Тэрыторыя беларускай часткі Аўгустоўскага канала ўвойдзе ў свабодную эканамічную зону
Гэта дазволіць, з улікам заканадаўча ўстаноўленых падатковых ільготаў і прэферэнцый, значна актывізаваць прыцягненне інвестыцый у будаўніцтва інфраструктуры турызму і адпачынку. Адпаведны пакет дакументаў знаходзіцца на разглядзе ва ўрадзе, паведамляе прэс-служба СЭЗ "Гроднаінвест".
Інвестыцыі будуць накіраваныя перш за ўсё на фарміраванне сучаснай турыстычнай індустрыі ў зоне Аўгустоўскага канала: будаўніцтва гатэляў і базаў адпачынку, паляпшэнне дарожнага і транспартнага забеспячэння. Пры гэтым асаблівая ўвага будзе надавацца рацыянальнаму выкарыстанню прыроднай і гісторыка-культурнай спадчыны, развіццю ўнутранага, уязнога і трансгранічнага турызму.
Рэалізацыя гэтых мерапрыемстваў зробіць беларускую частку Аўгустоўскага канала адным з вядучых цэнтраў воднага і экалагічнага турызму ў нашай краіне, прагназуюць у СЭЗ "Гроднаінвест". Мяркуецца, што ў дапаўненне да дзесяці дзейных турыстычных маршрутаў будуць адкрытыя яшчэ чатыры.
Акрамя таго, распрацоўшчыкі гэтага праекта разлічваюць, што развіццё індустрыі турызму ў раёне канала будзе стымуляваць і развіццё там галін эканомікі — сферы паслуг, сельскай гаспадаркі, транспарту, сувязі, грамадскага харчавання, а таксама стварэнне новых рабочых месцаў і добраўпарадкаванне населеных пунктаў.
Барыс ПРАКОПЧЫК.