Уладзімір Патупчык: "Дзяржава ніколі не эканоміла на сям'і"
Дзяржава ніколі не эканоміла на сям'і. На сучасным этапе гэта пытанне знаходзіцца пад пільнай увагай кіраўніка дзяржавы і ўрада. Такую думку выказаў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Патупчык на ўрачыстым прыёме, прысвечаным Дню маці, які адбыўся ўчора ў Доме ўрада, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На гэта мерапрыемства, якое стала ўжо традыцыйным, запрошаны 25 жанчын з усіх рэгіёнаў краіны.
Уладзімір Патупчык ад імя ўрада запэўніў, што дзяржава будзе і ў далейшым рабіць усё магчымае, каб жыццё жанчын у нашай краіне стала лепшае і ў матэрыяльным, і ў духоўным плане. У Беларусі, падкрэсліў віцэ-прэм'ер, рэалізуецца комплекс мераў па ўдасканаленні сістэмы матэрыяльнай падтрымкі сям'і. Асаблівая ўвага ўдзяляецца шматдзетным і маладым сем'ям, сем'ям з дзецьмі-інвалідамі.
З моманту заснавання ў Беларусі ордэна Маці гэтай высокай узнагароды ўдастоены 6 тыс. 413 жанчын, якія нарадзілі і выхавалі 5 і больш дзяцей, з іх у гэтым годзе — 280.
Дзень Маці адзначаецца ў Беларусі 15-ы раз. "Гэта свята стала значным сімвалам суверэннай Беларусі, увасабленнем нашых шматвекавых традыцый павагі да жанчыны-маці, прызнаннем яе каласальнай ролі ў захаванні і прымнажэнні духоўна-маральных каштоўнасцяў, — сказаў Уладзімір Патупчык. — Стаўленне кожнага чалавека да маці фарміруецца з першага дыхання і суправаджае ўсё яго жыццё". На кволыя плечы маці кладзецца асноўны абавязак гадаваць і выхоўваць дзяцей, мацярынства — гэта не толькі высокая місія, але і нялёгкая штодзённая праца, значнасць якой для грамадства немагчыма пераацаніць, падкрэсліў намеснік прэм'ер-міністра. "Не выпадкова самыя галоўныя ў нашай краіне паняцці Радзіма, справядлівасць, вера, надзея — жаночага роду", — дадаў ён.
Уладзімір Патупчык адзначыў, што асаблівую павагу выклікаюць высокія прафесійныя якасці жанчын, многія з іх дасягаюць вялікіх поспехаў у працы.
Намеснік кіраўніка ўрада прызнаў, што ў Беларусі не да канца яшчэ вырашаны праблемы сіроцтва, сямейнай нядобранадзейнасці. Ён падкрэсліў, што гэтым вострым сацыяльным праблемам трэба ўдзяліць максімальна вялікую ўвагу.
Уладзімір Патупчык запрасіў удзельніц урачыстага прыёму да шчырай размовы на хвалюючыя іх пытанні.