Не спяшайцеся абвінавачваць вакцыны...

Источник материала:  

Як паведамляе сталічная санэпідслужба, па стане на 8 кастрычніка ад грыпу былі прышчэпленыя ўжо 80 тысяч мінчан: больш як 14 тысяч дзяцей і 66 тысяч дарослых.

Вакцынацыя за кошт сродкаў прадпрыемстваў і асабістых сродкаў грамадзян распачалася ў горадзе яшчэ ў пачатку верасня. Пра абарону ад грыпу сваіх супрацоўнікаў паклапаціліся кіраўнікі адкрытых акцыянерных таварыстваў " Крыніца", "Гарызонт", "Атлант", "Аліварыя" і "Камунарка", Мінс-кага трактарнага завода і іншых прадпрыемстваў. Усяго за кошт уласных сродкаў і сродкаў прадпрыемстваў прышчэпкі ад грыпу былі зробленыя 27 тысячам мінчан. А з пачатку кастрычніка ў паліклініках горада распачалася бясплатная вакцынацыя грамадзян, якія адносяцца да груп высокай рызыкі развіцця постгрыпозных ускладненняў і высокай рызыкі інфіцыявання: за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту прышчэпленыя ўжо каля 53 тысяч мінчан. А на гэтым тыдні стартуе вакцынацыя мінчан за кошт сродкаў мясцовага бюджэту, якой плануецца ахапіць 188 тысяч чалавек.

Медыцынскімі работнікамі, якія займаюцца правядзеннем прышчэпак, ажыццяўляецца маніторынг сітуацыі па поствакцынальных рэакцыях і ўскладненнях. Як сведчаць назіранні спецыялістаў, у сярэднім у 5 чалавек са 100 прышчэпленых грыпознымі спліт-вакцынамі "Ваксігрып" (Расія) і "Флюваксін" (Кітай) у першыя двое сутак пасля вакцынацыі ўзнікалі агульныя поствакцынальныя рэакцыі ў выглядзе нязначнага павышэння тэмпературы цела. І ў 8 чалавек са 100 прышчэпленых гэтымі грыпознымі вакцынамі на працягу першага тыдня назіраліся мясцовыя поствакцынальныя рэакцыі ў выглядзе ўшчыльнення ў месцы ўвядзення вакцыны. Сярод прышчэпленых вакцынамі "Грыпол Плюс" (Расія) і "Інфлювак" (Нідэрланды) агульныя поствакцынальныя рэакцыі ў выглядзе нязначнага павышэння тэмпературы цела назіраліся ў сярэднім у 3 чалавек са 100 прышчэпленых. І ў 2 са 100 прышчэпленых гэтымі вакцынамі з'яўлялася ўшчыльненне ў месцы ўвядзення вакцыны. Усе ўзніклыя рэакцыі не вымагалі аказання медыцынскай дапамогі і не выклікалі ў прышчэпленых праблем з парушэннем працаздольнасці. Поствакцынальных ускладненняў ў горадзе зарэгістравана не было.

— Увядзенне любой вакцыны суправаджаецца змяненнямі ў арганізме, паколькі ў чалавека пачынае фарміравацца імунітэт, у крыві ўтвараюцца антыцелы, рыхтуюцца да сустрэчы з вірусам спецыяльныя клеткі, — тлумачыць загадчык аддзялення імуна- прафілактыкі Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ірына ГЛІНСКАЯ. — Зрэдку такія працэсы суправаджаюцца клінічнымі сімптомамі. Гэтыя сімптомы можна падзяліць на тры групы, якія маюць прынцыповыя адрозненні.

Поствакцынальныя рэакцыі — гэта змяненні ў арганізме, звязаныя з правядзеннем прышчэпак, якія адбываюцца ў рамках фізіялагічных змяненняў і не пакідаюць наступстваў для арганізма. Усе поствакцынальныя рэакцыі, як правіла, непрацяглыя (ад некалькіх гадзін да некалькіх сутак). Яны могуць закранаць або толькі месца ўвядзення вакцыны (гэта мясцовыя поствакцынальныя рэакцыі), або ўвесь арганізм (агульныя поствакцынальныя рэакцыі).

Поствакцынальныя ўскладненні — гэта змяненні ў арганізме, звязаныя з вакцынацыяй, якія адбываюцца ў рамках паталагічных змяненняў (поствакцынальныя ўскладненні ўзнікаюць надзвычай рэдка — адзін выпадак на некалькі тысяч ці нават мільёнаў зробленых прышчэпак). Сустракаюцца яшчэ і супадзенні — гэта змяненні ў арганізме, якія ўзніклі ў час ці адразу пасля правядзення той ці іншай прышчэпкі і не звязаныя з вакцынацыяй. Вельмі важна адрозніваць поствакцынальную рэакцыю ад іншых захворванняў, якія могуць супадаць па часе з праведзенай прышчэпкай, паколькі ад гэтага будзе залежаць правільнасць аказання медыцынскай дапамогі. Напрыклад, дзіцяці магла быць зроблена прышчэпка супраць грыпу, і адначасова з вакцынацыяй дзіця падхапіла нейкі рэспіраторны вірус, які выклікаў у яго павышэнне тэмпературы цела да 39 градусаў, слабасць, вяласць, пяршэнне ў горле, насмарк і гэтак далей. Не спяшайцеся абвінавачваць у хваробе "няўдалую вакцыну". Спецыялісты сцвярджаюць, што індывідуальны падыход да прызначэння і правядзення прышчэпак мінімізуе рызыку развіцця поствакцынальных рэакцый і ўскладненняў.

Надзея НІКАЛАЕВА.

←МВД приструнило предсказателей погоды

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика