Трэцяй сусветнай не будзе!

Источник материала:  

"Абвінавачваецца шматдзетная сям'я"

(24 жніўня 2010 года)

(Працяг. Пачатак палемікі ў нумары за 14 верасня.)

Як Вы ставіцеся да шматдзетных? А чаму, увогуле, такія сем'і павінны выклікаць нейкія асаблівыя адносіны?...

  Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.

@

Наконт стэрылізацыі алкагалічак. Трэба перастаць спойваць народ. Заадно і многія пытанні знімуцца са здароўем і фінансамі. У Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця збіраліся "да 2010 г. скараціць узровень спажывання абсалютнага алкаголю на душу насельніцтва з 10 да 8 літраў". Па звестках Сусветнай арганізацыі аховы здароўя спажыванне 8 літраў на душу насельніцтва вядзе да згасання этнасу.

Трохі "нудных" лічбаў. "За апошнія 20 гадоў" насельніцтва Расіі паменшылася недзе на 5 млн чалавек (-3,5 % усяго насельніцтва). Насельніцтва ЗША павялічылася недзе на 70 млн (+30 %). Насельніцтва Кітая павялічылася на 300 млн (+30 %). Насельніцтва краін Заходняй Еўропы ў сярэднім павялічылася на 3—10 %.

Пануюць "планаванне сям'і" (аборты, кантрацэпцыя), "сэксуальная рэвалюцыя", паніжэнне натуральнага імунітэту дзяцей татальнай вакцынацыяй, палегчаная дасягальнасць алкаголю і праца з грамадскай думкай наконт шматдзетнасці. Трэцяй сусветнай не будзе.

Грошай жа чалавеку па жыцці не будзе хапаць. Гавораць, што ён так зроблены. Нехта сказаў, што багаты не той, у каго шмат грошай, а той, каму іх хапае. "Дзеці — свята, якое пакуль з вамі". Гэта вы думаеце, што выбіраеце. Насамрэч яны выбіраюць вас. І яшчэ не кожнаму гэта дадзена. Так што, думаю, што колькасць дзяцей у сям'і ўсё ж своеасаблівы паказчык. Меркаванне аб непаўнацэннасці шматдзетных — паказчык хваробы грамадства.

І рэшта.

У 1994 г. у нас было 1 515 270 школьнікаў. У 2007 г. іх стала 1 105 385 — менш амаль на траціну. У Беларусі зачыняюць школы, а першакласнікаў шукаюць з ліхтарыкам. Удумайцеся ў тое, што напісана вышэй.

Брат.

@

Дзіўна, пэўна, нараджаць двух-трох дзяцей таму, што шмат маладых гіне. Атрымліваецца, што нараджаць трэба для сябе — каб калі што, то лягчэй было перанесці страту. Дзікунства, калі падумаць. І потым, уявіце сабе, як другому дзіцяці ведаць, што яно — запасны як бы варыянт. Цынічна да жаху.

Да таго ж гэта не заўсёды спрацоўвае. Ведала жанчыну, у якой было двое дзяцей, сын яе піў і памёр яшчэ маладым, а дачка — разумніца. Дык яна смерць сына не перажыла. Памерла праз пару гадоў пасля яго, а ўсе гэтыя гады плакала, не перастаючы, у яе нават вочы захварэлі ад слёз.

Наконт спадчыны на 100 працэнтаў. Я вам скажу так: мусіць, ёсць у гэтым праўда. Ва ўсякім разе, калі дзіця пытае бацькоў, чаму ў яго няма ні брата, ні сястры, бацькі часта адказваюць: няўжо табе дрэнна аднаму, мы цябе АДНАГО любім, ні ў чым табе не адмаўляем, усё, што купляем, дастаецца табе цалкам, дзяліцца не трэба. Калі дзіця, якое звыклася ўжо, што ўсё належыць толькі яму і ні з кім дзяліцца не трэба, вырастае, яно працягвае як мае быць прымаць і тое, што бацькі яго, па сутнасці, утрымліваюць да сваёй глыбокай старасці. Калі не да канца жыцця.

Усё гэта добра, зручна, прыемна. Але я, як адзінае дзіця ў сям'і, скажу вам, мела рацыю і НАСТА, калі пісала (гл. "Звязду" за 25 жніўня — "Зв".):

"...мае бацькі не апекаваліся мной занадта, як гэта часта бывае ў малых сем'ях. Яны дазвалялі мне ісці сваёй дарогай, часта таму, што ў іх было яшчэ двое, і іх вольны час дзяліўся на тры. Такой увагі мне хапае для таго, каб не пачуваць сябе адзінокай, але і мець пэўную свабоду".

Дадам толькі, што мае бацькі сапраўды задужа мяне апякаюць усё маё жыццё. Гэта і добра, і дрэнна, таму што яны СТРАШНА за мяне баяцца, і гэты страх не дае ім і мне спакою. Да таго ж цяпер, калі маім бацькам за 60, яны думаюць пра тое, што мне без іх будзе ВЕЛЬМІ цяжка і адзінока: у іх саміх ёсць сёстры, браты, а ў мяне — нікога, толькі яны. І вось цяпер яны шкадуюць, што раней пра гэта не падумалі.

Бо любоў — гэта калі думаеш яшчэ і пра тое, як будзе чалавеку без цябе. Яны цяпер дакладна ведаюць, што мне без іх будзе горш, чым ім без іх бацькоў. Усё, нічога з гэтым не зробіш. Позна. Вось і не супакоіш сябе тым, што спадчына, 100 працэнтаў яе, дастанецца аднаму любаму дзіцяці.

Спадчынай усё ў жыцці не заменіш. Не будзе з кім пра бацькоў нават пагаварыць, паўспамінаць, паплакаць... Адзінота. Вось што чакае адзіных дзяцей у сям'і. І муж, і ўласныя дзеці (я ўжо не кажу пра сяброў і далёкіх сваякоў) не падзеляць з табой твае пачуцці, тваю журбу, не зразумеюць цябе так, як бы ты гэтага хацеў. Як зразумеў бы цябе брат або сястра.

Магчыма. Я так мяркую. Бачу толькі, што мама мая зараз сутаргава спрабуе зблізіць мяне з маімі стрыечнымі сёстрамі, але з гэтага нічога не выходзіць — у тых сваё жыццё.

Mаmаbluе.

@

Прашу заўважыць, я падкрэсліў, што варыянт з другім або трэцім дзіцем — гэта калі падыходзіць прагматычна.

Мы ўсе дзелімся на прагматыкаў і ідэалістаў.

Тыя бацькі, якія гадуюць адно дзіця, каб потым не дзяліць спадчыну — адназначна прагматыкі. Дык вось гэта для іх і напісана. Можна страціць сваё адзінае дзіця, і спадчыну аддаваць будзе проста няма каму. Бо жаба задушыць.

А для ідэалістаў усё астатняе. І тое, што пры наяўнасці братоў і сясцёр у дзіцяці менш шансаў стаць эгаістам, і тое, што ў будучыні гэта дапаможа яму пазбегнуць адзіноты, і тое, што гэта ратуе нашую нацыю ад знішчэння. Увогуле, кожны знойдзе, што сказаць на карысць шматдзетных сем'яў.

А лічбы, што прывёў Брат, палохаюць. Толькі вось каму іх паказаць, каб тыя людзі сапраўды пра гэта задумаліся?

Назіральнік.

@

Шматдзетная сям'я — гэта выдатна. Але хацелася б, каб з боку дзяржавы была добрая падтрымка. Бо дзяржава моцная сваімі грамадзянамі.

І трэба тэрмінова спыняць спойваць народ танным віном. Нядаўна даведалася: у адной краме ў аграгарадку за тыдзень рэалізуецца 100 скрыняў віна, у кожнай скрыні — 20 бутэлек. Няўжо можа быць здаровая нацыя і мусяць нараджацца здаровыя дзеці пры ўжыванні такой колькасці алкаголю? Ці алкаголь вельмі спрыяльна дзейнічае на арганізм?

Трэба, каб бутэлька гарэлкі каштавала, як 1 кг добрай каўбасы, а каўбаса — як цяпер гарэлка.

Воля.

"Хай нас будзе мала, затое будзем элітныя"

@

Я не думаю, што ў звычайнай працоўнай сям'і можна ў нашы час выгадаваць нармальных дзяцей, КАЛІ ІХ БОЛЬШ за два-тры...

Зараз сяджу, узгадваю ўсе знаёмыя шматдзетныя сем'і: дзеці неразвітыя, мамкі ад стомы выглядаюць, як бабкі-ёжкі. У садок з маім сынам хадзіў хлопчык (чацвёртае дзіця ў сям'і). У яго маці ў 35 гадоў не было ніводнага зуба. А яе дзіця ў майго булачкі і хлеб выдзірала з рук і ў рот сабе запіхвала, таму што галоднае было...

Зараз у двары яшчэ бегаюць чатыры гарэзы іншай гора-мамашы. Там поўны букет — вошы, глісты, дзіця ў шэсць гадоў выглядае на чатыры і па развіцці, і вонкава. Дзеці з паўтара года самі па сабе па вуліцы ходзяць...

Я не хачу, каб БЕЛАРУСЫ былі такімі... Хай нас будзе мала, затое будзем элітныя, разумныя, прыгожыя.

Алена.

@

Баюся вас расчараваць, але калі нас будзе мала, то гэта яшчэ зусім не значыць, што мы ўсе будзем элітныя.

Законы эканомікі няўмольныя. Усе матэрыяльныя каштоўнасці, дзякуючы якім можа існаваць эліта, ствараюцца звычайнымі і далёка не самымі элітнымі працаўнікамі. Як гаварыў шаноўны Ніцшэ: "Народ — гэта кружны шлях прыроды да некалькіх таленавітых людзей".

А далей — чыстая матэматыка. Чым больш працоўных, тым больш эліты яны могуць накарміць. І наадварот. Калі мы ўсё захочам стаць элітай, то карміць нас не будзе каму, і тады эліце прыйдзецца карміць сябе самой. Але тады гэта ўжо будзе не эліта.

Або на ролю працоўных прыйдзецца запрашаць гастарбайтараў. Але зазірніце ў наш дзяржбюджэт. Не думаю, што ён пацягне выплаты ўсім гастарбайтарам, каб тыя забяспечылі нас, калі мы ўсе станем элітай.

Так што, давядзецца абыходзіцца сваімі сіламі. І калі хочам, каб у нас было больш эліты, значыць, трэба падбаць, каб было пабольш і тых, хто яе карміць будзе.

Значыць, усё ж прыйдзецца самім нараджаць гэтыя працоўныя рукі. Іншая справа, што выгадаваць дзяцей вельмі цяжка. І тут я далучаюся да Лёшкі і Волі.

Можа, надышоў час і без таго невялікія бюджэтныя грошы накіроўваць у... бюджэтную сферу — шматдзетным сем'ям, у... адукацыю і медыцыну, каб, калі яны сапраўды знаходзяцца на балансе дзяржавы, дзяржава іх і аплочвала...

І тое ж самае з "чарнілам", пра якое гаварыла Воля. Аднойчы прыйшлося часова падпрацоўваць грузчыкам. Дык вось, ледзь не палова ад усіх прадуктаў, якія адгружаліся, складала менавіта "чарніла".

Я яшчэ зразумеў бы, калі б усе нашы лікёра-гарэлачныя заводы належалі прыватнікам, тады ім было б усё роўна, што прадаваць, абы прыбытак большы...

Назіральнік.

"Жыццё становіцца такое, што дзіця зусім у ім лішняе"

@

У майго прадзеда 1869 года нараджэння было сямёра дзяцей: чатыры сыны і тры дачкі. Усё вельмі дружныя і выхаваныя. Жылі нябедна (мяркую па абразе, які дастаўся ў спадчыну — вялікі, напісаны алеем на дошцы, у прыгожым металічным акладзе). Прадзед працаваў спачатку рабочым на чыгунцы, потым сакратаром у воласці. Памёр ад расцяжэння лёгкіх (што гэта — не ведаю, думаю, з-за цяжкай фізічнай працы — па хатняй гаспадарцы).

У дзеда 1912 года нараджэння было трое дзяцей, яго сям'я шматдзетнай ніколі не лічылася. Ад дзяржавы ніякай дапамогі не было, да таго ж бабуля нядоўга працавала — цяжка захварэла гадоў у 40 (анкалогія), пражыла да 80. Жылося ім нялёгка: ежы хапала, але вось з адзежай мама памятае розныя не тое што цяжкасці, хутчэй — падзеі. Набылі кофту кітайскую! Паліто, пральную машынку!

У дзеда нарадзілася трое ўнучак і сем праўнукаў...

Сапраўды, дзіўна, што сем'і з трыма дзецьмі называюць шматдзетнымі. Трое — гэта няшмат. Проста цяпер і на аднога маладыя пары до-о-ўга не рашаюцца: хочацца пажыць для сябе, паездзіць па свеце, займець кватэру, машыну, зрабіць рамонт...

Жыццё становіцца такое, што дзіця зусім у ім лішняе: лішнія клопаты, выдаткі, турботы... А стрэсу ж і так хапае: крэдыт выплочваць трэба, на працы непрыемнасці, машыну падрапалі...

Цяжка ўвогуле жыць нам. Вось мы і робім выбар. Кожны дзень. І кожную ноч. На карысць спакою, дастатку, самарэалізацыі... Толькі чамусьці так і не дасягаем ні задавальнення, ні шчасця. Усе шукаем, шукаем: Турцыя, Егіпет, Іспанія, другая праца, кар'ера, кватэра, летнік, катэдж, машына, машына навейшая... І чаго яшчэ бракуе? На пытанне: "Як жыццё?" грэх адказваць: "Няважна". Ды вось толькі ўсё не знаходзім чагосьці важнага. І ўсё цяжэй і цяжэй з кожным днём рашыцца на дзіця: першае, другое або трэцяе...

Кожны робіць выбар сам і думае ў гэтую хвіліну не пра беларусаў як нацыю, не пра сябе нават у старасці, а пра сябе ў гэтую хвіліну: ці гатовы ты раптам замест плюса на мінус. Мінус час, мінус здароўе, мінус грошы, сон, спакой, мінус дарагія шпалеры, новы яшчэ ноўтбук, бездакорная чысціня ў салоне аўтамабіля, заўсёды гатовы сняданак, вольныя вечары, салярый і масажыстка... Нарэшце, мінус здаровыя зубы, дагледжаныя валасы і пазногці, пругкі бюст, тонкая талія, прыгожыя ногі...

І не факт жа, што за ўсё гэта ты ў канцы жыцця атрымаеш гарантаваную шклянку вады...

Mаmаbluе.

←Американец получит миллион долларов за «стриптиз» перед Обамой

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика