Апошняя надзея

Источник материала:  

Так лічаць многія з тых, хто звяртаецца ў Камітэт дзяржаўнага кантролю

У Камітэце дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласцінеабавязкова звярацца з "прыёмным" графікам старшыні і ягоных намеснікаў. Прымаюць штодзённа, з панядзелка па пятніцу. І, як пераканаўся карэспандэнт "Звязды", "падзяжурыўшы" на прыёме грамадзян разам з начальнікам упраўлення кантролю спажывецкага рынку і сферы паслуг Андрэем ПАВЯДАЙКАМ і ягоным намеснікам Аляксандрам СКРАБЦОМ, нікому не адмаўляюць. Хоць, як падалося, з некаторымі пытаннямі больш лагічна было б разабрацца ў іншых інстанцыях.

 

Першай у той дзень у Камітэт дзяржкантролю Гродзенскай вобласці звярнулася жанчына, якая працуе вахцёрам — вартаўніком на адным з гродзенскіх прадпрыемстваў. Адміністрацыя ўстанавіла ёй абедзенны перапынак працягласцю дзве гадзіны, матывуючы рабочым графікам і тым, каб не перавышалася норма адпрацаванага часу. Жанчыне такое рашэнне не спадабалася, і яна цікавіцца: ці правамерна гэта? Аляксандр Скрабец — не спецыяліст "шырокага" профілю, і яму быў патрэбен час, каб азнаёміцца з працоўным заканадаўствам. І таму ўжо праз гадзіну, жанчына, патэлефанаваўшы Аляксандру Цімафеевічу, магла даведацца, што падстаў для аспрэчвання дзеянняў кіраўніцтва прадпрыемства няма, свае службовыя абавязкі ім не парушаныя.

Чаго не скажаш пра наступную сітуацыю, таксама ў абласным цэнтры. З пісьмом да старшыні Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці Сяргея Раўнейкі звярнулася жанчына з Гродна, якая пражывае ў адным з дамоў па бульвары імя Ленінскага камсамола: "Цячэ па стыках усіх сценаў у зале і на кухні". Праблема даўняя. Спачатку Галіна Акімава напісала заяву ў ЖЭС — там яе рэгістраваць адмовіліся. Звярнулася "вышэй", і яшчэ ў лістападзе 2008 года з УЖРЭП Ленінскага раёна ёй пісьмова паабяцалі, што адрамантуюць стыкі знадворных сценавых панэляў. І сапраўды, прыйшлі спецыялісты. Праўда, напрыканцы рамонту паведамілі гаспадыні, што ад гэтага... усё роўна не будзе карысці. Так і атрымалася. Стала яшчэ горш: сцены літаральна пачарнелі ад сырасці, непрыемна пахне, у шафе нельга захоўваць адзенне...

Камітэт дзяржкантролю, безумоўна, возьме на кантроль вырашэнне гэтай праблемы. А таксама, напэўна, пацікавіцца, колькі бюджэтных грошай затрачана на рамонт, загадзя ведаючы, што ад яго не будзе толку?" Навошта тады ўвогуле браліся за працу? І што трэба было зрабіць, каб яна дала плён?

Сфера паслуг, і не толькі жыллёва-камунальных, мяркуючы па зваротах у Камітэт дзяржкантролю, часта па-ранейшаму далёкая ад цывілізаваных нормаў узаемаадносін са спажыўцамі. Увогуле бачаць не кліента — як партнёра, ад якога залежаць ваша справа і даход, — а толькі ягоны кашалёк. Вось яшчэ прыклад. Жыхарка Гродна заключыла дагавор з фірмай на выраб мэблі для спальні — ложка, тумбачак, шафы-купэ. Аднак якасць працы заказчыцу не задаволіла. Падчас вырабу мэблі былі адступленні ад дагавора: асобныя элементы мяняліся на больш танныя, якія на той момант былі ў наяўнасці, аднак пераразліку канчатковага кошту не зрабілі. Акрамя таго, распілоўку некаторых элементаў, не папярэдзіўшы гаспадыню, праводзілі непасрэдна ў кватэры, у выніку чаго сцены і столь пакрыліся пылам. Праўда, задзейнічалі пыласос, а вось фінансавае пытанне ... Завяршыўшы мантаж мэблі, спецыялісты запатрабавалі грошы ... без дакумента аб аплаце паслугі. Жанчына такім чынам плаціць адмовілася і патэлефанавала ў міліцыю, дзе атрымала адказ, што паступае правільна. Пасля чаго прыйшла на прыём у Камітэт дзяржкантролю.

Аляксандр Скрабец патэлефанаваў дырэктару фірмы: аказваецца, там гатовыя прадаставіць кліенту ўсю неабходную дакументацыю ў дачыненні да заказу і, калі трэба, зрабіць пераразлік яго кошту. Але навошта было чакаць гэтага званка? Няўжо нельга было знайсці паразуменне з заказчыкам без умяшання Камітэта дзяржаўнага кантролю?

Альбо такая сітуацыя. Жанчына паверыла рэкламе і ў адным з буйнейшых гадлёвых прадпрыемстваў горада над Нёманам купіла апарат для вырабу марожанага. Набыла неабходныя для гэтага інгрэдыенты, але марна, вырабіць прадукт не ўдалося. Чаму? У гіпермаркеце ёй указалі на гарантыйны талон і параілі звярнуцца ў абслуговую фірму. Там прыбор забралі на праверку і неўзабаве паведамілі, што працуе ён нармальна. Але ўладальніца рана радавалася, паколькі ў яе зноў не атрымалася вырабіць марожанае. Яна зноў накіроўваецца ў гіпермаркет: "Мо, нешта няправільна раблю?" Адтуль тэлефануюць у абслуговую фірму, але атрыманы з гэтага апарата прадукт ужо з'едзены. Тады валявым рашэннем Камітэта дзяржкантролю непасрэдна ў гандлёвым прадпрыемстве прызначаецца кантрольная аперацыя па вырабе марожанага: прадаеш — павінен і прадэманстраваць, як вашым таварам карыстацца. У выніку аказалася, што ў Беларусі практычна няма неабходных для гэтай тэхналогіі інгрэдыентаў (патрэбныя не менш чым трыццаціпрацэнтныя вяршкі). Жанчыне вярнулі грошы, але пытанні застаюцца.

— Чаму пры продажы тавару пакупніка не папярэджваюць: "Увага! Для карыстання ім патрэбна тое і тое..?" Чаму чалавек двойчы прыйшоў на прадпрыемства гандлю, а да яго не паварочваліся тварам, а па сутнасці выпіхвалі? — зазначае Андрэй Павядайка.

...Чарговы зварот у прыёмную Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці і — сапраўдная чалавечая драма. Пенсіянерка жыве ў кватэры разам з мужам, пад іх апекай — унучка. На жаль, не склаліся адносіны з сынам, і дайшло да таго, што ён адсудзіў адзін з пакояў у гэтай кватэры з намерам яго прадаць. Бацькі, паводле заканадаўства, першымі маюць права на пакупку гэтай часткі жылплошчы, але ў іх няма патрэбнай грашовай сумы — прыкладна 22-х мільёнаў рублёў. У выніку ў кватэры можа аказацца зусім чужы для гэтай сям'і чалавек.

— Ці ёсць у нас шанц на нейкую пазыку? — з такім пытаннем звярнуліся пенсіянеры ў Камітэт дзяржкантролю.

Напэўна, гэта тая сітуацыя, дзе не ўсё агаворана заканадаўчымі актамі, і пажылым людзям, якія выхоўваюць малалетнюю ўнучку, патрабуецца дапамога мясцовай улады. Бо відавочна, што ад таго, хто стане ўладальнікам "спрэчнага" пакою, залежаць і інтарэсы дзяўчынкі.

А вось наступным зваротам, паведаміў Андрэй Павядайка, трэба будзе заняцца УДФР Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці. Заяўніца паведаміла, што атрымлівае аліменты на дзіця ад былога мужа, зыходзячы з яго сярэдняй зарплаты ў памеры... 350 тысяч рублёў. Што для аўтасэрвісу, дзе хапае працы нават у выхадныя, даволі дзіўна. Зноў праславуты "заробак у канверце"?

Увогуле, згодна з інфармацыяй галоўнага спецыяліста аддзела зваротаў грамадзян і арганізацыйнай працы Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці Ніны ТАЛАЙ, сёлета за дзевяць месяцаў зарэгістравана 1958 пісьмовых і вусных зваротаў. На працягу трох апошніх гадоў іх колькасць пастаянна ўзрастае. І, акрамя таго, афіцыйна зарэгістраванымі зваротамі не абмяжоўваецца, бясконца тэлефануюць. "Чаму да нас?" — пытаецца Ніна Міхайлаўна. У адказ часта чуе, што, маўляў, на вас адна надзея, іншым не давяраюць.

Хоць, з іншага боку, ёсць шмат пытанняў, калі людзі напрамую звяртаюцца ў Камітэт дзяржкантролю, нават не паспрабаваўшы вырашыць сваю праблему ў, кажучы юрыдычнай мовай, першых інстанцыях.

— Павышэнне прававога ўзроўню насельніцтва — гэта сёння самая сур'ёзная праблема, — лічыць Ніна Талай. — Да нас звяртаюцца па самых розных, нават, можна сказаць, прымітыўных пытаннях. Вельмі многія нават не ведаюць, куды трэба звяртацца ў тых ці іншых сітуацыях, як сябе граматна паводзіць. Патрэбен прававы "лікбез", і ў гэтым плане больш павінны рабіць органы ўлады, СМІ.

Што тычыцца тэматыкі зваротаў грамадзян у Камітэт дзяржкантролю Гродзенскай вобласці, то больш чым пятая іх частка — па пытаннях жыллёва-камунальнай сферы.

— Пераважная частка зваротаў звязаная з адносінамі кадраў ЖКГ да выканання сваіх абавязкаў — валакіта, няякаснае выкананне паслуг, з-за чаго чалавек вымушаны звяртацца ў розныя інстанцыі, — зазначае Ніна Талай.

96 зваротаў на сённяшні дзень паступіла па праблемах будаўніцтва жылля, у асноўным з прэтэнзіямі на яго якасць, 222 — па пытаннях працы і зарплаты. Прычым трэцяя частка апошніх звязаная з парушэннем тэрміну разліку з работнікамі. Асабліва, скажам так, непразрыста гэта ў прыватных фірмах. Тут і "заробкі ў канвертах", і адмова ў выдачы працоўнай кніжкі, неналежны разлік пры звальненні, і іншыя праблемы. Апошняя тэндэнцыя — людзей, у якіх няма выбару, не афармляюць на пастаянную працу, а складаюць дагаворы падраду.

— Больш актыўна ў гэтую сферу павінны ўмешвацца службы мясцовых органаў улады па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, — лічыць Ніна Талай. — Не канстатаваць праблему, а вывучаць, аналізаваць сітуацыю з выхадам на канкрэтныя прадпрыемствы. Пакуль жа роля гэтых службаў у прафілактыцы парушэнняў у сферы працоўнага заканадаўства не прагледжваецца.

Барыс ПРАКОПЧЫК.

 

 

←Американец получит миллион долларов за «стриптиз» перед Обамой

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика