Захапленні цяжарнай перадаюцца дзецям

Источник материала:  

А ўсяго ў яе дзяцей... больш за 1000!

Самастойна зрабіць рамонт у кватэры, уцяпліць балкон ("абшыць" столь і сцены), памяняць падлогу, выканаць работы па электрыцы, зрабіць мэблю — без праблем! Ведае прыёмы каратэ (два гады заняткаў), пры гэтым шыць умее добра, выдатна кухарыць. Алкагольныя напоі наогул не ўжывае. Мае дзве вышэйшыя адукацыі. Гэта ўсё пра яе — нашу гераіню, маці шасці дзяцей, якая ўзнагароджана ордэнам Маці. Акрамя родных дзяцей, ёсць яшчэ больш за тысячу, за лёс якіх яна адказвае! Як такое можа быць? Справа ў тым, што Аксана Уладзіміраўна Васільева працуе сацыяльным педагогам у віцебскай сярэдняй школе № 44. І кантралюе, абараняе правы дзяцей у судзе і гэтак далей. Клапоціцца нават пра тых, хто ўжо не вучыцца ў школе, але яшчэ не паступіў на вучобу ў іншую ўстанову адукацыі ці не знайшоў працу — такая спецыфіка яе прафесіі. Жартуе, што, бывае, прыходзіцца амаль што не за руку ўзяць падлетка, які пасля школы так і не знайшоў сябе ў жыцці, каб адвесці ў цэнтр занятасці ці ў вучылішча... Мянушку дзеці, па яе звестках, ёй не далі, з павагай называюць Аксанай Уладзіміраўнай.

Калі я ўбачыў гэтую прыгожую жанчыну, не паверыў адразу, што менавіта яна — маці шасці дзяцей. Думаў, мо хто з радні шматдзетнай мамы. І што здзівіла падчас нашай размовы: у кватэры, дзе разам з намі знаходзілася ўся "шасцёрка" дзяцей, было вельмі ціха. Увесь час! Дарэчы, у сям'і дзве кватэры: праз сцяну на адной пляцоўцы (у адным тамбуры). Дома падчас нашай размовы былі ўсе ў адной двухпакаёвай кватэры (у суседняй тры пакоі). Адна з кухняў (у большай кватэры) — майстэрня, дзе мама шыццём займаецца, іншымі хатнімі справамі...

"Дзіця крычыць, каб яго зразумелі"

— А што тут дзіўнага, што ў нас ціха, што вас так здзіўляе? Дзіця крычыць, калі не знаходзіць разумення. Каб іх зразумелі, бывае, і прыходзіцца дзецям павышаць голас, — тлумачыць нечаканую мною цішыню Аксана. Яшчэ і па бацьку неяк не хацелася яе называць. Такая маладая! — Дзеці ў мяне розныя. І ціхія ёсць, і актыўныя вельмі. Старэйшай Ірыне літаральна праз некалькі дзён споўніцца 18 гадоў, яна вучыцца на мастака. Потым нарадзіўся Слава, якому зараз 15. Аляксею сёння споўнілася 12. Дзіму ўжо дзесяць. Дыяне — восем. Алёнцы 2 гады і чатыры месяцы.

Падчас нашай размовы высветліў, што пяць дзяцей ад першага мужа, які выкладаў на мастацка—графічным факультэце віцебскай ВНУ імя П.М. Машэрава, дзе і вучылася будучая шматдзетная мама.

Захапленні цяжарнай перадаюцца дзецям— Спачатку я вучылася на мастака. Але цягнула на псіхалогію. Перавесціся не змагла. Пасля першага дыплома пачала вучыцца на псіхолага, для душы, — расказвае Аксана. — На першым курсе, калі вучылася на мастака, выйшла за свайго выкладчыка. Розніца ў нас была ўсяго пяць гадоў. Ён быў маладым выкладчыкам... Не, шматдзетнай мамай быць не планавала.

— Напэўна, часта маляваў вас, сваю музу?

— Не, намаляваў мяне толькі раз. Так ужо атрымалася. Пасварыліся аднойчы, ды сказаў мне, што больш не будзе. Ён быў жывапісцам, партрэтыстам вельмі добрым. Яшчэ пісаў абразы, распісваў храмы, у тым ліку і ў Маскве. Займаўся і рэстаўрацыяй храмаў, у прыватнасці, Святой Еўфрасінні ў Полацку. Ён памёр, калі яму было ўсяго 36 гадоў. Ужо сем гадоў прайшло. Я і цяпер не магу паверыць у тое, што яго няма.

"Вядома, хочацца большай увагі!"

Аксана асабліва не скардзілася падчас нашай сустрэчы на нейкія фінансавыя цяжкасці. Але ж... Безумоўна, пагадзіцеся, такім сем'ям, якіх няшмат, патрэбна большая ўвага з боку ўладаў, грамадскіх арганізацый.

— Не, я больш не ў асацыяцыі шматдзетных маці. Доўга тлумачыць, чаму. Проста даходзіла да таго, што дадуць нам нейкія рэчы, цацкі, а па дакументах, у якіх прасілі распісацца, іх колькасць значна большая. Ведаю, нават дайшло да судовых спраў, — расказвае Аксана. — Што тычыцца дзяржаўных ільгот. У адрозненне ад прыёмных ці апякунскіх сем'яў такія, як нашы, асаблівых ільгот не маюць. Я павінна і працаваць, і быць мамай. А, напрыклад, маме ў прыёмнай сям'і працоўны стаж ідзе, зарплата выплачваецца. У апякунскай плацяць грошы, але стаж не ідзе... Ёсць у нас ільгота на 50 працэнтаў пры аплаце за дзіцячы садок, пры аплаце за карыстанне школьнымі падручнікамі, бясплатнае харчаванне ў школе, калі ёсць адпаведная рэкамендацыя са школы па "сацыяльных спісах"... Паколькі першы муж памёр, атрымліваю дзяржаўную пенсію па страце кармільца на кожнага з пяцярых дзяцей: па 290 тысяч рублёў. Заробак мой невялікі — крыху больш за 480 тысяч рублёў разам з прэміяльнымі. За ордэн Маці нічога не даплачваецца, толькі была аказана разавая грашовая падтрымка. У школе, калі ёсць магчымасць, перад пачаткам чарговага навучальнага года стараюцца дапамагаць. На 8 сакавіка, калі нават была ў дэкрэце, падарунак перадалі. Калі закон адпаведны не памяняецца, магу на пенсію раней пайсці на пяць гадоў...

Наконт абмежаванняў на пакупкі, падарункі дзецям. Неяк спецыяльна грошы не адкладваю. Само сабой усё атрымліваецца. Не галадаем. Зіма неўзабаве, закупілі абутак...

З цяперашнім мужам Андрэем Міхайлавічам на той час мама пяцярых дзяцей Аксана пазнаёмілася прама на рабочым месцы, калі ён працаваў у школе сацыяльным педагогам...

Дзень мамы Аксаны распачынаецца ў 6.30 раніцы. А цікава, калі заканчваецца?

— Калі мне хочацца адпачыць, хатнія клопаты на старэйшых дзецях, — расказвае пра свае будні Аксана. — Слава (яму, нагадаю, 15 гадоў — А.П.) вельмі добра кухарыць. Напэўна, гены: і мама мая добра кухарыць, як і бабуля калісьці... Печыва, ды ўсё можа прыгатаваць. А вось старэйшую не зацягнеш на кухню, затое маляваць вельмі любіць. Дарэчы, я магу ўпэўніць: чым мама актыўна займаецца падчас цяжарнасці, тое перадаецца дзецям!!! Напрыклад, калі была цяжарная Ірынай, вучылася на мастака, здавала сесію, ёй і перадаўся дар. А калі насіла Славу, дома сядзела, кухарыла шмат, шыла, лямпачкі мяняла ў кватэры, таму і вырастае чалавек з залатымі рукамі. Сын каву ў ложак прынесці можа, толькі каб мама не вельмі стамлялася і магла адпачыць. Спаць кладуся ў розны час, у залежнасці ад самаадчування, настрою. Магу і позна ноччу заснуць...

Не мог не запытаць прыгожую і стройную маму пра тое, у чым жа сакрэт яе спартыўнай фігуры. Фізкультурай займаецца? Высветлілася, што не. Нічога асаблівага не робіць, ніякіх дыетаў. У дзяцінстве займалася некалькі гадоў спартыўнай гімнастыкай і ўпэўненая, што і цяпер ёй гэта дазваляе захоўваць форму. Хоча насіць адзенне, якое насіла яшчэ да першых родаў.

На дачы бульбу не вырошчваюць

Дача ёсць, але, на здзіўленне, бульбу, моркву і гэтак далей Аксана Васільева з дзецьмі на ўчастку не вырошчваюць. А толькі кветкі, ягады. Па траўцы бегаюць дзеці, на лаўцы забаўляюцца. Дзіўна — гэта пры тым, што сям'я, мякка кажучы, не з самым багатым бюджэтам.

Як расслабляецца мама шасцярых дзяцей, бо, як адзначыла, яе арганізм алкаголь не успрымае? Можа адна з'есці торт і ведае: не патаўсцее. Цукеркі з чарэшняй любіць. Як і паглядзець добры фільм. Разам з дзецьмі з задавальненнем глядзіць і сучасныя фільмы для падлеткаў і дзяцей, і пра чалавека-павука таксама.

Ці ёсць у Аксаны знаёмыя людзі, якія "раптам" спынілі стасункі з ёй, калі дзяцей станавілася ўсё болей? — задаў і такое даволі правакацыйнае пытанне.

— Многія суграмадзяне, на жаль, шматдзетныя сем'і ўспрымаюць як: "зроблены дзеці па алкаголі", галодныя і гэтак далей. І так разважаюць, нават не ведаючы асабіста ні бацькоў, ні дзяцей, — адказвае Аксана. — Былі такія і сярод маіх знаёмых, але тыя, каго ведаю даўно, і цяпер падтрымліваюць стасункі, нягледзячы на колькасць маіх дзяцей. Ды вы ж упэўніліся ў тым, што дзеці падчас візітаў гасцей наогул не перашкаджаюць...

Адчувалася, што вялікая колькасць дзяцей дала Аксане каштоўны жыццёвы вопыт. Яна нават падказала мне, як дапамагчы майму сябру з праблемай ягонай сяброўкі. Аксана адразу зразумела сітуацыю і выдала некалькі карысных падказак. Аўра ў кватэры вельмі добрая. Пагутарыў бы яшчэ, калі б не позні час. Няхай вялікая сям'я адпачывае..

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

←МВД приструнило предсказателей погоды

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика