Добрай мэблі шмат не бывае! Выстава сведчыць

Источник материала:  

...Калі рамонт у жыллі скончаны — паклееныя новыя шпалеры, пафарбаваныя столь ці падлога, замененыя, напрыклад, кафля і дзверы — прыгадайце, пра што далей думае большасць з нас? А ці не памяняць адначасова яшчэ і мэблю? Само ж, як кажуць, просіцца. А бывае, што і без рамонту хочацца абнавіць, "асвяжыць" інтэр'ер у доме ці кватэры. Прычым такое жаданне можа ўзнікнуць практычна ў любую пару года. Але калі думкі пра набыццё мэблі наведалі вас менавіта цяпер, можам вас павіншаваць: вам пашчасціла, бо ўчора ў сталіцы адкрылася найбуйнейшая спецыялізаваная выстава-кірмаш у краіне — "Мэбля-2011". Памылкі няма: асноўнай мэтай форуму з'яўляецца заключэнне дагавораў на пастаўку прадукцыі на наступны год, а таксама дэманстрацыя найноўшых распрацовак і перспектыўных кірункаў, паказ асартыментных магчымасцяў і ўзроўню канкурэнтаздольнасці мэблевай прадукцыі. У мерапрыемстве бяруць удзел як прадпрыемствы-вытворцы, прадпрыемствы аптовага і рознічнага гандлю з Беларусі, так і краін СНД, замежныя фірмы, прадпрымальнікі. Летась, напрыклад, удзел у форуме брала больш за 190 прадпрыемстваў і фірмаў з шасці краін свету.

Выстава-кірмаш разлічаная найперш на спецыялістаў, аднак і звычайнаму пакупніку будзе цікава азнаёміцца з навінкамі. Гэта пацвердзілі першыя нецярплівыя наведнікі, сустрэтыя — зранку, на пранізлівым ветры — каля выставачнага павільёна яшчэ да адкрыцця форуму. Разам з імі вывучалі прапановы вытворцаў і журналісты "Звязды".

...Філіял "Целяханы" дзяржаўнага прадпрыемства "Беларусьгандаль" — пастаянны ўдзельнік выстаў. Нашу ўвагу ў экспазіцыі прадпрыемства найперш прыцягнуў набор садовай мэблі: стол, лаўка, крэсла. Усё з масіву сасны, апрацаванага спецыяльным саставам ад гніення, цвілі. Але галоўнае — форма. Усё пералічанае выраблена ў выглядзе... вазоў.

Добрай мэблі шмат не бывае! Выстава сведчыць— Гэта наша ўласная распрацоўка, эксперыментальная. Вырабляем набор, які кожны пакупнік можа скласці з любой колькасці прадметаў, з мінулага года. І дагэтуль ён карыстаецца ўстойлівым попытам у прыватнікаў: для аздаблення ўчастка, лецішча, лазні, — расказала нам начальнік аддзела матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння і збыту прадпрыемства Святлана МЯЛІК. — Якая цана, пытаецеся? Стол-воз каштуе 1,3 мільёна рублёў, вялікая лаўка-воз — 600 тысяч, крэсла — 390 тысяч рублёў.

Як на мой погляд, дык цэны, улічваючы адмысловую форму і тое, што садовая мэбля вырабленая з масіву сасны, прымальныя. Хоць далей суразмоўца заўважыла, што прадпрыемства збіраецца крыху адысці ад вытворчасці менавіта мэблі, дакладней, вырабляць яе толькі на заказ. "Мы і зараз на склад не працуем". Прыярытэтным стане вытворчасць дзвярэй, вокнаў. А як жа вядомыя кожнаму беларусу лыжы?

— У нас велізарныя заяўкі на іх! — смяецца ў адказ Святлана Мялік. — На сёння адгрузілі ўжо тры тысячы пар, ды на некалькі тысяч пар ужо ёсць замовы. Прычым будзем выпускаць толькі драўляныя лыжы: драўляна-пластыкавыя карысталіся трохі меншым попытам. Як бачыце, змяніўся і дызайн лыжаў: афарбоўка, колеры. Дарэчы, адпускны кошт адной пары складае ад 25 да 40 тысяч рублёў.

ААТ "Барысаўскі рамонтна-механічны завод" — адзінае прадпрыемства-вытворца ў Беларусі, ды і на абсягах СНД таксама, якое вырабляе металакаркасную мэблю (з гнутай трубы) і з выкарыстаннем артапедычнай асновы (з гнутаклеенай фанеры). Нешта падобнае прапануюць іншыя прадпрыемствы, але менавіта такога спалучэння (варта дадаць пра варыянты ўзораў дэкору, элементы штампоўкі) няма больш ні ў каго, запэўніў нас намеснік дырэктара па камерцыйных пытаннях завода Уладзімір КОВЕЛЬ.

— Мы вырабляем больш за 80 найменняў такой прадукцыі. На ўнутраным рынку працуем з амаль 190 пунктамі гандлю, так што набыць нашу мэблю спажывец можа па ўсёй краіне. Яшчэ прадукцыя ідзе ў Расію, краіны Балтыі, Казахстан. Увогуле мы ўдзельнічаем там у шматлікіх выставах: у Сочы, Ноўгарадзе, Краснадары, Растове і іншых гарадах. У месяц у замежныя краіны адгружаем металакаркаснай мэблі прыкладна на 30 тысяч долараў, — распавёў далей суразмоўца. — Ёсць пастаянныя кліенты, тавар ім падабаецца. Чым? Ведаеце, драўніна многім ужо надакучыла. А калі гаварыць пра спякотныя краіны, дык там мэбля з драўніны дадае яшчэ і нязручнасцяў, калі з-за высокіх тэмператур яе пачынае "круціць", выдзяляецца смала. А металакаркас — ён практычна вечны. Тым больш што мы прапануем сваім кліентам такую паслугу: надакучыў пакупніку праз тры-пяць гадоў колер мэблі — калі ласка, за сімвалічныя грошы нашы спецыялісты перафарбуюць яе па жаданні кліента ў любы іншы.

На форуме прадпрыемства не будзе прадаваць сваю прадукцыю, яно плануе толькі збіраць заказы. Тэрмін выканання (калі няма ўпадабанага кліентам узору на складзе) — на працягу месяца. Трэба будзе арганізуюць і дастаўку. Ну а якія цэны, зноў цікавімся мы? Высвятляецца, што, напрыклад, у розніцу невялікая канапа — даўжынёй два метры, шырынёй 90 сантыметраў — прадаецца менш за 1,1 мільёна рублёў. Крэсла (у залежнасці ад канфігурацыі і матэрыялу, выкарыстанага на аздабленне) будзе каштаваць ад 90 да 180 тысяч рублёў.

...Выставачная пляцоўка КУП "Лідская мэблевая фабрыка" сустракае не толькі выдатнай экспазіцыяй уласна мэблі, але яшчэ і чароўнымі гукамі... музыкі. Як высвятляецца, гэта калектыў "Калейдаскоп" у саставе выкладчыкаў музычнай школы з Ліды Святланы МАРОЗАВАЙ, Ірыны ЛАЙКОЎСКАЙ і выкладчыка школы мастацтваў і музычнага вучылішча Васіля СЕЧКІ. Яны прыехалі падтрымаць сваіх землякоў.

— Наша мэбля — з жывой драўніны, з душой. А душа без музыкі не грае, — тлумачыць гэтае, на першы погляд, дзіўнае супрацоўніцтва музыкаў і вытворцаў мэблі дырэктар фабрыкі Аляксандр Казлоў. — Я лічу нас нават калегамі і спадзяюся, што такое супрацоўніцтва працягнецца.

— Мы вырабляем мэблю дзвюх калекцый: з масіву сасны са штучным старэннем і з масіву бярозы — так званую класіку, — распавёў ужо пра вытворчасць намеснік дырэктара мэблевай фабрыкі Іван СНАСЦІНА. — Толькі калекцыя з элементамі старэння налічвае каля 70 найменняў прадукцыі. На тых вырабах, якія мы паказваем зараз на выставе, стала больш ручной разьбы па дрэве, тачэння. Дарэчы, колькі гадоў таму мэбля з абедзвюх калекцый ішла толькі ў Маскву, аднак потым мы пачалі пакрысе вывучаць попыт на яе на ўнутраным рынку. Цяпер сярод нашых кліентаў не толькі ўладальнікі загарадных дамоў, але і гаспадары агра- экасядзібаў. Нашай мэбляй можна абставіць паляўнічыя домікі ў лясгасах: ад вітальні да спальнага пакоя. Невыпадкова адзін са слоганаў, які мы ўжываем, гучыць так: экамэбля для экатурызму.

...Калінкавіцкая мэблевая фабрыка — адзіны ў краіне вытворца гнутаклеенай рашэцістай мэблі. Такія вырабы маюць вялікую трываласць, яны не разбухаюць і не рассыхаюцца пры перападах вільготнасці, а таксама трывалыя да механічнага ўздзеяння. Крэслы, дзякуючы акруглым формам, здольныя "змякчыць" любы інтэр'ер, зрабіць яго больш камфортным.

Але з прадстаўнікамі ЗАТ "Мазырлес" — філіяла Калінкавіцкай мэблевай фабрыкі — менеджарам Станіславам УВАРАВЫМ і юрысконсультам Дзмітрыем ШЛЫКАВЫМ мы вырашылі пагаварыць пра іншае. У прыватнасці, пра вытворчасць паліўных брыкетаў для кацельняў, якую тут засвоілі з пазалеташняга года. Цяпер штомесяц выпуск складае 60 тон. Па адпускной цане ў 150 долараў за тону паліўныя брыкеты праз аптавікоў разыходзяцца па краіне, а таксама ідуць у Бельгію. У выставах ЗАТ "Мазырлес" удзельнічае ўвесь час, спадзяецца на заключэнне дагавораў і зараз. А прапанаваць ёсць што. На прадпрыемстве набылі абсталяванне і з гэтага года пачалі прапаноўваць зрошчаныя па даўжыні і ў тарэц матэрыялы, на падставе якіх вырабляецца мэблевы шчыт, які ідзе для пакрыццяў на падлогу. Раней мэблевы шчыт выпускалі тут толькі для ўласных патрэбаў, а цяпер павялічылі аб'ёмы для ўнутранага і знешняга рынкаў.

...Карэспандэнты газеты наведалі выставачны павільён па праспекце Пераможцаў, 14. Тут былі сабраныя вядучыя прадпрыемствы канцэрна "Беллеспаперапрам". А ў павільёне па вуліцы Я.Купалы, 27 былі прадстаўлены камерцыйныя прадпрыемствы. Ахвотныя могуць наведаць абедзве экспазіцыі па 16 кастрычніка.

Сяргей РАСОЛЬКА.

←За год возбуждено шесть уголовных дел, связанных с детской порнографией

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика