АБЗАЦ
У Беларусі разглядаецца магчымасць пераходу на фіш-карты ў аматарскім рыбалоўстве, паведаміў дырэктар дэпартамента па меліярацыі і воднай гаспадарцы Мінсельгасхарча Анатоль Булыня. За вызначаную суму можна будзе набыць дакумент, які дазваляе лавіць рыбу месяц або год у любым вадаёме і рацэ. Сродкі, атрыманыя ад рэалізацыі фіш-карт, будуць накіроўвацца на ўладкаванне і зарыбленне вадаёмаў.
У лесе каля вёскі Лесавіцкая слабодка Жлобінскага раёна знойдзена буйное сховішча боепрыпасаў часоў Вялікай Айчыннай. Паводле папярэдняй інфармацыі, боепрыпасы былі пакінутыя "чорнымі капальнікамі" пасля несанкцыянаваных раскопак у месцах баявых дзеянняў. 74 адзінкі боепрыпасаў, у тым ліку 71 снарад нямецкай вытворчасці калібра 152 мм, у кожным з якіх утрымлівалася 15 кг выбуховага рэчыва, перададзеныя ў вайсковую часць 5527 для знішчэння.
Буйная партыя кантрабанднай валюты — больш за $100 тыс. і 15,5 тыс. расійскіх рублёў — затрыманая пры вывазе за межы Беларусі ў Нацыянальным аэрапорце Мінск. Падчас мытнага кантролю ў грамадзяніна Расійскай Федэрацыі знойдзена буйная сума валюты, якая не была ўказаная ў мытнай дэкларацыі. Лёс грашовых сродкаў і ступень адказнасці няўдачлівага кантрабандыста будзе вырашацца ў судовым парадку. Цяпер без мытнага дэкларавання можна перамяшчаць суму, якая не перавышае $10 тыс.
Жыхар аграгарадка Пяскі Мастоўскага раёна Юрый Цылюлька набыў у Літве самаробны чатырохмесны самалёт эксперыментальнай авіяцыі класа G, які прывёз дадому на аўтапрычэпе. Вага агрэгата складае ўсяго 600 кілаграмаў. Для яго ўзлёту і пасадкі дастаткова адлегласці ў 150 метраў. Максімальная вышыня палёту — 300 метраў. Гаспадару пасля праходжання кароткатэрміновых курсаў будзе выдадзена пасведчанне пілота-аматара.
ПОЎНЫ АБЗАЦ У Мадрыдзе арганізавалі першы ў гісторыі Іспаніі чэмпіянат па сіесце — традыцыйнаму адпачынку пасля абеду. Спачатку ўдзельнікам неабходна легчы на канапу, а затым ім даецца 20 хвілін на тое, каб прадэманстраваць сваё ўменне адпачываць. Балы налічваюцца за хуткасць пагружэння ў сон, крэпасць сну, незвычайны спальны касцюм, арыгінальныя аксесуары (напрыклад, маскі для сну або плюшавыя цацкі), гучны храп, а таксама за дзіўныя палажэнні, прыманыя ў сне. Ці пагрузіўся ўдзельнік у сон, правярае ўрач, які фіксуе рытм біцця сэрца "спартсмена". Галоўны прыз у тысячу еўра атрымае удзельнік, які зможа набраць найбольшую колькасць балаў. Сіеста папулярная ў шматлікіх краінах са спякотным кліматам.Сямейная пара з акругі Акалуса, штат Фларыда, па памылцы прадала частку праху бабулі, якая памерла ў лютым 2010 года. Як расказала Пайпер Гафры, прах яе бабулі быў выпадкова прададзены на распродажы хатніх дробязяў, які яна і яе муж учынілі перад пераездам у іншы раён. Сярод рэчаў, выстаўленых на продаж, апынуўся і чыгун з фіялкамі, у глебу для якіх жанчына закапала трохі праху бабулі. Пазней Пайпер размясціла на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Facebook зварот да новага гаспадара кветкі і папрасіла яго клапаціцца пра фіялкі. Як высветлілася, кветка была прададзеная знаёмым сям'і Гафры, і неўзабаве чыгун з фіялкамі і прахам бабулі Мардж быў вернуты законным гаспадарам.