Прадпрымальніцкая актыўнасць стане каталізатарам развіцця эканомікі, а даходы насельніцтва ў 2015 годзе павінны вырасці ў 1,7-1,8 раза

Источник материала:  

У 2015 годзе рэальныя даходы насельніцтва Беларусі павінны вырасці ў 1,7-1,8 раза ў параўнанні з узроўнем 2010 года, пра гэта заявіў дырэктар Навукова-даследчага эканамічнага інстытута Мінэканомікі Аляксандр Чарвякоў падчас ХІ міжнароднай навуковай канферэнцыі "Праблемы прагназавання і дзяржаўнага рэгулявання сацыяльна-эканамічнага развіцця", якая прайшла на базе інстытута. У прыватнасці, такое павышэнне даходаў насельніцтва будзе пры забеспячэнні да 2015 года росту ВУП на 62-68% у параўнанні з 2010 годам, росту прадукцыйнасці працы на 63-68%, удзельнай вагі адгружанай інавацыйнай прадукцыі ў 21% ад агульнага аб'ёму адгружанай прамысловай прадукцыі.

— Распрацоўка праграмы антыкрызісных мераў дазволіла Беларусі нават у пік крызісу застацца адной з тым нешматлікіх краін, дзе ВУП працягваў расці, — сказаў Аляксандр Чарвякоў. — Сёння эканоміка краіны развіваецца і стаіць ужо пытанне не пра выхад з крызісу, а пра далейшы паспяховы пасткрызісны рух.

Як сказаў дырэктар НДЭІ Міністэрства эканомікі, вынікі 2010 года ў Беларусі будуць набліжаны да вынікаў тых сектараў свету, якія сёння найбольш дынамічна развіваюцца — у прыватнасці, да вынікаў новых індустрыяльных краін Азіі. Таксама добрую тэндэнцыю Аляксандр Віктаравіч бачыць у росце індэкса прамысловага аптымізму, які выводзіцца НДЭІ падчас штомесячнага кан'юнктурнага апытання — "гэты фактар сведчыць пра станоўчыя змены ў настроях прадпрымальнікаў".

— У шэрагах лідараў можа быць толькі тая краіна, якая накіраваная на бесперапыннае абнаўленне, эвалюцыйныя пераўтварэнні эканамічнага жыцця, дэмакратычных інстытутаў, на кардынальныя змены ў тэхналагічнай, эканамічнай і культурнай галінах, на няўхільнае павышэнне якасці жыцця, — сказаў Аляксандр Чарвякоў і дадаў, што гэтыя пераўтварэнні будуць накіраваныя на далейшую пабудову ўстойлівай, адкрытай і канкурэнтаздольнай эканомікі, фарміраванне прафесійнай і эфектыўнай сістэмы дзяржкіравання, і самае галоўнае — на павышэнне дабрабыту беларускага народа. — У сярэднетэрміновай перспектыве мы павінны рэалізаваць галоўную ідэю нашай сацыяльнай стратэгіі: забяспечыць беларускі нацыянальны стандарт якасці — жыццё на сярэднееўрапейскім узроўні з далейшым набліжэннем да лепшых еўрапейскіх паказчыкаў.

Як патлумачыў дырэктар НДЭІ, гэта будзе ажыццяўляцца за кошт канцэнтрацыі рэсурсаў ў шэрагу прыярытэтных напрамкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2011-2015 гады. Аднак, на яго думку, рэалізацыя такіх стратэгічных планаў немагчымая без паўнавартасных пераменаў у грамадстве:

— Мы лічым, што асноўнымі рухальнымі сіламі развіцця эканомікі ў наступнай пяцігодцы павінна стаць ініцыятыва і прадпрымальніцва, інавацыі і інвестыцыі, — сказаў Аляксандр Чарвякоў. — Асноўным каталізатарам развіцця эканомікі павінны выступіць разняволенне прадпрымальніцкай актыўнасці і ініцыятывы, а наша задача — стварыць усе ўмовы для таго, каб бізнэс — як дзяржаўны, так і прыватны, як айчынны, так і замежны — камфортна адчуваў сябе ў Беларусі. Мы будзем імкнуцца да збалансаванасці, паўнавартаснага ўзаемадзеяння і кансалідацыі дзяржаўнай і прыватнай формаў уласнасці, у тым ліку і праз механізмы прыватна-дзяржаўнага партнёрства. Гэта прадугледжвае мадэрнізацыю эканамічных інстытутаў і механізмаў дзяржаўнага рэгулявання, сутнасць якой заключаецца ў паступовым паніжэнні ролі дзяржорганаў у прамым гаспадарчым кіраванні ды змяшчэнні акцэнтаў на ўскосныя і індыкатыўныя інструменты дзяржрэгулявання, у пераходзе да стратэгічнага планавання, фарміравання галіновых інавацыйных стратэгій і навукова-тэхнічнай палітыкі, — падкрэсліў Аляксандр Чарвякоў.

Асобна дырэктар Навукова-даследчага эканамічнага інстытута адзначыў важнасць інавацый і інвестыцый, пры чым падкрэсліў, што трэба не толькі выкарыстоўваць перадавыя сусветныя тэхналогіі, але і адраджаць айчынную навуковую школу.

Дарэчы, сёлета Навукова-даследчы эканамічны інстытут адзначае сваё 80-годдзе, і яго кіраўнік перакананы, што калектыў гатовы садзейнічаць развіццю эканомікі Беларусі і хутчэйшаму ажыццяўленню эканамічных пераўтварэнняў:

— Сёння на рынку перамагае той, хто максімальны ўзброены сучасным інструментарыем і своечасова прымае рашэнні, хто можа найбольш хутка адаптавацца да зменлівага асяроддзя. І менавіта ў гэтым аспекце нам бачыцца вядучая роля нашага інстытута, і мы спадзяёмся, што намаганні нашых спецыялістаў створаць умовы для правядзення ў краіне эканамічных рэформаў, — сказаў Аляксандр Чарвякоў.

Павел БЕРАСНЕЎ.

←В Шкловском районе открылся новый детский дом семейного типа

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика