Прыгожы край з адсталай інфраструктурай і цікавай перспектывай

Источник материала:  

У "Звяздзе" 1 і 2 верасня г.г. былі апублікаваныя два артыкулы: "Сціплыя дары Нарачы" і "Раён курортнага значэння". Яны пра сённяшні няпросты стан Нарачанскага рэгіёна як месца для масавага адпачынку, пра яго перспектывы развіцця як курорта міжнароднага ўзроўню. А менавіта так ставіцца задача на бліжэйшыя пяць гадоў у нядаўна зацверджанай кіраўніком дзяржавы "Праграмы развіцця Нарачанскага рэгіёна на 2011-2015 гады". У гэтых мэтах будуць задзейнічаныя не толькі Нарач, але іншыя азёры і маляўнічыя куткі рэгіёна — так званыя транзітныя населеныя пункты, праз якія мінаюць ці будуць мінаць турыстычныя маршруты. Публікацыі былі накіраваныя на рэагаванне, рэдакцыя атрымала адказы.

"Праблемы бачым, працуем над іх вырашэннем"

Прыкладна так коратка можна сфармуляваць змест ліста генеральнага дырэктара Нацыянальнага парку "Нарачанскі" В. Каржова ў "Звязду". Ён, у прыватнасці, піша, што сёлета з-за анамальна спякотнага надвор'я стала больш складана займацца арганізацыяй адпачынку людзей, лік якіх у пікавыя дні ішоў на многія тысячы. Тым не менш, паведамляе В. Каржоў, на 16 абсталяваных і добраўпарадкаваных турыстычных стаянках і тэрыторыі кемпінгу "Нарач" сёлета з камфортам адпачылі больш за 23 тысячы чалавек. У той жа час супрацоўнікам службы аховы Нацыянальнага парку і яго адміністрацыі даводзілася супрацьстаяць шматлікім парушэнням знаходжання на ўзбярэжжы возера так званых "дзікіх" турыстаў, змагацца з парушэннямі правілаў рыбнай лоўлі, незаконным усталяваннем палатак, развядзеннем вогнішчаў, уезду на аўтамабілях непасрэдна на прыбярэжную паласу вадаёмаў, знішчэння там дрэў і кустоўя. З гэтай нагоды да адміністрацыйнай адказнасці быў прыцягнуты 231 чалавек.

На погляд В. Каржова, рэалізацыя "Праграмы развіцця Нарачанскага рэгіёна на 2011-2015 гады", якая распрацаваная з улікам навукова абгрунтаванага вырашэння пытанняў аховы прыроды, вядзення курортна-рэкрэацыйнай дзейнасці, сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна, дазволіць прыцягнуць значныя інвестыцыі і тым самым вырашыць многія ўзнятыя "Звяздой" праблемы.

Нарачанскаму рыбазаводу быць!?

У артыкулах "Звязды", у прыватнасці, ішла размова пра тое, што ў выніку няўдалага кіраўніцтва ў постсавецкі перыяд, безадказнасці і безгаспадарчасці, Нарачанскі рыбазавод быў даведзены да велізарных даўгоў і банкруцтва. Але ёсць усе шанцы спадзявацца на тое, што неўзабаве "блакітная ніва" рэгіёна нарэшце дачакаецца свайго дбайнага гаспадара і зноў нарачанскія рыбакі пачнуць тут лавіць рыбу ў былых аб'ёмах, яна стане даступнай для адпачывальнікаў у разгар сезона. Патэнцыял азёр Мядзельскага раёна, нягледзячы на драматычныя падзеі вакол рыбазавода, яшчэ застаецца вялікім. Спецыялісты сцвярджаюць, што яшчэ далёка не ўсё страчана.

Адказ генеральнага дырэктара Нацыянальнага парку "Нарачанскі" В. Каржова ўсяляе надзею, што азёрны край зноў будзе з рыбай. Так В. Каржоў, праўда, з асцярожнасцю, паведамляе пра тое, што зараз разглядаецца магчымасць аднаўлення перапрацоўкі рыбы і выпуску фірменнай рыбнай прадукцыі на базе згоднага прадпрыемства з удзелам адной беларускай кампаніі. Як вынікае з адказу, гэтая прадукцыя будзе вырабляцца як з мясцовай рыбы, вылаўленай у Нарачанскім рэгіёне, так і прывазной марской рыбы.

Такую інфармацыю (яна, безумоўна, абнадзейвае) пра верагоднае адраджэнне некалі славутага рыбазавода мы з задавальненнем паведамляем тысячам прыхільнікаў адпачынку на Нарачы.

Возера Белае — нясмелае

Цікавы і даволі разгорнуты адказ рэдакцыя атрымала ад Мядзельскага райвыканкама за подпісам яго старшыні А. Даніленкі. Ён паведамляе пра тое, што яшчэ ў маі г. г. спецыяльным рашэннем райвыканкама было вызначана 33 месцы для масавага адпачынку на азёрах раёна, для 15 турысцкіх стаянак, 5 месцаў стацыянарнага адпачынку.

Быццам бы лічбы салідныя, але ўсё роўна ў разгар сезона часам няма дзе турысту прытуліцца. У публікацыях "Звязды" ішла размова пра возера Белае — вельмі папулярнае сярод адпачывальнікаў, але непрыстасаванае для цывілізаванага адпачынку. Згодна з адказам А. Даніленкі, пытанне пра добраўпарадкаванне Белага разглядалася на раённым і абласным узроўнях, аднак так і не ўдалося вызначыць свабоднае месца каля берага пад будаўніцтва дадатковай аўтастаянкі на 50 машын. Шкада, хоць на наш погляд, такое месца можна было б знайсці.

Нарач — новы твар і змест

У Мядзельскім райвыканкаме звязваюць вялікія надзеі, як вынікае з ліста яго старшыні, з рэалізацыяй дзяржаўнай "Праграмы развіцця Нарачанскага рэгіёна на 2011-2015 гады", прыцягненне пад яе праекты прыватных інвестыцый, дазволіць зняць шмат узнятых у "Звяздзе" праблем. Адначасова з развіццём эканомікі раёна, турыстычнай інфраструктуры, ашчаднага і эфектыўнага выкарыстання багатых прыродных рэсурсаў намечана істотна змяніць знешні выгляд курортнага пасёлка Нарач. Стаўка будзе зробленая на стварэнне сучаснай адзінай стылістыкі гэтага, безумоўна, прыгожага населенага пункта. З гэтай нагоды, у прыватнасці, мяркуецца правесці ландшафтныя, дэкаратыўна-мастацкія работы, усталяванне малых архітэктурных формаў, адкрыццё малых экспазіцыйных аранжарэй, ландшафтных кампазіцый тыпу "Зімовы сад" з выкарыстаннем экзатычных трапічных і субтрапічных відаў раслін. Каб адпачываць і лячыцца на Нарачы было прыемным заняткам, хутка распачнецца рэканструкцыя аднайменнай гасцініцы, абсталяванне пляжных зон, будаўніцтва сафары-парку, шматфункцыянальнага забаўляльнага комплексу на вадзе, адкрыццё салона-магазіна па продажы сувеніраў — вырабаў мясцовых рамеснікаў, лыжна-ролернай трасы з начным асвятленнем. У Мядзельскім райвыканкаме спадзяюцца, што ажыццяўленне гэтых планаў дазволіць значна пашырыць асартымент турыстычных паслуг і тым самым істотна зменшыць узровень уплыву фактару сезоннасці на Нарачанскі курорт, каб тут ахвотна адпачывалі і ранняй вясной, і зімой, і позняй восенню.

З'явяцца турыстычныя вёскі

Аднак узнікае пытанне: чым яшчэ заняць прыехаўшых сюды не ў сезон людзей? Ужо распрацавана 30 турысцка-экскурсійных маршрутаў, у тым ліку і з актыўнымі відамі руху. У Мядзельскім раёне зарэгістравана 7 турыстычных прадпрыемстваў, якія гатовыя аказваць разнастайныя паслугі. Напрыклад, наведванне разлічаных на прыём турыстычнымі групамі вёсак, якія будуць створаныя на базе населеных пунктаў, што ўжо існуюць. Там мяркуецца размясціць майстэрні мастакоў, рэзчыкаў па дрэве, майстроў па пляценні лазы і г. д.

Пра магістраль і мясцовую кухню

Улічваючы, што Мядзельскі раён багаты на азёры, асаблівая ўвага будзе нададзеная развіццю аматарскай рыбнай лоўлі і палявання, стварэнню неабходнай для гэтага матэрыяльнай базы. Увогуле, каб людзі паехалі на Нарач і іншыя маляўнічыя мясціны рэгіёна ў масавым парадку, трэба яшчэ забяспечыць і іх транспартную дасягальнасць. Таму на парадку дня пытанне пра стварэнне сучаснай аўтамабільнай магістралі, "зялёнага" калідору для замежных заможных турыстаў.

Каб значна — у разы — павялічыць прыём турыстаў, не абысціся без прывядзення ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў поўным сэнсе слова аб'ектаў гандлю, грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання. Яны павінны стаць зручнымі і прыемнымі для наведвальнікаў. Для гэтага ў раёне ставіцца задача шляхам будаўніцтва новых, рэканструкцыі ці перапрафілявання былых аб'ектаў гандлю, грамадскага харчавання, а таксама набліжэння дробнага рознічнага гандлю да месцаў масавага адпачынку, адкрыцця там новых кафэ ў вясенне-летні перыяд, развіцця прыдарожнага сэрвісу істотна павысіць турыстычную прывабнасць Нарачанскага рэгіёна.

Ад рэдакцыі.

"Звязда" бярэ "на кантроль" ход выканання Праграмы развіцця Нарачанскага рэгіёна, будзе сачыць за тым, як агульнымі намаганнямі Нацыянальнага парку "Нарачанскі", аблвыканкама і Мядзельскага райвыканкама пачнецца ператварэнне рэгіёна ў суцэльную курортна-турыстычную зону еўрапейскага ўзроўню.

Леанід Лахманенка.

←Американец получит миллион долларов за «стриптиз» перед Обамой

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика