Свой храм
У Баранавічах за 9 месяцаў камунальшчыкі знішчылі 827 сабак і 332 коткі,а гэта значна больш, чым летась. Пішу гэта не дзеля банальнай слязы.
Сёлета чужая котка да маёй хаты на вёсцы зноў прывяла кацянят. Напачатку, калі яна з'явілася з мышкай у зубах і мяўкала, я падумаў, што вось засталася без малых і цяпер сумуе, а інстынкт прымушае лавіць мышэй. А тут з боку аддушыны ў падмуроўцы вылазіць адно, другое... чацвёртае. Што з імі будзе? Неўзабаве зіма, і на дачы я буду рэдкім госцем. Відаць, кошка павядзе малых да свайго гаспадара...
Еду з гаража па вул. Фралянкова, абапал прыватныя хаты, а каля адной вывадак шчанят. Бегаюць па вуліцы — косці ды скура. Спынюся, падкармлю, але ўсіх не накорміш, бо калі выносіш смецце, бачыш аўчарку з падрослымі "ваўчанятамі" — круцяцца наўкол сметніка.
Праблема набалелая і вырашыць яе няпроста. Але ж у горадзе будуюцца палацы, узводзяцца храмы, а пра Бога сёння не гаворыць толькі нямы.
Еду па грыбы. У вагон зайшла група людзей — мужчына з маладзіцамі. Селі насупраць, дасталі Бібліі і тут жа наладзілася размова, бо самі пайшлі на кантакт.
— Вы, відаць пратэстанты? — пацікавіўся.
— Мы з пратэстантамі не маем нічога агульнага. Мы — сведкі Іеговы, — паведаміў мужчына.
Тэма размовы, вядома ж, рэлігійная. Мне прапаноўваюць ярка размаляваную кніжачку.
— Тут ёсць адказы на ўсе вашы пытанні.
Але я даўно перанасыціўся гэтай літаратурай і пытаюся:
— А што такое Бог? Дзе яго трэба шукаць — на небе, у храме?
— Бог паўсюдна, вось тут, сярод нас, Бог у кожнай рэчы. Божы дух вітае над Зямлёю.
У прынцыпе, добра сказана, але калі не закранаць дэталі нашага быцця.
Калі забітую суку скідваюць у магільнік і да яе падкідваюць жывых шчанят, то цяжка паверыць, што Бог прысутнічаў пры гэтым.
Прыкмеціў адзін момант. Калі звяртаеш увагу на кінутых сабак, заглядаеш ім у вочы, то адчуваеш сябе няўтульна — у псіхалагічным плане. Тут лепш было б прайсці міма бяздомнага шчанюка — падняў вочы да неба і не пазірай пад ногі. А прыпыніўся, паглядзеў — і ўжо адчуваеш сябе вінаватым.
— Усё завязана на людзях, — лічыць галоўны санітарны ўрач горада Сяргей Плескацэвіч. — Калі б насельніцтва ставілася да жывёл з большай адказнасцю, то сітуацыя была б іншай.
Безумоўна, гэта так, але ж у многіх краінах Еўропы бяздомных (і не толькі) сабак і кошак стэрылізуюць, і хоць гэта не закрывае праблему, але дае магчымасць трымаць яе пад кантролем. Пра маральна-этычны бок справы тут і казаць не даводзіцца.
Ды што плакацца над бяздомнымі сабакамі, калі ў Баранавічах з парадку дня не знятае пытанне з бяздомнымі людзьмі. На сёння ў міліцыі стаіць на ўліку 80 бяздомных, а колькі іх блукае па горадзе без рэгістрацыі — то невядома.
У гэтым месяцы ў Баранавічах была праведзена аперацыя "Бомж" і ўдалося затрымаць 16 чалавек. Яны прайшлі медыцынскі агляд, санітарную апрацоўку, супрацоўнікі Чырвонага Крыжа выдалі небаракам цёплае адзенне, пакармілі і... бяздомныя зноў апынуліся на вуліцы.
Стварыць у горадзе прытулак для бяздомных даўно пара. Гэтае пытанне пастаянна ўздымае Упраўленне ўнутраных спраў, але ж неабходна рабіць нейкія захады.
— Калі на тэрыторыі ГАУС завершыцца будаўніцтва, то будзе выдзелена памяшканне, у якім часова змогуць знаходзіцца бяздомныя. Але гэта не прытулак, — паведаў выканаўца абавязкаў начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Баранавіцкага ГАУС Павел Кульгавік.
— Каб стварыць такі прытулак, неабходна дакументацыя, грошы і, вядома ж, час.
— Павел Сяргеевіч, вось затрымалі бяздомнага без дакументаў, праверылі і выдалі пашпарт?
— Не ўсім, але некаторыя дакументы атрымліваюць, і мы рэгіструем іх.
— А праз нейкі тыдзень яны зноў без дакументаў.
— І такое бывае — гэта ж людзі пэўнай катэгорыі. Калі ў чалавека ёсць яшчэ цікавасць да жыцця, то з ім можна гаварыць, ёсць хоць маленькая надзея.
— Бяздомныя ў вас пад поўным кантролем?
— Сярод "бамжоў" таксама ёсць міграцыя, а нехта і памірае, але мы стараемся трымаць бяздомных у полі зроку.
— Наяўнасць прытулку вырашыць праблему?
— Прытулак дае магчымасць чалавеку хоць пераначаваць у цяпле, а з прыходам халадоў гэта становіцца вельмі актуальна.
Бяздомных сабак адстрэльваюць, а "бамжоў" адлоўліваюць: на вакзалах, рынках, падвалах. З года ў год гэтыя аперацыі паўтараюцца.
Праўда, маці і дачка пад Баранавічамі стварылі прытулак для сабак ("Звязда" пра іх пісала), але яны практычна засталіся з праблемамі сам насам. А дзе ж тыя, хто ў мітусні любіць успамінаць Бога?
Калі будавалі камунізм, то часта праблемам, з якімі сутыкалася насельніцтва, не надавалася дадатковай увагі. Яны падмяняліся ідэалогіяй з яе крыклівымі лозунгамі. Для савецкіх людзей узводзілі ілюзорны ўтапічны храм. А пры гэтым упусцілі самае важнае.
Каб нечага дасягнуць, неабходна, каб у чалавека была перадумова для гэтага, каб у яго быў свой маленькі храм, які трымаўся б на агульначалавечай маралі, бытавой культуры. Добра, каб і сям'я мела гэтыя каштоўнасці.
Храм узводзіцца не з купала, а з падмурка. Не памылюся, калі скажу, што мараль грамадства якраз і з'яўляецца тым падмуркам. Будзе той храм стаяць непахісна ці неўзабаве рухне, залежыць ад яе.
І ўвогуле цывілізаванае жыццё пачынаецца з прышытага гузіка, пафарбаванага плоту, накормленага сабакі, прытулку для бяздомных...
Сымон Свістуновіч.