Лясны турызм — новая "фішка" турыстычнай Беларусі
Праз два гады беларускія лясы па колькасці турыстаў змогуць абагнаць палацы, замкі і азёры. Прычым у якасці турыстычных магчымасцяў, акрамя ўжо традыцыйных "зялёных маршрутаў", разглядаюцца праграмы па лясным выжыванні і нават... аздабленне лесу навагоднімі агеньчыкамі.
— Вельмі папулярнымі плануюць быць туры па выжыванні ў лесе (умоўная назва —"Балтыйскі Маўглі"), "кіраванні гневам" (калі лес дапамагае здымаць стрэс), паходы і пікнікі, а таксама ўсё, што звязана з аздараўленнем (т.зв. "зялёны доктар" — ягады, грыбы і інш.), — гаворыць старшыня праўлення БАТ "Адпачынак у вёсцы" Валерыя Кліцунова. — Увогуле "лясных" прапаноў больш за сотню — упрыгожваць лес да Калядаў адна з іх: ідзеш па лесе, а ён зіхаціць рознымі агеньчыкамі...
Раптоўная цікавасць да лесу — не проста так. У снежні мінулага года Беларусь увайшла ў экспертную групу праекта АGОRА 2.0 "Турызм спадчыны як сродак павышэння пазнавальнасці рэгіёну Балтыйскага мора". Праект аб'ядноўвае 8 краін Еўропы, а яго галоўная мэта — развіццё турызму ў Балтыйскім рэгіёне.
У чым сутнасць праекта АGОRА?
— АGОRА 2.0 — працяг папулярнага ў Еўропе сталага праекта па турызме, — каментуе Валерыя Кліцунова. — Турызме, які заснаваны на мінімальным уздзеянні на прыроду і які прыносіць эканамічную карысць насельніцтву, якое ў гэтым рэгіёне жыве. У праект увайшлі 24 партнёры з Беларусі, Германіі, Швецыі, Фінляндыі, Даніі, Латвіі, Эстоніі і Польшчы. Праект распаўсюджваецца на краіны, якія маюць выхад у Балтыйскае мора. Беларусь туды запрасілі па той прычыне, што якасць вады ў Балтыйскім моры шмат у чым залежыць ад рэк, якія цякуць па нашай тэрыторыі — Заходняй Дзвіны і Нёмана.
Для таго, каб Балтыйскі рэгіён стаў прывабным для турыстаў, найперш яго плануюць зрабіць адным рэгіёнам. Для гэтага партнёраў праекта разбілі на 5 спецыяльных груп, кожная з якіх будзе вывучаць свой турыстычны сегмент: замкі, дзюны, валуны, готыку і лясы (прыроду).
— Задача Беларусі — распрацаваць цікавыя праекты, звязаныя з беларускім лесам, — дадае Валерыя Кліцунова. — Разам з намі аналагічныя задачы ў сваёй краіне паставіла і Латвія.
— Наша задача — маркетынг усяго рэгіёна ў цэлым, асабліва ў краінах, якія знаходзяцца далёка ад нас, — гаворыць спецыяліст камісіі па турызме Балтыйскага рэгіёну Томас Мільке. — І калі турыст заплануе паездку ў Балтыйскі рэгіён, каб ён ведаў, што тут можна паглядзець і куды для гэтага паехаць.
Днямі ў Мінску адбылася сумесная сустрэча Камісіі па турызме Балтыйскага мора і ўдзельнікаў АGОRА 2.0. У сустрэчы прыняло ўдзел 45 дэлегатаў, у ліку запрошаных гасцей — прадстаўнікі Міністэрства спорту і турызму Беларусі.
Якія плюсы для Беларусі?
Для таго, каб прыцягнуць увагу турыстаў у Беларусь, эксперты хочуць зразумець, што пра нашу краіну думаюць самі турысты.
— Для рынку мы — новая краіна. Таму адмысловае даследаванне, як заходнія турысты ўспрымаюць Беларусь, дазволіць прыдумаць пэўныя прадукты, звязаныя з рэкламай нашай прыроды, якія мы прапануем заходняму турысту, — упэўненая Валерыя Кліцунова. — Важна разумець, што ў той жа Даніі такіх лясоў няма. Таму, калі сёння вельмі цікавая і блізкая ідэя зялёных маршрутаў, заўтра да яе можна дадаць нешта яшчэ — будаўніцтва хацін ці проста назіранне за птушкамі. Але спачатку мы павінны разабрацца, што ж шукаюць турысты ў Беларусі.
Ульф Зонтаг, Інстытут даследаванняў турызму і рэкрэацыі ў Паўночнай Еўропе (Германія):
— Амаль 60 працэнтаў немцаў, як паказала статыстыка, не хочуць ехаць ва ўсходнюю Еўропу. У прыватнасці, Беларусь нямецкім турыстам пакуль што не ўспрымаецца як краіна для турызму. У Беларусі на сёння няма іміджу турыстычнай краіны. Вельмі мала немцаў ведае пра тое, што такая краіна ўвогуле ёсць. Магчыма, штосьці вядома пра Чарнобыль і вашага прэзідэнта, але каб гэта быў імідж краіны для адпачынку — такога іміджу пакуль што няма. Напачатку, верагодна, варта было б аб'яднаць культуру і прыроду Беларусі — зрабіць стаўку на гэта. Магчыма, гэта будзе рэклама сваёй адмысловай беларускай культуры, альбо якіясьці аб'екты, якія будуць прадстаўленыя ў звязцы з краінамі-суседкамі. Немцы ахвотней едуць у тыя краіны, якія яны ўжо ведаюць.
Прафесар Пшамыслаў Кулаўчук, Нацыянальны фонд культуры прадпрымальніцтва (Польшча):
— Мы працуем над арганізацыяй конкурсу "6 цудаў Балтыкі". Будзем заахвочваць да ўдзелу не толькі партнёраў АGОRА, але і іншыя актыўныя арганізацыі ў галіне турызму. Наша мэта — выбар шасці найлепшых прапаноў з пункта гледжання турызму — перш за ўсё Балтыйскага рэгіёну, у тым ліку і Беларусі. Зараз мы знаходзімся на этапе падрыхтоўкі правіл, конкурс распачнецца ў наступным годзе. Было б нядрэнна, калі б Беларусь таксама прыняла ў ім удзел. Калі яна будзе рабіць гэта сумесна з Польшчай, то зможа, напрыклад, заявіць у якасці такога аб'екта Белавежскую пушчу. Паколькі пушча ляжыць на тэрыторыі дзвюх дзяржаў, то яна мае вялікія шанцы на поспех у конкурсе. Увогуле, аб'екты будуць падзеленыя на два класы: аб'екты прыродныя і аб'екты культурныя. І калі культурных аб'ектаў у Балтыйскім рэгіёне вельмі шмат, то пра помнікі прыроды вядома вельмі мала.
Ілья ЛАПАТО.