Нагода задумацца

Источник материала:  

Наведванне Крамля ў складзе групы беларускіх журналістаў і сустрэча з кіраўніком адміністрацыі прэзідэнта Расіі асабіста ў мяне пакінулі дваістыя ўражанні. Безумоўны пазітыў у тым, што Масква вуснамі Сяргея Нарышкіна прызнала: ніякіх пунктаў "невяртання" ў адносінах паміж самымі блізкімі саюзнікамі, суседзямі і братнімі народамі і быць не можа. З іншага боку, журналісты, хоць і крыху па-рознаму, разгледзелі ў выказваннях кіраўніка адміністрацыі Крамля і яшчэ адзін "мэсідж": каб сяброўства ўжо зусім не выклікала пытанняў, беларускі бок павінен выканаць некалькі ўмоў...

...Пра тое, што "пасланне" прызначана выключна Беларусі, сведчыла амаль поўная адсутнасць на сустрэчы прадстаўнікоў расійскіх сродкаў масавай інфармацыі. За тое, што гэта ў першую чаргу "пасланне", а ўжо потым прэс-канферэнцыя, гаварыла і даволі ёмістае ўступнае слова Сяргея Нарышкіна — каля 15 хвілін. Уласна кажучы, у ім і былі дадзены ўсе галоўныя адказы на яшчэ не зададзеныя пытанні прадстаўнікоў беларускіх масмедыя. Працяг — дыпламатычнае ўхіленне ад вострых пытанняў, як з боку дзяржаўнай прэсы, так і ад прадстаўнікоў "апазіцыі". Да гонару суразмоўцы трэба прызнаць, што ён цярпліва адказваў на пытанні, якія задаваліся з розных ракурсаў па два, а то і тры разы. Напрыклад, пра гатоўнасць далейшага супрацоўніцтва з дзейным прэзідэнтам Беларусі.

"Мы лічылі і лічым Беларусь самым надзейным, самым адданым саюзнікам Расіі і бясконца даражым супрацоўніцтвам з Беларуссю", — падкрэсліў кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Расіі.

Сяргей Нарышкін адзначыў, што Расія разлічвае і ў далейшым як на паглыбленне інтэграцыйных працэсаў з Беларуссю, так і на развіццё гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і гуманітарных сувязяў. "Важна, каб гэтае супрацоўніцтва насіла ўзаемавыгадны, партнёрскі і раўнапраўны характар, — сказаў ён. — Такі падыход, мы ўпэўнены, адказвае карэнным інтарэсам народаў нашых краін".

Кіраўнік крамлёўскай адміністрацыі завастрыў увагу на глыбокай эканамічнай інтэграцыі нашых краін. Паводле яго слоў, сёлета аб'ём беларуска-расійскага гандлю пераадолее планку ў $25 млрд. Нарышкін указаў на істотную эканамічную падтрымку беларускай эканомікі. Праўда, названыя лічбы здаліся не бясспрэчнымі.

У ліку паспяховых сфер беларуска-расійскага супрацоўніцтва таксама ваенна-тэхнічная сфера: "Ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва Беларусі і Расіі з'яўляецца гарантам бяспекі не толькі для дзвюх краін, але і для цэлага рэгіёна". Акрамя таго, ён вылучыў беларуска-расійскае супрацоўніцтва ў барацьбе з наркагандлем, тэрарызмам і іншымі сучаснымі выклікамі і пагрозамі, а таксама забеспячэнне роўных правоў беларусаў і расіян. Аказвае Расія падтрымку Беларусі і на дыпламатычным узроўні. І вось на фоне ўсяго гэтага расійскаму боку "балюча чуць беспадстаўныя папрокі". Таму першая ўмова нармалізацыі адносін — "усвядоміць шкоднасць" такіх папрокаў...

А хацелася б расійскаму боку, "каб у дзеяннях беларускага кіраўніцтва ўзяў верх курс на ўзаемадзеянне з Расіяй, на ўмацаванне сяброўскіх, узаемавыгадных адносін і на аднаўленне атмасферы даверу паміж нашымі краінамі і паміж палітычным кіраўніцтвам нашых дзвюх краін. Перакананы, што будучыня менавіта за такой узаемнай атмасферай і за пашырэннем супрацоўніцтва ва ўсіх напрамках, у эканамічнай, палітычнай і ў гуманітарнай сферах".

Разам з тым Крэмль, такі пакрыўджаны на крытыку некаторых дзеянняў свайго кіраўніцтва, паспяшаўся адхрысціцца ад таго інфармацыйнага шабашу, што ўчынілі некаторыя "прыдворныя" тэлеканалы і журналісты. Прынамсі, кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Расіі адмаўляе, што паказаныя па тэлеканале НТБ фільмы з крытыкай Аляксандра Лукашэнкі выходзілі ў эфір па нейкім указанні "зверху".

"Я не жадаю адказваць за тэлевізійны канал НТБ... Гэта недзяржаўны канал, хоць, вядома, пэўны ўплыў дзяржавы маецца..." Пры гэтым Нарышкін адзначыў, што нават не бачыў гэтыя фільмы цалкам.

Адказваючы на пытанне аб прызнанні выбараў у Беларусі, Сяргей Нарышкін падкрэсліў, што гэта будзе залежаць не ад таго, хто будзе абраны, крытэрам гэтага прызнання будзе з'яўляцца ступень адпаведнасці працэдуры выбараў, выбарнай кампаніі нормам заканадаўства, найперш беларускага нацыянальнага заканадаўства, і нормам агульнапрынятым у міжнароднай практыцы. Чыноўнік падкрэсліў, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі, — гэта ўнутраная справа Беларусі, і Расія ў гэта не ўмешваецца.

"Вядома, нам не ўсё адно, які выбар зробіць беларускі народ, бо гэта шмат у чым вызначыць будучыню расійска-беларускіх адносін", — сказаў Нарышкін.

Разам з тым Нарышкін запэўніў беларускіх журналістаў: Расія зыходзіць з таго, што суверэнітэт іх краіны не падлягае сумневу. "Расія цвёрда стаіць на прынцыпах і нормах, якія зафіксаваны ў Дагаворы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. У ім дэкларавалася стварэнне Саюзнай дзяржавы на прынцыпах суверэннай роўнасці яго ўдзельнікаў і добраахвотнага выканання імі ўзятых на сябе абавязкаў", — сказаў кіраўнік адміністрацыі Мядзведзева.

Такім чынам ён пракаментаваў заўвагу журналістаў пра тое, што ў Беларусі некаторыя расцанілі апошнія супярэчнасці паміж Масквой і Мінскам як спробу ціску з боку Расіі і сталі асцерагацца за незалежнасць краіны.

На пытанне пра тое, ці ведае ён каго-небудзь з цяперашніх кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі, акрамя Аляксандра Лукашэнкі, Нарышкін адказаў няпэўна: "Я не сачу. Не, я ведаю некаторыя прозвішчы, але я не раблю на гэтым акцэнт. Я ўпэўнены толькі ў тым, што большасць беларускіх выбаршчыкаў будзе галасаваць не толькі за пэўнага кандыдата, але і за палітычны курс, якога гэты кандыдат будзе прытрымлівацца, палітычны курс на развіццё супрацоўніцтва паміж дзвюма нашымі краінамі. Гэта таксама будзе адным з крытэраў для ацэнкі беларускімі выбаршчыкамі таго ці іншага кандыдата", — адказаў кіраўнік адміністрацыі.

Не супадаюць пазіцыі бакоў і па прычынах, з-за якіх стопарыцца пабудова Саюзнай дзяржавы. Нарышкін не знайшоў, што адказаць на заўвагу журналіста аб адсутнасці дагэтуль аднолькавых умоў гаспадарання для вытворцаў з-за розных цэнаў на энерганосьбіты. На ўдакладненне "Звязды", ці збіраецца Расія прыслухацца да рэкамендацый Эканамічнага суда СНД аб мараторыі па мытах на нафту, кіраўнік адміністрацыі спаслаўся на тое, што яшчэ ёсць час усё вырашыць у дасудовым парадку. З іншага боку, Расія схільная перакласці адказнасць за невырашэнне такіх буйных мэтаў і задач, прапісаных у Саюзным дагаворы, як "фарміраванне адзінай эканамічнай прасторы ў двухбаковым фармаце, фарміраванне адзінай гандлёвай, мытнай палітыкі, пераход на агульную грашовую адзінку, фарміраванне інтэграцыйных холдынгаў". Варта адзначыць, што менавіта выраз "рашэнне буйных праектаў у рамках Саюзнай дзяржавы" неаднойчы прагучаў у якасці другой умовы для нармалізацыі адносінаў з Мінскам...

У выніку безумоўна толькі тое, што далейшае развіццё двухбаковых адносін запатрабуе істотных намаганняў з абодвух бакоў.

Сяргей ПРОТАС.

Мінск — Масква — Мінск.

←Белорусские маркетологи и пиарщики подумают над продвижением страны

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика