Асцерагайцеся цёмнага боку свайго знака Задыяка!

Источник материала:  

Месца размяшчэння касмічных аб'ектаў на момант нараджэння чалавека вызначае яго індывідуальнасць. Гэта асноўны пастулат астралогіі. Кожны з нас — гэта непаўторная камбінацыя станоўчых і адмоўных уласцівасцяў, схільнасцяў і звычак. І калі сваімі плюсамі мы можам ганарыцца, то свае недахопы і слабасці намагаемся прыхаваць (а пра некаторыя негатыўныя "адценні" сваёй асобы мы ўвогуле можам і не здагадвацца). Падчас свайго перамяшчэння на працягу месяца прыродны спадарожнік Зямлі праходзіць розныя этапы і паспявае пабываць ва ўсіх знаках Задыяка. Паводле сцвярджэнняў астролагаў, калі Месяц набліжаецца да пэўнага задыякальнага знака, негатыўныя рысы характару чалавека абвастраюцца (акрамя таго, "цёмныя" аспекты псіхікі ўзмацняюцца ў час поўні). "Зорныя дарадцы" раяць звярнуць увагу на цёмны бок свайго знака Задыяка, каб навучыцца своечасова сябе кантраляваць.

Авен. У негатыўным праяўленні — агрэсіўны, грубы, жорсткі. У сямейным жыцці Авена лепш трымаць як мага далей ад грошай — ён любіць імгненна ўсё патраціць. Сярод Авенаў шмат такіх, хто любіць быць у цэнтры ўвагі (без асобых на тое падстаў) і гадзінамі размаўляць пра сябе. У стане алкагольнага ап'янення Авен схільны да гвалтоўных дзеянняў, становіцца зачыншчыкам канфліктаў і скандалаў.

Цялец. У жыцці Цяльцам уласціва падхалімства, жаданне дагадзіць і выслужыцца перад начальствам. На самай справе, сцвярджаюць астролагі, па-сапраўднаму Цялец любіць толькі грошы, і гатовы зняць апошнюю кашулю — з суседа. У сваім негатыўным праяўленні — гэта матэрыяльны "тэрарыст" сваёй сям'і. Прычым "тэрарыст" — з маладых пазногцяў і да глыбокай старасці (нягледзячы на тое, што знешне ён ветлівы і лагодны).

Блізняты. Блізняты не маюць свайго ўласнага пункту гледжання, іх меркаванні мяняюцца па дзесяць разоў на дзень. Нягледзячы на эрудыцыю і начытанасць, Блізняты вельмі павярхоўныя — як у адносінах да жыцця, так і да сваіх самых блізкіх людзей. У сталым узросце схільныя да сузірання. Становяцца нервовымі і бурчлівымі. Не пераносяць стрэсу і моцных фізічных нагрузак. Любяць прымаць гасцей, але частуюць іх у лепшым выпадку толькі чаем.

Рак. Не мяняе сваіх перакананняў, але любіць спрачацца, смяяцца з суразмоўцы і расці ва ўласных вачах. Намагаючыся стаць гаспадаром становішча, прыкідваецца моцным і ўпэўненым. Калі Рак адчувае небяспеку, то бяжыць, не азіраючыся, а прыціснуты да сцяны, сам становіцца небяспечным і непрадказальным (астролагі папярэджваюць, што ў такой сітуацыі ад Рака можна чакаць любой подласці).

Леў. Яго гонар гіпертрафіраваны. Сваім гонарам і самаўзвышэннем ён можа атруціць жыццё любому, хто знаходзіцца побач. Дзеля ўласнай славы Леў лёгка грэбуе агульнапрынятымі каштоўнасцямі. Хоча, каб увесь свет абарачаўся вакол яго. Заўсёды імкнецца быць першым, а калі не атрымлівае жаданага, становіцца злым і раздражнёным. Любіць працаваць да таго часу, пакуль працуе на сябе, будуе грандыёзныя планы. У адваротным выпадку можна ўпасці ў глыбокую дэпрэсію, стаць аматарам азартных гульняў ці п'яніцай.

Дзева. У самым горшым сваім праяўленні — сквапны, недалёкі і прыдзірлівы буркун. Сваёй прыдзірлівасцю робіць невыносным жыццё асяроддзя і на працы, і дома. Не здольны на імправізацыю і фантазію, аддае перавагу самым нудным і нецікавым ідэям і планам. І пры ўсёй гэтай аднастайнасці становіцца майстрам інтрыг і плётак, калі справа даходзіць да ўстаранення супернікаў, канкурэнтаў ці ворагаў.

Шалі. У негатыўным праяўленні чалавек-Шалі не можа вызначыцца, што ж яму на самай справе патрэбна. Паталагічна не ў стане вырашыць самастойна ніводнай праблемы. Пачынае бясконцыя дэбаты, дыскусіі, выдумляе неэфектыўныя тактычныя манеўры, пакуль усе рашэнні за яго не прымуць іншыя (спачатку бацькі, потым жонка/муж, а затым — дзеці). Пры належным узроўні адукацыі і дыпламатычнасці можа стаць махляром, а ў сталасці пісаць мемуары пра несправядлівасць жыцця. У іншым варыянце можа пусціцца ў бясконцыя сэксуальныя прыгоды і назаўсёды згубіць давер сваіх блізкіх.

Скарпіён. Адчувае задавальненне ад разбурэння. У сваёй негатыўнай праяве — садыст і мазахіст адначасова. Не шкадуе ні сіл, ні сродкаў для дасягнення мэты. Вельмі любіць нажывацца за чужы кошт. Робіць кар'еру, ідучы "па галовах". Пераконвае калег, што высока цэніць сяброўства, а праз гадзіну піша данос кіраўніцтву. Любіць "сальныя" анекдоты і парнаграфічныя фільмы.

Стралец. У горшай сваёй праяве — выглядае як "шчаслівы ідыёт" (і амаль заўсёды так і ёсць на самай справе). Яго аптымізм не знікае нават пасля падзення на галаву цагліны. Любіць, каб людзі пагаджаліся з яго меркаваннямі і ідэямі, можа быць залішне катэгарычным і прамалінейным да бестактоўнасці. Любіць натоўп, шумныя сходы і месцы, дзе можна паесці і выпіць, не маючы ў кішэні грошай.

Казярог. Паводле сцвярджэнняў астролагаў, у негатыўным варыянце — гэта жорсткі, бессардэчны і халодны, як айсберг, чалавек. У дамашнім і сямейным жыцці — тыран, які сэнс свайго жыцця бачыць у падаўленні іншых. Ніколі і нікому не даруе. Рэдкае спалучэнне маніі велічы, комплексу непаўнацэннасці і мінімальных разумовых і псіхічных здольнасцяў. Калі такі чалавек не начальнік, то ён адчувае сваю непаўнацэннасць.

Вадалей. Фантазёр, абсалютна адарваны ад рэалій жыцця. Ніколі не вяртае пазычаныя грошы, бо даўно згубіў іх ці проста забыўся, што пазычаў. Пастаянна парушае свае абяцанні, не любіць працаваць. Затое заўсёды мае ахвоту папляткарыць, "перамыць косткі" знаёмым і сваякам. Усе грошы траціць на праекты, але не схільны даводзіць справу да канца.

Рыбы. У сваім негатыўным праяўленні чалавек-Рыбы не можа жыць без хлусні. Часам і сам не ў стане вызначыць: дзе праўда, а дзе — падман. Рыбы супярэчаць самі сабе, робяць нешта не дзеля карысці, а па прынцыпе "мастацтва дзеля мастацтва". Любяць паводзіць сябе, як псіхааналітык ("капацца ў чужой бруднай бялізне"), а потым распаўсюджваць давераныя ім сакрэты і тайны направа і налева. Рыбы ў негатыве напоўненыя моцнымі дакучлівымі эратычнымі фантазіямі, якія перашкаджаюць ім сканцэнтравацца.

Як бачым, ніхто не без недахопаў. Аднак — папярэджаны, значыць узброены. Ведаючы свае слабасці, іх лягчэй пераадолець. І прадэманстраваць усім бясспрэчныя вартасці свайго характару і знака Задыяка.

Падрыхтавала Інга МІНДАЛЁВА.

←Белорусский писатель: В Белоруссию возвращается русофобия

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика