Усе пад босам ходзiм
16 кастрычнiка — дата, якая абавязкова павiнна быць пазначана чырвоным у календарах усiх падначаленых i падшэфных. У гэты дзень лёгкi (i адкрыты) падхалiмаж не толькi дазволены, але i вiтаецца, а прыбаўку да зарплаты папрасiць як нiколi лёгка — калi ўмела спалучыць гэтую просьбу з букетам камплiментаў цi проста з букетам. Бо менавiта сёння ў свеце адзначаецца Дзень Боса (ён жа дзень Шэфа)!
Існуе гэта незвычайнае свята ўжо больш як паўвека — з 1958 года, калi жыхарка горада Чыкага, сакратарка Патрыцыя Хароскi прапанавала iдэю: супрацоўнiкi вiншуюць у Дзень Шэфа свайго кiраўнiка i дзякуюць за тое, што ён быў добрым i сумленным на працягу года. (Патрыцыя, да слова, выбрала 16 кастрычнiка не выпадкова — якраз у гэты дзень святкаваў народзiны яе бацька, якi, да слова, быў босам той самай кампанii, дзе дачка i працавала сакратаркай). У 1962 годзе дата была афiцыйна зацверджана ў штаце Iлiнойс, а пазней свята пачалi адзначаць у Аўстралii, Вялiкабрытанii i Паўднёвай Афрыцы. Але чаму б i нам не выкарыстаць добрую нагоду, каб успомнiць, што кiраўнiк любога рангу — гэта адказная прафесiя, праца без адпачынку i адказнасць не толькi за кожны свой крок, але i за ўчынкi i дзеяннi сваiх падначаленых. Ну i яшчэ — банальна, але факт — каб не забывацца, што бос — таксама чалавек, i яму, як i ўсiм, прыемна адчуць увагу i павагу да сябе...
Вiкторыя ЗАХАРАВА.