BFW: супраць і за

Источник материала:  

...У павільёне людна і душна. Апошнія пяць дзён зранку да вечара тут кіпіць праца.

Першы ў Беларусі Belorussіan Fashіon Week (BWF) — падзея, трапіць на якую для многіх — адпаведнасць статусу, жаданы падарунак, а часам і проста месца, дзе зручна завесці знаёмства. А яшчэ складваецца ўражанне, што там — у глядацкай зале, рыхтуецца нешта забароненае. Тое, што прымушае людзей размаўляць шэптам і лісліва ўсміхацца — паказ першых эратычных фільмаў ці адкрыццё першага клуба, дзе танцуюць рок-н-рол. Дарэчы, без скандалу ўсё ж не абышлося.

 

Лыжка дзёгцю

Адразу пасля адкрыцця Тыдня моды ў Беларусі беларускі інтэрнэт узарваўся: на адным з блогаў быў змешчаны аповед адной з мадэляў, якая працавала на адкрыцці BFW:

"...Пасля таго, як паказы скончыліся, на гадзінніку было 21:00... Ніхто нас не пакарміў, не выпускаў... І тут навіна: ідзём у "Белэкспа" на рэпетыцыю калекцыі замежнага дызайнера. Без каментарыяў! Мы з 22 да 23:30 паўголыя мералі калекцыю басанож на голай ХАЛОДНАЙ падлозе. У замежных дызайнераў нават абутку не было. Хацелася плакаць.

Пакуль гэта дызайнер на сваёй незразумелай мове спрабавала ўсунуць тым, у каго 36-ы памер, цэлы 38, і пры тым, адыходзячы хвілін на 10, пакідала стаяць на холадзе... А пасля мы даведаліся, што заўтрашні паказ абутку не аплачваецца (астатнія паказы па 10 долараў)...

Атрымліваецца, што ўвесь дзень мы працавалі задарма, елі за свае грошы, ехалі дадому за свае грошы і яшчэ павінны былі выслухваць незадаволеныя каментары дызайнера: што ж гэта мы, свалата, без эмоцый ходзім? Ну як можна так арганізоўваць, чаму нам так мала плацяць за такую колькасць страчанага часу, чаму людзі, якія нічога не ведаюць пра дэфіле, указваюць нам, колькі пазіраваць?! Чаму ўсё не так?.."

Скажы, не маўчы

Калі стала вядома, што вядучыя беларускія мадэльеры Саша Варламаў і Іван Айплатаў у BFW не ўдзельнічаюць, пытанняў стала яшчэ больш. Айплатаў сказаў, што не паспявае з калекцыямі, бо рыхтуецца да такога ж Тыдня моды ў Маскве. Варламаў быў больш пераканаўчым і заявіў, што не стане ўдзельнічаць у мерапрыемстве, якое арганізуе тая ж несур'ёзная каманда, якая некалі ладзіла забег дзяўчат на абцасах. Дызайнер не пайшоў і сваіх мадэляў не пусціў.

А вось кіраўнік школы мадэлінгу Наталля Макей усё зрабіла з дакладнасцю наадварот:

— Мы, хутчэй за ўсё, аказаліся адзіным агенцтвам, якое падтрымала гэты Тыдзень моды і аддала сваіх мадэляў на паказы. Якому агенцтву не хочацца, каб іх мадэлі прайшліся ў Славы Зайцава? Гэта вялікая практыка, здымкі з гэтай калекцый стануць самымі каштоўнымі ў партфоліа мадэлі. Чаму мы павінны адмаўляцца ад Fashіon Week? Што такога падобнага ў нас арганізоўвалася апошнім часам? Людзі арганізавалі, прыдумалі — вядома, з часам усе недапрацоўкі будуць выпраўленыя.

Хто дбае, той мае?

Пры стварэнні Belorussіan Fashіon Week арганізатары казалі: мэта праекта — прасоўванне дызайнераў і іх адзення на гандлёвыя рынкі. Вядома, такой магчымасці заявіць пра сябе найперш узрадаваліся маладыя дызайнеры.

— Мяне як маладога дызайнера прапанова ўзяць удзел у Belorussіan Fashіon Week зацікавіла адразу, — гаворыць Юлія Латушкіна. — Трэба развіваць нашу краіну і сябе. Мы, дызайнеры, хочам супрацоўнічаць і развівацца.

— Да таго часу, пакуль у праекта будуць перспектывы, да таго часу перспектывы будуць і ў нас, дызайнераў, — упэўненая Таццяна Марыніч. — Будзе крыўдна, калі гэтай магчымасці нас пазбавяць.

На прэс-канферэнцыі ўсе дызайнеры, паказы якіх прэзентаваліся на Belorussіan Fashіon Week, збольшага былі аднагалоснымі ў думцы: не варта ад першага Fashіon Week у Беларусі патрабаваць чагосьці звыш. Маўляў, гэта толькі першы сур'ёзны крок, галоўнае — у нас ёсць каго паказваць...

Менеджар моднага дома "МОНА" з Сербіі Алена Мркіч таксама лічыць, што беларускія дызайнеры, ідучы за сусветнымі тэндэнцыямі, свой почырк не губляюць.

таксама лічыць, што беларускія дызайнеры, ідучы за сусветнымі тэндэнцыямі, свой почырк не губляюць.

— Ужо дваццаць гадоў мы працуем на рынку моды і маем вопыт выступлення ва ўсім свеце (сваю калекцыю паказвалі ў Мілане, Парыжы і Дубаі). Мы бачым, што мерапрыемстваў такога класа ў Беларусі раней не было і што гэтае — першае. Тым не менш, ад'язджаем з пазітыўнымі развагамі і ўражаннямі. Спадзяёмся, што ў будучыні ўсё будзе нашмат лепш і арганізатары ўлічаць першы вопыт.

Паводле слоў прэс-сакратара BFW Вікторыі Навумавай, на ўсе паказы запрашаліся т.зв. баеры — эксперты з замежных і айчынных гандлёвых цэнтраў, якія пры жаданні маглі выбраць калекцыю для свайго магазіна. Але пытанне, ці выбралі яны што ў свой магазін, застаецца адкрытым. Ды і ці бачыў іх хто, гэтых "баераў"?

Як спецкар "Звязды" ледзь не трапіў у паказ украінскага дызайнера...

...Паразяваўшы раты, мы не маглі адарвацца ад подыума — мадэлі заварожвалі. І хоць не заўсёды яны выражалі сваімі тварамі тое, што нам — гледачам — хацелася б бачыць, тым не менш нейкі магнетызм у іх быў...

— Прабачце, а вы не мадэль? — звярнуўся да мяне хлопец за кулісамі.

— Ды не, я журналіст.

— А прыняць удзел у паказе не хочаце? А то ў нас дызайнер вельмі строгая да падборы мадэляў, а ў вас якраз неабходны тыпаж.

— А калі ў мяне няма адпаведнай адукацыі?

— Гэта неабавязкова. Скажаце, што даўно займаліся.

— А колькі я змагу зарабіць?

— Калі Вас выберуць, атрымаеце 10 долараў за паказ. Сам паказ (а дзявятай вечара ў суботу) украінскай маркі Sosnovska. Ваш паказ закрывае Тыдзень моды.

На маё шчасце, дызайнер Сасноўская мяне не выбрала — былі ўпадабаныя хлопцы маладзейшыя і худзейшыя. Некаторыя пасля казалі, што вучацца ў школе і на паказ Тыдня моды трапілі выпадкова...

Ілья ЛАПАТО

 

Чаму беларускаму дызайнеру цяжка прабіцца на беларускі рынак?

Вопытная дызайнер Людміла Лабкова ўпэўненая, што працаваць беларускім дызайнерам на радзіме перашкаджае... густ беларускага спажыўца:

— Мне вельмі цяжка працаваць з беларускім рынкам, бо людзі чакаюць, калі спачатку такія рэчы прывязуць з Турцыі. Але лёгкая прамысловасць у нас заўсёды была моцная. У Расіі наша прадукцыя мае вялікую рэпутацыю — многія прыватныя фірмы вагонамі адпраўляюць туды беларускае адзенне. Мы на гэтым трымаемся і будуем свой бізнэс. Дзякаваць Богу, але з нядаўняга часу на беларускім рынку пачалі больш цягнуцца да айчыннага вытворцы. Але многія напрамкі гандлю ўсё яшчэ прыглядаюцца да Турцыі і Кітая. Стэрэатып: турэцкае — добра, наша — не.  

BFW: супраць і за

  Саша Варламаў, мадэльер, куратар праекта "Млын Моды": "Я сказаў сваім мадэлям: калі вы са мной — значыць, са мной; калі вы там — значыць, вы чужыя"

— Першыя ўражанні ад Bеlоrussіаn Fаshіоn Wееk (BWF)?

— Уражанні ад таго, што вы назвалі — гэты Wееk, не проста ўражанні, а сталае меркаванне чалавека, які з 1980-га працуе ў модзе. Напэўна, усё ж я быў першым, хто падняў на годны ўзровень усё тое, што мы маем сёння. А цяпер атрымліваецца, што якаясьці дзяўчынка, падключыўшы адміністратыўны рэсурс, раптам уявіла сябе чымсьці і кімсьці. Мне смешна. Невыпадкова ўсе больш-менш сур'ёзныя арганізацыі адмовіліся ад супрацоўніцтва з ёй — за яе спіной ніхто не стаіць. І сёння яна паказвае тых дызайнераў, каго вырасціў я — Галсцян, Голікава, Латушкіна, Лабкова. Паказала — добра, але для каго? Мэта паказу? Калі гэта для продажу адзення, то ніводнага ж браера няма! У нас нават ніводнай крамы няма, каб прадаваць дызайнерскае адзенне!

— Хадзілі чуткі пра тое, што сваім мадэлям Вы забаранілі браць удзел у BFW.

— Вядома, забараніў. Ведаеце, усе, хто са мной — са мной і застаўся. Разумееце, я не ведаю, што робіцца там і якія ўмовы ствараюцца для мадэляў. Я сказаў: "Дзяўчаты і хлопцы, я з вамі езджу па ўсім свеце і вам давяраю. Калі вы са мной — значыць, са мной, калі вы там — значыць, вы чужыя".

— Значыць, той, хто хацеў, свой выбар зрабіў?

— Так. Ды і няма ў мяне прыгоннага права. Ёсць аўтарытэт і ёсць школа. Са мной лічацца. Бо я — вучань Славы Зайцава, Галіны Мяшковай, Уладзіміра і Іны Булгакавых...

— Ці патрэбны Fаshіоn Wееk у Беларусі?

— Увесь свет сёння перайшоў на новы ўзровень. Fаshіоn Wееk — гэта пройдзены этап ХХ стагоддзя. Вядома, ёсць паняцце FW у Нью-Ёрку, Мілане і Парыжы. Але, выбачайце, каб Мінск, якому няма і ста гадоў, як стаў сталіцай, заяўляў пра сваю Fаshіоn Wееk — смешна!

Fаshіоn Wееk закліканы прадаваць адзенне. Каму яго прадаваць у нас? Якім крамам?!

— Як адрэагавалі на BWF вашыя замежныя сябры і калегі?

— Мае замежныя сябры і калегі сказалі, што Беларусь з'ехала з глузду. У Беларусі "дзяўчынцы з двара" дазволена махаць шашкай — нават у каралеўстве гэтага не можа быць. Так і напішыце!

Яніна Ганчарова, кіраўнік цэнтра моды і прыгажосці "Хрустальная німфа", арганізатар Bеlоrussіаn Fаshіоn Wееk: "Не падтрымаць, а зняславіць — асаблівасць некаторых беларусаў"

— Як прыйшла ідэя правядзення ў Беларусі свайго Fаshіоn Wееk?

— Гэта неабходнасць. Мы да гэтага не ішлі, мы ў гэтым працуем. Працуем прафесійна. Усё жыццё я займаюся модай: пачынаючы з мадэлі і заканчваючы рэжысёрам-пастаноўшчыкам паказаў і дырэктарам цэнтра моды. Наведаўшы Тыдні моды іншых краін — Капенгаген, Стакгольм, Парыж, Мілан, Нью-Ёрк, Берлін, Львоў, Санкт-Пецярбург, я зрабіла для сябе пэўны аналіз і разлікі — як трэба рабіць Тыдзень моды. Праект падтрымалі ўсе супрацоўнікі нашага дома моды. Гэта наша заданне і гэта наш праект, рыхтавацца да якога мы пачалі з мая.

— Ці Беларусь сапраўды ўжо "саспела" да свайго Тыдня моды?

— Калі вы задасцё пытанне, ці будзем мы далей праводзіць BWF, то будзем глядзець. Калі гэта будзе патрэбна людзям, калі яны будуць насіць адзенне беларускіх дызайнераў, калі дызайнеры будуць працягваць шыць адзенне ў Беларусі і калі партнёры будуць нас падтрымліваць — то так. Я хачу рабіць Тыдзень моды. Як асоба, як прафесіянал, як рэжысёр я хачу яго рабіць і магу зрабіць Тыдзень моды ў любой краіне — ці то ў Германіі, ці то ў Італіі. Той, хто працуе са мной, ведае.

— Як Вы ацэньваеце негатыўныя выказванні вашых калег у дачыненні да BWF?

— Ніяк не ацэньваю. Напэўна, у мяне няма на гэта часу. У мяне ёсць мая праца і я ведаю, што раблю яе якасна і прафесійна. Сумненняў у мяне няма. У кожнага чалавека ёсць права на сваё ўласнае меркаванне.

— Некаторыя мадэлі скардзіліся на ўмовы працы, асабліва падчас першага дня BWF...

— Я гэтага непасрэдна ад мадэляў не чула. А тое, што хтосьці сядзіць за рагом і нешта кажа: маўляў, нам там не спадабалася, нам там было дрэнна — падыдзіце і скажыце непасрэдна арганізатарам. А выліваць бруд у інтэрнэт — подла. У гэтым, відаць, асаблівасць некаторых беларусаў — не падтрымаць, а зняславіць. Я насамрэч вельмі самакрытычны чалавек, і самы вялікі крытык для мяне і маёй каманды — я сама. Хто з дызайнераў, што прымалі ўдзел у Тыдні моды, сказаў, што гэта дрэнна? Хто? Бо для каго мы робім BWF — для тусоўкі? Для мясцовага гламуру, якому не налілі? Хто з нашых партнёраў сказаў, што гэта дрэнна і яны не будуць з намі працаваць? Мы не перажываем наконт таго, што пра нас гаворыць прэса. Дванаццаць месяцаў у годзе — дванаццаць розных думак. У нас — свае мэты і задачы.

.

←Сяргей Мартынаў і Юзаф Томка абмеркавалі візыт Бенедыкта XVI

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика