АБЗАЦ
У Мінску на ўліку ў органах сацыяльнай абароны стаіць 5798 шматдзетных сем'яў.
Мінская сярэдняя школа № 114 будзе насіць імя Сімона Балівара. Як падкрэсліў учора на ўрачыстай цырымоніі ў школе Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Венесуэлы ў Беларусі Амерыка Дыяс Нуньес, гэта будзе садзейнічаць умацаванню дружбы паміж дзвюма краінамі. На ўрачыстай цырымоніі адбылося таксама адкрыццё бюста Сімона Балівара, аўтарам і выканаўцам якога стаў беларускі скульптар Спартак Аруцюнян, перадае БЕЛТА.
Вучаніца 9 класа адной з мінскіх школ загінула, упаўшы з 19-га паверха. Трагедыя адбылася ўвечары 11 кастрычніка. Дзяўчынка 1995 г.н. выкінулася з агульнага балкона жылога дома па вуліцы Матусевіча. Праверку па факце праводзіць пракуратура.
Жыхар Брэста спрабаваў незаконна ўвезці партыю мяса ў Беларусь з Польшчы, схаваўшы яе ў бензабаку свайго аўтамабіля. Брэсцкія памежнікі канфіскавалі ў мужчыны 60 кг вэнджанага мяса ў пункце пропуску "Дамачава" 11 кастрычніка. Мяса было ацэненае ў Br900 тыс. Да рашэння суда затрыманы і аўтамабіль, кошт якога складае Br6 млн.
Мінчанін 1987 г.н. павесіўся на балконе сваёй кватэры на вуліцы Герасіменкі. Прычым у гэты час дома знаходзіліся яго маці і сястра. Вядзецца следства.
Расонскі і Шумілінскі раёны першымі на Віцебшчыне пералічылі свой гужавы транспарт. Рэгістрацыя такога транспарту праводзіцца ў рэгіёне са жніўня. За гэты час на ўлік пастаўлена каля 2,1 тыс. вазкоў і калёсаў, 1682 з якіх належаць прыватным уладальнікам і амаль 380 — гаспадаркам і сельгаспрадпрыемствам. Усе яны перад рэгістрацыяй прайшлі тэхагляд і атрымалі нумарныя знакі. Праводзіцца працэдура бясплатна ў мэтах забеспячэння бяспекі дарожнага руху. Праходзіць яе абавязаныя толькі вазкі, якія эксплуатуюцца на дарогах агульнага карыстання. У Расонскім і Шумілінскім раёнах налічана 37 і 60 вазкоў адпаведна. ПОЎНЫ АБЗАЦ Падлетак пакінуў родную школу без агароджы. Кур'ёз адбыўся ў Чалябінску (Расія) 11 кастрычніка. Сярод белага дня 11-класнік скраў з тэрыторыі школы, у якой вучыцца, частку металічнай агароджы. Сума ўрону склала 1500 рублёў. Аднак здаць на металалом скрадзенае школьнік не паспеў — зладзюжку затрымалі па "гарачых слядах". Скрадзенае забралі. Заведзеная крымінальная справа, падлетку пагражае да 2 гадоў пазбаўлення волі.