніцтва на працягу двух тыдняў — нават калі гаворка ідзе пра палову або чвэрць стаўкі. У адваротным выпадку могуць быць выкарыстаныя санкцыі паводле артыкула 9.15 Адміністрацыйнага кодэкса: штраф у памеры да 100 базавых велічынь на юрыдычную асобу і штраф ад 20 да 50 базавых велічынь на канкрэтную вінаватую службовую асобу наймальніка.

←В Шкловском районе открылся новый детский дом семейного типа

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика