Мінздароўя: На фармрынку Беларусі няма фальсіфікаваных лекавых сродкаў

Источник материала:  
12.10.2010 15:47 — Новости Общества
На фармрынку Беларусі няма фальсіфікаваных лекавых сродкаў, заявіла начальнік упраўлення фармацэўтычнай інспекцыі і арганізацыі лекавага забеспячэння Міністэрства аховы здароўя Людміла Равуцкая 12 кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

«У нас абсалютна выключана сітуацыя допуску няякаснай прадукцыі, таму што ўсе лекавыя сродкі, якія зарэгістраваны ў краіне, абавязкова праходзяць кантроль якасці для допуску на рынак», — сказала яна.

Паводле слоў спецыяліста, прэпараты паступаюць па прамых кантрактах ад вытворцаў або іх афіцыйных дыстрыб’ютараў, а да паступлення ў аптэчную сетку праходзяць кантроль якасці ў акрэдытаваных Міністэрствам аховы здароўя лабараторыях. Тут таксама праводзіцца поўны комплекс выпрабаванняў. Праверка лекаў вядзецца на стадыі рэгістрацыі і пры паступленні на рынак.

Як паведаміла Равуцкая, сёлета было праверана больш за 70 тысяч партый лекавых сродкаў. Прынята 105 рашэнняў аб канфіскацыі медыкаментаў, у асноўным на стадыі допуску да рынку. З іх 10 адносіліся да прадукцыі расійскіх вытворцаў, 12 — украінскіх, 13 — беларускіх. Равуцкая адзначыла, што ў абсалютных лічбах паказчык канфіскацыі беларускай прадукцыі вышэйшы, таму што значная яе частка на фармрынку: у дзяржаўнай аптэчнай сетцы айчынныя лекавыя сродкі займаюць да 30% прадукцыі.

Адказваючы на пытанне, ці не будзе беларускі фармрынак адчуваць небяспеку пранікнення фальсіфікаваных лекаў з Расіі ў сувязі з уваходжаннем Беларусі ў Мытны саюз, Равуцкая падкрэсліла, што аб узаемным прызнанні рэгістрацыі пакуль гаворка не ідзе.

«Уваходжанне ў Мытны саюз, — сказала яна, — не азначае аўтаматычнага прызнання зарэгістраваных у Расіі ці Казахстане лекавых сродкаў». Зараз у кожнай з краін — членаў Мытнага саюза дзейнічае ўласная сістэма рэгістрацыі і кантролю якасці медпрэпаратаў. «Мы будзем імкнуцца да таго, каб у нас была адзіная сістэма рэгістрацыі лекаў па аналогіі з краінамі ЕС», — заявіла Равуцкая.

Падзяліцца навіной: 
Алена Спасюк, БелаПАН

←Одному из самых больших лайнеров в мире присвоено имя «Королева Елизавета»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика