Вера як фактар стабільнасці. У Беларусі паміж дзяржавай і каталіцкай царквой склаліся добрыя адносіны
Аб гэтым заявіў Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з папскім легатам кардыналам Ёзафам Томкам. “Не помню, каб у нас былі супярэчнасці паміж канфесіямі, дзяржавай і канфесіямі. Мы стараемся пад- трымліваць мір, таму што гэта аснова стабільнасці дзяржавы. А без стабільнасці не можа быць ні дабрабыту, ні працвітання. У гэтым сэнс усёй нашай палітыкі і ўзаемаадносін нашага кіраўніцтва, улад, у тым ліку і з каталіцкай царквой”, — падкрэсліў Прэзідэнт. Ён запэўніў папскага легата, што каталіцкая царква можа не хвалявацца за сітуацыю, якая складваецца вакол яе ў Беларусі. “Мая палітыка абсалютна адкрытая ў адносінах да каталіцкай царквы”, — дадаў ён і папрасіў перадаць падзяку Папу Рымскаму Бенедыкту XVI за тое, што ён прыслаў у Беларусь “свайго бліжэйшага паплечніка і саратніка”.
“Спадзяюся, што ў вас застануцца добрыя ўражанні аб нашай краіне і нашым народзе, — адзначыў ён. — Хацеў бы пажадаць працвітання вашай царкве і каб мы ніколі не мелі ніякіх праблем, як не маем іх і цяпер з каталіцкай царквой, таму што сотні тысяч нашых суайчыннікаў належаць да гэтай канфесіі”. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на тэрыторыі былога Савецкага Саюза Беларусь займае другое месца пасля Літвы па колькасці вернікаў-католікаў. “Гэта пра многае сведчыць. Нашы католікі вельмі прынцыповыя, сумленныя і вельмі веруючыя людзі. Урад і я абавязаны ўлічваць гэты фактар”, — сказаў ён. Звяртаючыся да Ёзафа Томкі, Аляксандр Лукашэнка сказаў: “Прашу перадаць майму добраму, я спадзяюся, сябру Папу Рымскаму Бенедыкту XVI самыя лепшыя пажаданні. Я вельмі добра помню ўсе моманты нашай сустрэчы і нашу размову.
Усе падарункі Папы Бенедыкта XVI знаходзяцца на самым бачным месцы, і хто б ні заходзіў да мяне ў дом, яны бачаць гэтыя падарункі”. У сваю чаргу, як паведамляе БелТА, папскі легат перадаў найлепшыя пажаданні Папы Рымскага Прэзідэнту Беларусі і ўсяму беларускаму народу. “Адчуваю, што прыехаў у цудоўную сям’ю”, — сказаў ён. Ёзаф Томка адзначыў, што ў яго вельмі добрая нагода для паездкі — святкаванне 300-годдзя асвячэння Мінскага кафедральнага сабора імя Прасвятой Дзевы Марыі. Гэта мерапрыемства запланавана на 9 кастрычніка. “Я вельмі задаволены тым, што знаходжуся тут у якасці спецыяльнага прадстаўніка Папы Рымскага”, — дадаў ён.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў прыхаджан Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рымска-каталіцкай царквы ў Рэспубліцы Беларусь з 300-годдзем асвячэння Мінскага архікафедральнага касцёла імя Прасвятой Дзевы Марыі. “Няхай і надалей Архікафедральны касцёл дапамагае людзям усведамляць сваю сутнасць, выхоўваць пачуцці міласэрнасці і любові, заахвочвае іх самааддана служыць нашай Радзіме”, — гаворыцца ў віншаванні. Аляксандр Лукашэнка пажадаў усім прыхаджанам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рымска-каталіцкай царквы ў Рэспубліцы Беларусь здароўя, шчасця, дабрабыту і поспехаў ва ўсіх справах.