Што ў імені тваім, Ілія!

Источник материала:  

У якім бы ўзросце ні быў чалавек, маці для яго назаўсёды застаецца самым родным, блізкім і дарагім чалавекам. У гэтым крыецца сутнасць самой прыроды, яе ці не галоўны закон. У 72-гадовай Іліі Іванаўны Мацулевіч былі дзве маці. Гэтак сталася, дакладней, здарылася. Таму што была вайна, была Асвейская трагедыя. Успаміны пра сваё маленства ў Іліі заўсёды — сапраўднае выпрабаванне. Але ад іх нікуды не дзецца, і, як крыж, іх наканавана несці па жыцці. Сваю першую — родную — маці Ілія не запомніла і нічога не ведае пра яе лёс. Пераканана, што яна загінула падчас ленінградскай блакады. Лёс разлучыў іх назаўсёды. Другую сваю маці, сваю выратавальніцу Маланню Пілецкую Ілія дагэтуль лічыць самым родным чалавекам, хоць яе ўжо амаль паўстагоддзя няма ў жывых. І ўдзячная ёй найперш, што прывіла ёй самыя высакародныя чалавечыя якасці — любіць свайго бліжняга. Хоць Малання мела чацвёра сваіх дзетак, яна гадавала і Ілію. Вайну і ранняе дзяцінства Ілія памятае толькі са слоў сваёй выратавальніцы Маланні. Але ўсё па парадку.

Бацькі Іліі паходзілі з Верхнядзвінскага раёна і ў пошуках працы яшчэ перад вайною былі завербаваныя і пераехалі ў Ленінград. Там Ілія і нарадзілася. Напачатку лета 1941 года ў горад на Няве прыехала бабуля Антунэля і забрала дзяўчынку на лета ў вёску. Неўзабаве пачалася вайна, і сустрэцца з бацькамі малой больш не давялося. З пачатку ліпеня сорак першага года да сярэдзіны ліпеня сорак чацвёртага Асвейшчына была акупаваная нямецкімі захопнікамі. Яе нездарма называлі "самай вогненнай зямлёю Беларусі". Больш чым дзе, на Асвейшчыне праводзіліся фашысцкія карныя аблавы, была спалена палова колішняга Асвейскага раёна, загінуў кожны другі яго жыхар. Падчас карных аперацый жыхары вёсак Селішча, Мікуліна, Стралкі, Кісялі, Барысава беглі хавацца ў лес і балота на Святое возера (там і дагэтуль захоўваюцца рэшткі зямлянак, даглядаюцца партызанскія могілкі). Але карнікі ладзілі аблавы на ўцекачоў, лавілі і расстрэльвалі іх у лесе, нікога не пакідаючы ў жывых. Ілія заўсёды была з бабуляй, і яе лёс залежаў толькі ад гэтай старой жанчыны. У час адной карніцкай вылазкі бабуля Антунэля ўцячы ці то не паспела, ці ўжо не мела ніякіх сілаў і засталася з дзяўчынкай у сваёй лясной схованцы, спадзеючыся толькі на волю літасцівага Бога. Калі суседзі-ўцекачы вярнуліся, убачылі бабулю забітай, а дзяўчынку — нейкім цудам ацалелай. Як завуць маленькую ленінградку, дакладна ніхто не ведаў, сама ж яна лепятала слова "ілія". У жыхаркі з вёскі Селішча Маланні Пілецкай было сваіх чацвёра — тры дзяўчынкі, малодшая з якіх — Марыя, перахварэўшы на менінгіт, была глуханямой і сын — таксама глуханямы. Дзеці Маланні ўзялі Ілію і больш ніколі не пакінулі адну, як бы цяжка ім ні даводзілася.

— Я толькі крыху памятаю, як у моцныя маразы людзі ў лесе стаялі і грэліся вакол вогнішча, — кажа Ілія Іванаўна. — Гэта мае самыя першыя жыццёвыя ўспаміны.

Звычайна, калі вяскоўцы ўцякалі ў лес, яны імкнуліся нешта неабходнае прыхапіць з сабою. Маленькая Ілія таксама бегла не з пустымі рукамі — прыціскаючы да грудзей кацяня і сваю "ленінградскую" ляльку. Але пра гэтыя выпадкі ёй ужо пасля вайны не раз нагадвала маці Малання Францаўна і яе дочкі Настасся, Таццяна і Марыя. Доўгі час Ілія не ведала, што Малання ёй — не родная маці. Аднойчы, падчас дзіцячых гульняў, калі дзеці хваляцца, чыя маці лепшая, суседскі хлопчык ашаламіў яе: ты — чужая! Ілія стралою паляцела дадому, расчыніла дзверы і з парогу Маланні: "Ты мне не родная мама?".

— Малання не стала мне нічога тлумачыць, толькі сказала: ты — самая родная ў мяне на свеце. Радней нават за Настассю, Таню, Марыю і Якава, — прыгадвае Ілія. — І я сапраўды ніколі не адчувала сябе чужою, ніхто не даваў мяне пакрыўдзіць, усё лепшае даставалася мне. Хоць сваё гора, што я — чужая, нашу у сэрцы дагэтуль.

Яе ніхто не ўдачараў, не афармляў на яе апякунства. Хоць, можа, і трэба было. Хто думаў пра гэта, пра выгоды? У Маланіным сэрцы жыла бязмежная любоў, якой хапіла б на дзясятак гэткіх, як Ілія. Дзяўчынка сапраўды была яе маленькай дачкой, нягледзячы на вялікую ўзроставую розніцу.

Калі прыйшоў час ісці ў школу, спахапіліся: колькі ж насамрэч гадоў дзяўчынцы? Узрост вызначыў доктар у райбальніцы па знешнім выглядзе — 1938-мы!

— Пасля вайны гэткіх сірот, як я, было шмат, і ўзрост нам прысвойвалі гэткім чынам. А дні нараджэння мы выбіралі сабе самі.

Ілія выбрала 10 жніўня, калі атрымлівала пашпарт. А імя Ілія ёй усё ж пакінулі, не сталі пярэчыць, хоць такога жаночага імя ў беларусаў не было. "Ілія" — гэта, бадай, усё, што засталося ёй у спадчыну ад родных бацькоў. І пазбаўляць гэтага было нельга. Як не пазбавіць чалавека жадання шукаць і думаць пра тых, хто даў табе самае каштоўнае, — жыццё. Ды яшчэ дзявочае прозвішча Дзіваноўская — засталося ёй з даваеннага несвядомага жыцця.

Шмат гадоў пазней, калі выйшла замуж, выгадавала трох сыноў, шукала і даведалася, што бацька Іван Дзіваноўскі прапаў на фронце без вестак — у верасні 44-га. Пра маці і старэйшага брата дагэтуль нічога невядома. Хутчэй за ўсё, яны сапраўды сталі ахвярамі блакады Ленінграда — ці загінулі ў час артабстрэлаў, ці былі замораныя голадам і холадам. А інакш шукалі б яе, хоць хто-небудзь.

— Як бы я хацела знайсці магілы бацькоў, каб выплакацца, каб камень з душы, — кажа Ілія Мацулевіч.

Шмат гадоў Ілія Іванаўна працавала даяркай, была сярод лепшых жывёлаводаў Асвейшчыны. Цяпер у яе чацвёра ўнукаў і нават два праўнукі. Яе выратавальнікаў ужо няма на гэтым свеце. Засталася толькі малодшая з іх — глуханямая Марыя, 1918 года нараджэння. І Ілія для яе цяпер як маці.

— Яна мяне ратавала і гадавала, цяпер мой абавязак — даглядаць яе.

Сапраўды, у самы цяжкі і небяспечны час, не разумеючы, Ілія не кінула ні кацяня, ні нават ляльку. Як кінуць сваю выратавальніцу, маючы вялікае мацярынскае сэрца?! Нават, калі ў вёсцы застануцца толькі яны двое.

На фотаздымку: Марыя Пілецкая і Ілія Мацулевіч, кошка Муся і кацяня Моня.

Анатоль Кляшчук.

в. Селішча Верхнядзвінскага раёна.

←МВД приструнило предсказателей погоды

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика