"Прыбіральшчыца павінна мыць пад'езд раз на дзень"

Источник материала:  

Цяпло цяпер нашых чытачоў хвалюе не так моцна, а больш цікавіць парадак вакол іх саміх. Памятаеце, у адным савецкім мультфільме была фраза "Чысціня — залог здароўя! Парадак перш за ўсё!"

"Ці ёсць нейкія нарматывы, якія рэгламентуюць вываз смецця ў вёсцы? А то мы выстаўляем смецце для машыны ў 8.00, калі на працу ідзем, а забіраюць яго ў 15.00. Пакуль машына прыедзе, мяхі расцярушваюць сабакі. У гарадах ёсць дворнікі, а ў нас ніхто не прыбірае, і ўся вёска ў брудзе", — расказвае спадарыня Алена з Мінскай вобласці.

— Спецыяльных дакументаў на ўзроўні закона няма, — адказалі на ваша пытанне ва ўпраўленні ЖКГ Мінскай вобласці. — Самі раённыя прадпрыемствы вызначаюць графік вывазу смецця. Раней гэтым займаліся сельвыканкамы, а летась за гэта стала адказваць ЖКГ. І камунальнікі проста не спраўляюцца. Тэхнікі не хапае. Прыбіраннем вясковых тэрыторый ЖКГ займаецца, але там ёсць спецыяльныя санітарныя схемы. І не так часта, як у горадзе.Таму варта паспрабаваць нейкім чынам дамовіцца са сваім ЖЭУ, каб яны, магчыма, змянілі час.

Для таго, каб гэта зрабіць у некаторых ЖЭУ, жыхары запасаюцца стальной сілай волі і невычарпальным цярпеннем.

— Я жыву ў кватэры чатыры месяцы. І ў нас ніколі не прыбіралі пад'езд. Колькі разоў яго павінны мыць згодна з тэхнічнымі нарматывамі? У ЖЭУ-84 праўды не дабіцца.

Дар'я,Мінск.

Па словах Эдмунда Грышкевіча, начальніка ўпраўлення жыллёвай гаспадаркі Міністэрства ЖКГ, вільготнае падмятанне лесвіцы павінна ажыццяўляцца раз у дзень. Мыццё і дэзынфекцыя лесвічнай пляцоўкі — раз на тыдзень, а мыццё вокнаў — два разы на год.

З уласных тэхнічных нарматываў некаторых прыбіральшчыц: пасыл "куды далей" — раз на дзень, фраза "панасмецілі, ногі ім бы паадрываць" — штовечар, невыхад на працу — два разы на тыдзень.

— У нашым інтэрнаце цячэ ледзь цёплая вада. Немагчыма мыцца. Скажыце, якая тэмпература ў яе павінна быць?

Наста, Магілёў

— Тэмпература гарачай вады не павінна быць ніжэйшай за 50 градусаў Цэльсія, — сведчыць тэкст сацыяльных стандартаў. Гэта, згодна з дакументам, дазваляе забяспечыць неабходныя санітарна-гігіенічныя патрабаванні.

У вёсцы Спорава Бярозаўскага раёна кажуць, што спораўцы звычайна мыюцца ў возеры. "А зімой?" — здзіўляюцца прыезджыя. "А колькі той зімы", — хітра ўсміхаюцца яны. Так што, магчыма ў вашым ЖЭУ сядзяць тыя ж спораўцы.

— У нас першы дом ад цеплатрасы, і нам пастаянна горача. Мы тэлефанавалі ў ЖЭУ, а там сказалі, што тэмпературу знізіць не могуць, таму што тады жыхары апошніх дамоў будуць скардзіцца. Што рабіць?

Кацярына Міхайлаўна,г. Баранавічы

— Вам варта звярнуцца ў раённы аддзел кацельнай гаспадаркі, — расказалі спецыялісты дыспетчарскай службы Брэсцкага ўпраўлення ЖКГ. — Яны разбяруцца і паглядзяць усе схемы цеплападачы. Магчыма, дзесьці соплы падачы зменшаць. У тых дамах, дзе холадна, соплы звычайна рассверліваюць. Гэта ўсё рэгулюецца цяпер. Адназначна, што варыянты знаходзяцца.

А далей ужо можа "пашчасціць", што гэтыя варыянты не выльюцца ў лічбу са шматлікімі нулямі...

Настасся Занько.

←В Шкловском районе открылся новый детский дом семейного типа

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика