Анатоль Буяльскі: "Наша каманда кідае суперніка з адной крайнасці ў іншую. Ад поўнай пагарды да панічнага страху"

Источник материала:  

Складана нават уявіць, што адбывалася б, калі, скажам, наша футбольная зборная заняла чацвёртае месца на чэмпіянаце свету. Той факт, што наша жаночая баскетбольная каманда спынілася ў кроку ад п'едэстала, асаблівага ажыятажу не выклікаў. І галоўны трэнер Анатоль Буяльскі лічыць, што бытавыя праблемы, якія існуюць у камандзе, яе выдатнае выступленне вырашыць не дапаможа. Анатоль Сяргеевіч расказаў, чаму ўвесь турнір правёў у адным пола, як каманда Расіі сама сябе закапала і чаму думкамі ён дагэтуль на чэмпіянаце свету.

Анатоль Буяльскі:  "Наша каманда кідае суперніка з адной крайнасці ў іншую. Ад поўнай пагарды да панічнага страху"— Анатоль Сяргеевіч, хто з супернікаў уразіў асабіста вас на турніры ў Чэхіі?

— Каманда ЗША. Хоць ніякіх навінак для сябе я там не ўбачыў, але пра такую арганізаванасць, арганізацыю каманды можна толькі марыць.

— Вы адчуваеце, што вашу каманду баяцца супернікі і па-асабліваму настройваюцца?

— Наша каманда кідае суперніка з адной крайнасці ў іншую. Ад поўнай пагарды да панічнага страху. Гэтыя хваляванні — нястрымная радасць і безуцешнае гора — прыкметы шызафрэніі. І ў спорце такі стан небяспечны. Каманда Расіі выйшла супраць нас з поўнай пагардай. І калі літаральна праз некалькі хвілін адчула, што трэба нешта рабіць, закапала сябе цалкам. Заўсёды трэба памятаць, што на такіх турнірах няма слабых каманд. Калі зборная трапіла ў 16 наймацнейшых у свеце, значыць, гэта не выпадкова. У баскетболе — не ведаю, як у іншых відах спорту, — выпадкова трапіць на топ-турнір немагчыма. Мы ішлі ў фінал чэмпіянату Еўропы 2007-га года, пачынаючы з 2004-га: 2004-2005 — група В, 2006 — адборачныя спаборніцтвы да чэмпіянату Еўропы, 2007 — фінальная частка чэмпіянату Еўропы. Чатыры гады спатрэбілася, каб трапіць на адборачны алімпійскі турнір. Мы выйгралі яго і трапілі на Алімпіяду. Пяць гадоў спатрэбілася на тое, каб трапіць на Алімпійскія гульні. Да гэтага трэба прыплюсаваць чацвёртае месца ў Латвіі на чэмпіянаце Еўропы. Так што мы толькі праз шэсць гадоў трапілі на чэмпіянат свету. Праўда, у баскетболе гэта лічыцца "звышгукавой" хуткасцю.

Можна мець выдатную інфраструктуру, вялікія грошы, шыкоўную базу для падрыхтоўкі — і не трапляць на чэмпіянат свету. Вы не ўяўляеце, колькі высокаразвітых краін, найбагацейшых федэрацый марыць быць на нашым месцы. Там бы гаворка не ішла пра трусы, майкі і сукенкі, з чым мы піарымся. Былі б дамы, аўтамабілі і параходы. Але тая ж каманда Турцыі, для якой трапіць на чэмпіянат свету было справай жыцця, не змагла прайсці адбор. Трапіць на Алімпіяду яшчэ больш складана. А мы гуляем там. І не проста выступаем. Наша каманда ўжо ў многіх выклікае сверб. У міжнародных федэрацыях баскетбола — еўрапейскай і сусветнай — Беларусь нікім не прадстаўленая. Многія ў свеце нават не ведалі пра нас і нашу краіну. Калі я на Алімпіядзе ў Пекіне падарыў аднаму іспанскаму трэнеру, легендзе еўрапейскага баскетбола, значок нашай федэрацыі, ён ашалеў ад шчасця. Ён 50 гадоў збірае значкі, і наша федэрацыя — адна з нямногіх у свеце, не прадстаўленая дагэтуль у яго калекцыі. Нас цяпер пазнаюць, паважаюць. Пасля перамогі над Расіяй усё перавярнулася на 360 градусаў.

— У чым гэта праяўлялася?

— У звычайных адносінах — калі да цябе бягуць праз увесь хол гасцініцы, калі цябе не прапускаюць, каб пагаварыць.

— А якімі былі адносіны да вас у кулуарах пасля гульні з Чэхіяй? Спачувалі?

— Так. І нягледзячы на забарону для судзейскага корпуса абмяркоўваць працу калег, нават з іх боку былі спачуванні, не кажучы пра афіцыйных і неафіцыйных асобаў. Асабліва ў частцы апошняга фола Верамеенкі — там усё было адназначна. Гэта абуральны факт, які меў месца на турніры такога ўзроўню, у ключавы момант гульні, супраць такога гульца! У сусветным баскетболе Верамеенка — не радавы гулец. Калі пяць фалоў ціхенька далі Ануфрыенцы, ніхто не заўважыў. Асмеліцца на прызначэнне фола ў гэтай сітуацыі такому гульцу як Верамеенка, здольны не кожны суддзя. Гэта быў своеасаблівы крык душы з боку гаспадароў спаборніцтваў. Але рэалізуй Марчанка апошні кідок, усё было б па-іншаму. На секунду ўдача адвярнулася ад нас...

— Чаму, нягледзячы на пастаянныя выдатныя выступленні, адносіны да зборнай застаюцца ранейшымі?

— Гэта пытанне не да мяне. Я не ведаю.

— Вы будзеце зноў ставіць свае пытанні тым, каму павінны?

— Я ставіў іх шмат разоў — у розных ракурсах і пад рознымі вугламі. Вынік вы бачыце. На прэзентацыі сукенак зборнай я ўпершыню адчуў сябе госцем на чужым свяце. Пра якія сукенкі можна казаць, калі я дзевяць матчаў правёў у адным пола? Я не ведаю, што такое насіць адну сарочку два дні, а тут я правёў у ёй 11 дзён. Аднойчы я яе памыў, праўда, у халоднай вадзе, каб не дай Бог, яна не страціла выгляду. Таму ў мяне алергію выклікалі пытанні пра адзенне. Па простай прычыне: верхняга адзення, у адрозненне ад іншых камандаў, у нас не было. А пра пола сумніўнай, дарэчы, якасці, са зрэзанымі біркамі, я ўжо казаў. Я з усіх сіл імкнуся быць аптымістам, але калі бірка на пола зрэзаная, значыць, не ўсё ў парадку!

— Зараз атрымліваецца, што ў перамогі шмат бацькоў...

— Ну і на здароўе, у мяне да гэтага прэтэнзій няма. Па-добраму хочацца дапамагчы Камянкову (старшыня фэдэрацыі баскетбола. — Аўт.). Гэта дзяржаўны чалавек, які ўзяўся за такую нялёгкую справу. Ён выконвае вялізны аб'ём працы. І я вітаю яго ініцыятыву — стварэнне клуба "Гарызонт", дзе мне, дарэчы, прапанавалі працаваць. Многія, праўда, адразу сказалі: "Гэта вельмі дрэнна, што Буяльскі будзе працаваць у клубе". Калі я працаваў за мяжой і са зборнай, мяне таксама абвінавачвалі, што я працую з клубам і быццам бы не ведаю праблем беларускага баскетбола. Потым перад Алімпіядай я перастаў працаваць з клубам, зноў пайшлі размовы, што я не магу працаваць толькі ў зборнай. Я пакуль яшчэ не ўзяўся за "Гарызонт", не правёў ніводнай трэніроўкі, але ўжо кажуць, што гэта няправільна. Гэты клуб ствараецца дзеля таго, каб маладыя баскетбалісткі, якія яшчэ не сталі паўнацэннымі гульцамі нацыянальнай каманды, не з'язджалі адразу ў нікуды. Каб яны вучыліся тут, а стаўшы Леўчанкай, Трафімавай, Марчакай і Верамеенкай, маглі ехаць далей. Ці тут застацца, калі будуць нармальныя ўмовы.

— Вы ў зборнай шмат гадоў. Што дапамагае вам працаваць?

— Адсутнасць страху за вынік. Я ніколі не баяўся таго, што мяне заўтра могуць звольніць з працы. Да гэтага трэба быць гатовым. Я ведаю, што без падзення не бывае ўзлётаў. Таму, калі лёс падрыхтуе новы ўдар ці ўрок, мне прыйдзецца аступіцца, гэта нагода для таго, каб зноў узлятаць.

— Думкамі вы яшчэ падчас авертайма гульні з Чэхіяй ці ўжо вярнуліся дадому?

— Пакуль мы з дзяўчатамі яшчэ не перайшлі на нармальнае зямное жыццё. Я кожную раніцу прачынаюся ў 4-5 гадзін. Вочы ў столь. І знаходжуся ў тым рэжыме, які быў на чэмпіянаце. Гэта нават не авертайм з Чэхіяй, а штосьці нявызначанае.

— Зараз што-небудзь змянілі б у вашых рашэннях, якія прымалі на чэмпіянаце?

— Я не прыхільнік капацца ў тым, чаго не зменіш. Нядаўна ў адной з газет выйшаў артыкул. Яго напісалі буйныя спецыялісты, якія ведаюць, што трэба было рабіць. Аказваецца, мы ўзялі не тых людзей, выканалі не тыя дзеянні. У Амерыцы правільныя адносіны да ўсяго гэтага. Яны не займаюцца самаедствам, не забіваюць сябе. Трэба ведаць, што заўтра будзе новы дзень, зноў узыдзе сонца. І трэба думаць не пра тое, што ты прайграў, а як зрабіць так, каб заўтра выйграць. Лепш усё рабіць на аптымізме, нават дрэнныя справы. Праўда, дрэнных спраў лепш не рабіць зусім.

— Для дзяўчат вы псіхолаг. Хто псіхолаг для вас?

— Людзі, якія мяне акружаюць. На жаль, з кожным годам кола стасункаў становіцца ўсё больш вузкім. Напэўна, я цяжкі чалавек і са мной складана. Асноўная падпітка — мая сям'я — жонка і дзеці, а таксама ўжо і ўнукі. Там я адчуваю сябе, як за высокай-высокай агароджай, куды ніхто не можа прабрацца.

Алена АЎЧЫННІКАВА.

←Белорусский писатель: В Белоруссию возвращается русофобия

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика