Лекі ў аптэках — толькі якасныя
Міністэрства аховы здароўя Беларусі гарантуе, што ў аптэках краіны прадаюцца толькі якасныя лекавыя прэпараты. Пранікненне падробак спыняецца яшчэ на стадыі допуску да рынку. Унутры краіны выпускаюцца прэпараты для лячэння самых розных захворванняў.
У апошнія гады фармацэўтычная галіна краіны развіваецца імклівымі тэмпамі. Фактычна кожнае фармпрадпрыемства рэалізуе інвестыцыйныя і інавацыйныя праекты, запускае новыя вытворчасці фармакалагічных субстанцый і лекавых сродкаў. Доля лекавых сродкаў беларускай вытворчасці на ўнутраным рынку складае 21 працэнт у коштавым выражэнні і 55 працэнтаў у натуральным. Перавышэнне долі айчынных лекаў у натуральным выражэнні над доляй у коштавым абумоўлена тым, што цэны на беларускія лекі значна ніжэй, чым на імпартныя. Аднак ужо ў бліжэйшыя гады долю айчынных лекавых сродкаў на ўнутраным рынку ў коштавым выражэнні неабходна павялічыць як мінімум да 50 працэнтаў. Ставіцца задача і значна нарасціць аб'ёмы экспарту фармацэўтычнай прадукцыі.
Паводле слоў начальніка ўпраўлення фармацэўтычнай інспекцыі і арганізацыі лекавага забеспячэння Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Людмілы РЭУЦКАЙ, айчынныя прэпараты якасныя, эфектыўныя і бяспечныя. Што да генерычных прэпаратаў, якія вырабляюцца ўнутры краіны, то яны таксама адпавядаюць усім належным патрабаванням. Варта нагадаць, што джэнерыкі выкарыстоўваюцца сёння ва ўсім свеце і эквівалентныя арыгінальным замежным сродкам. Іншая справа, на любым фармацэўтычным рынку, у тым ліку і беларускім, павінны прысутнічаць як джэнерыкі, так і арыгінальныя лекі, што дасць нашаму спажыўцу магчымасць выбару.
Абсалютную большасць лекавых сродкаў, якія выпускаюцца ў краіне, вырабляюць прадпрыемствы канцэрна "Белбіяфарм". На прадпрыемствах канцэрна вядзецца мадэрнізацыя вытворчасці, уводзяцца ў дзеянне новыя вытворчыя ўчасткі, што дазваляе не толькі нарошчваць аб'ёмы прадукцыі, але і гарантаваць яе высокую якасць.
За чатыры гады канцэрн павялічыў гадавы аб'ём вытворчасці фармацэўтычнай прадукцыі са 121 млн долараў у 2006 годзе да амаль 186 млн у 2009-м, паведамляе намеснік старшыні канцэрна "Белбіяфарм" Сяргей ЛАЗАРАНКАЎ. Выраслі пастаўкі айчынных лекавых сродкаў на ўнутраны рынак з 70 да 112 млн долараў, наменклатура асвоеных у вытворчасці лекавых сродкаў павялічылася да 626 найменняў, у асноўныя фонды фармпрадпрыемстваў прыцягнутыя 118 млрд рублёў інвестыцый. Доля новай прадукцыі ў агульным аб'ёме вытворчасці склала 20 працэнтаў.
"Белбіяфарм" мае намер рэканструяваць прадпрыемствы, стварыць новыя вытворчасці, працаваць над зменамі асартыменту ў бок найбольш сучасных, стварыць навуковы і гандлёвы лагістычныя цэнтры.
Сёлета на ААТ "Барысаўскі завод медыцынскіх прэпаратаў" завершана рэалізацыя інвестыцыйнага праекта па распрацоўцы і ўкараненні высокаэфектыўных тэхналогій вытворчасці лекавых сродкаў у форме раствораў і парашкоў для ін'екцый і абсталявання новага пакалення. Ужо ў лістападзе плануецца запусціць новы сур'ёзны інвестыцыйны праект коштам 54 млн долараў. Свае інвестыцыйныя праекты завяршаюцца на РУП "Белмедпрэпараты", дзе таксама неўзабаве будзе запушчана новая магутная вытворчасць, і на ААТ "Нясвіжскі завод медыцынскіх прэпаратаў". Вядуцца работы па стварэнні новага фармацэўтычнага прадпрыемства ў Віцебску, па мадэрнізацыі вытворчасці на УП "Мінскінтэркапс".
Святлана БАРЫСЕНКА.