Вясельныя чыны
Шафер (шаферка). Шаферам і шаферкай, сяброўкамі, дружкамі (ганаровымі сведкамі) могуць быць незамужнія, нежанатыя маладыя людзі, у якіх няма дзяцей.
Шафераў выбіраюць з самых блізкіх сяброў. Такую ганаровую ролю на вяселлі можна выканаць толькі раз у жыцці, каб своечасова стварыць сваю сям'ю. У адваротным выпадку можна нашкодзіць сабе — застацца шаферам (г. зн. адзінокім) назаўжды.
Сваты. У народнай традыцыі кожны бок (жаніха і нявесты) меў сваіх сватоў, прычым дзве пары. Як правіла, сватамі на вяселлі станавіліся хросныя бацькі: хросная маці з мужам і хросны бацька з жонкай. Пры гэтым трэба было ўлічваць, што гэта паўнавартасныя сем'і, у якіх растуць дзеці. Хросны бацька быў самым актыўным удзельнікам падчас сватання, а хросная маці павінна была паклапаціцца пра вясельны каравай свайго хрэсніка.
Калі ў сем'ях хросных бацькоў быў, што называецца, "непарадак", сватоў выбіралі з ліку сваякоў, сяброў, суседзяў. Патрабаванне заставалася ранейшым — каб гэта была шчаслівая сям'я!
Сватамі можа быць толькі шлюбная пара. На вяселлі ўсе і ўсё павінна быць па парах. Не варта браць у сваты разведзеных, аўдавелых, бяздзетных або тых, хто да 40 гадоў не стварыў сям'і.
Часам сватамі бралі тых, хто карыстаўся папулярнасцю ў гэтай мясцовасці. Пару ацэньвалі па колькасці праведзеных вяселляў — чым больш, тым лепш, і па тых водгуках, якія давалі ўдзельнікі гэтых вяселляў.
Ручнік свату завязваюць праз левае плячо вузлом пад правую руку, а свацці наадварот — праз правае плячо пад левую руку. Адпаведным чынам прымацоўваюць вясельныя кветкі і ганаровым сведкам: хлопцу — справа, дзяўчыне — злева.
Ніякія ружовыя ці блакітныя стужачкі з надпісамі (як у выпускнікоў школы) не могуць замяніць традыцыйных вясельных ручнікоў!
Хросныя бацькі. Калі хросныя бацькі не выконваюць ролю сватоў, яны становяцца самымі ганаровымі гасцямі на вяселлі, — як і бабулі і дзядулі. Гэтыя людзі з'яўляюцца своеасаблівай ахоўнай "граматай" вясельнай імпрэзы.
Хросныя бацькі павінны прысутнічаць у храме пры шлюбе.
Калі па якіх-небудзь прычынах хросныя не могуць прысутнічаць на вяселлі, то напярэдадні жаніху і нявесце варта прыйсці ў храм, паставіць свечкі (за спачын ці за здароўе) і памаліцца за іх.
Пасаджоныя бацькі. Калі адзін з бацькоў жаніха ці нявесты памёр, або калі бацькі развяліся, і народная традыцыя забараняе ім выконваць абрадавыя дзеянні на вяселлі, на іх месца з ліку сваякоў ці блізкіх сяброў выбіраюць пасаджоных бацькоў — шчаслівую сямейную пару, у якой ёсць дзеці. Пасаджоныя бацькі адправяць маладых у вясельную дарогу, сустрэнуць іх пасля рэгістрацыі шлюбу і вянчання перад парогам бацькоўскай хаты.
Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.