Калі не забаронена, то можна?
Міністэрства працы і сацыяльнай абароны прапануе змяніць падыходы да выдачы працоўных рэкамендацый інвалідам — аб гэтым паведаміла намеснік міністра Валянціна Каралёва.
Не сакрэт, што цяпер людзям з абмежаванымі магчымасцямі ў працоўных рэкамендацыях часта робіцца запіс "непрацаздольны" або прапануецца ўладкаванне дворнікамі, прыбіральшчыкамі, ліфцёрамі. Пры гэтым калі-нікалі выснова аб поўнай непрацаздольнасці падлягае сумненню. А прапановы шукаць варыянты прыбіральшчыкаў ці дворнікаў падаюцца нерэальнымі, і асабліва ў сельскай мясцовасці і малых гарадах, дзе падобных вакансій няшмат. У сувязі з гэтым, лічаць у міністэрстве, трэба змяняць падыходы: замест рэкамендацый канкрэтных прафесій неабходна проста вызначаць віды работ, якія ў кожным канкрэтным выпадку не падыходзяць па стане здароўя. Плюс да таго, мяркуе Валянціна Каралёва, ёсць сэнс падумаць аб павелічэнні тэрміну працоўнай адаптацыі інвалідаў.
Дарэчы, статыстыка сведчыць, што цікавасць людзей з абмежаванымі магчымасцямі да працаўладкавання стабільна павышаецца. Калі ў 1995 годзе па дапамогу ў пошуках працы ў службу занятасці насельніцтва звярнулася 1,6 тыс., то летась — 5,8 тыс. інвалідаў.
Сяргей ГРЫБ.