"КінаVаrkа": кіно без цукру
Карэспандэнт "Звязды" шукала маладых беларускіх Бергманаў, Трыераў і Кі-Дукаў
У Беларусі страшэнна нестае кінарэжысёраў. Я думала, можа, "КінаVаrkа", як амбіцыйны праект для маладых (альбо малады праект для амбіцыйных?), з часам дапаможа запоўніць гэты прагал, — выгадуе, так сказаць, новых добрых аўтараў для айчыннага кінематографа. Але як я ні старалася, так і не змагла разгледзець сярод рэжысёраў, якія ўдзельнічаюць у форуме, ні будучага беларускага Бергмана, ні Ларса фон Трыера, ні хоць бы Кіма Кі-Дука...
З 5 кастрычніка ўсе работы, якія ўдзельнічаюць у "КінаVаr-цы", выкладзеныя на сайт фестывалю. Любы ахвотны зможа прагаласаваць за фільм, які найбольш яго зачапіў, — "Прыз глядацкіх сімпатый" таксама ёсць сярод 10 намінацый "КінаVаr-кі". А аўтар той работы, якая сёлета атрымае "Гран-пры", па абяцаннях арганізатараў, здыме адну з навел для кінаальманаха "Мінск, я люблю цябе!". Так-так, наша сталіца таксама далучаецца да гэтага міжнароднага кінапраекта, і кампанія "Карамболь" хутка прыступіць да яго здымкаў.
Не кіно, а журавінавы морс
"КінаVаrkа" — гэта такі адмысловы працэс, дзе мала што ўспрымаецца ўсур'ёз. Поўнай зале гледачоў паказваюць, напрыклад, страшэнна збітага мужчыну з крывавымі ранамі і драпінамі, які нібыта толькі-толькі ўцёк ад сваіх ворагаў (фільм "Runаwау" Арцёма Волкава), а гледачы смяюцца. Альбо на экране з'яўляецца меланхалічная дзяўчына, якая цягам некалькіх доўгіх секунд смокча з бутэлькі віно (фільм "Няхай будзе так..." Марыны Дзядзюлі), і мне здаецца, што яна перажывае нейкае страшнае гора, а гледачы зноўку смяюцца. Як я ні хацела, але такі не змагла пачувацца "сваёй" сярод публікі "КінаVаrkі". Магчыма, таму, што на адкрытым паказе фільмаў-удзельнікаў прысутнічалі бадай толькі самі стваральнікі гэтых фільмаў і іх сябры-сваякі-знаёмыя. Падалося, што гэта не нейкае сур'ёзнае мерапрыемства (хоць форуму ўжо некалькі гадоў), а так — "тусоўка" для сваіх. І тым, хто не ведае гісторыі стварэння пэўнага фільма, не прысутнічаў на здымках, "КінаVаrkа" нічога даць не можа, бо чалавек будзе проста "не ў тэме": з чаго смяюцца, чым захапляюцца?! А, дык гэта не сапраўдная кроў, а журавінавы морс!
Несур'ёзнасцю, на жаль, патыхала ад многіх работ, якія можна было ўбачыць на адкрытым паказе. Такое адчуванне, што большасць стваральнікаў абмяжоўвалася выключна фармальнымі пошукамі. Сапраўды ў некаторых работах былі цікавыя ракурсы, кампазіцыйнае рашэнне, стылізацыя. Але амаль ва ўсіх не было сэнсу, зместу, насамрэч якасна рэалізаванай ідэі. Кампазіцыя, колер, мантаж — гэта параметры, па якіх ацэньваюць работы ў творчых ВНУ і якімі трэба ўмець карыстацца. Але для таго, каб кіно, нават кароткаметражнае, чапляла, было шчырым і змястоўным, аўтар павінен ведаць, ШТО ЁН ХОЧА СКАЗАЦЬ. Нават калі ўмееш карыстацца камп'ютарнымі праграмамі і відэакамерай, то гэта яшчэ зусім не значыць, што ты — добры рэжысёр... Удзельнікі "КінаVаrkі" быццам выконвалі заданне нейкага выкладчыка па рэжысуры, аператарскім майстэрстве і г. д., а не імкнуліся перадаць мовай кіно тое, што ў іх набалела ўнутры, чаму неабходна даць выйсце і што, уласна кажучы, і называецца творчасцю. Бо добра выкананае практыкаванне (хоць і такіх было мала) — гэта яшчэ не твор мастацтва.
Кліпавае мысленне
Самым распаўсюджаным жанрам на "КінаVаr-цы" стаў не трылер, драма альбо камедыя, а ... кліп, якія, вядома, таксама бываюць розныя. Але сапраўды якасных кліпаў вельмі мала. Як правіла, гэта проста абстрактны (альбо з просценькім сюжэцікам) відэашэраг, які ненавязліва ілюструе (а можа, і не ілюструе зусім) музычны твор. Менавіта такія кліпы пераважалі на форуме альтэрнатыўнага малабюджэтнага відэа. "Класічны" кліп на песню нейкага альтэрнатыўнага гурта з прыгожымі хлопцамі-музыкамі на дэкадэнцкім фоне; кліп на песню гурта СhеrrуVаtа; падборка нейкага пляжнага відэа пад "лёгкую" сезонную музыку; экстрэмальны чорна-белы кліп з досыць авангарднымі аператарскімі рашэннямі, але на безгустоўную танную папулярную песню... На сур'ёзную работу не цягнуў ніводны кліп. Асабліва мяне здзівіла, што аўтары (не толькі кліпаў, дарэчы), відаць, успрымаюць словазлучэнне "аўтарскае бачанне" вельмі літаральна. І дэманструюць у найлепшым выпадку добрую па тэхнічнай якасці карцінку, але абсалютна пустую па змесце... Аўтарскае бачанне: што бачу, тое і здымаю?! Ніводнага прадуманага дыялога, ніводнай паўнавартаснай, даведзенай да ладу канцэпцыі.
Сёлета, дарэчы, у "Кіна Vаrkі" новыя суддзі: акцёры Анатоль Кот, Аляксандр Кашпераў і Ганна Хітрык. Яшчэ адзін суддзя праекта, драматург Андрэй Курэйчык, з якім давялося паразмаўляць пасля прагляду, не падтрымаў майго песімістычнага настрою:
— У мяне добрае ўражанне, таму што аўтарамі прыкладзена шмат фантазіі, шмат гумару. Сваё нейкае бачанне ёсць у тых рэжысёраў, якія здымаюць для гэтага фестывалю. Прычым я разумею, наколькі гэта складана, таму што большасць фільмаў, напэўна, фінансавалася літаральна са сваёй кішэні, з кішэні сяброў, здымалася на непрафесійную апаратуру. І пры гэтым яны часам пакідаюць большае ўражанне, чым многія дарагія праекты, знятыя за многа-многа грошай. Гэта яшчэ раз паказвае, што самае галоўнае — гэта фантазія і сапраўднае рэжысёрскае бачанне. У некаторых работах яно ёсць. Я не скажу, што ва ўсіх, — безумоўна, узровень розны. Але ў некаторых ёсць, і гэта ўжо добра. Наогул, амерыканскі, еўрапейскі вопыт паказаў, што далёка не ўсе таленавітыя людзі паступаюць у спецыялізаваныя ВНУ. Некага могуць прагледзець, нехта сам не пайшоў, нехта адразу акунуўся ў прафесію, звязаную з тэлебачаннем: здымаў для тэлебачання, а потым захацеў здымаць кіно. Стывен Спілберг, напрыклад, нідзе не вучыўся, проста з камерай хадзіў і нешта здымаў для сябе. А ў выніку атрымаўся вялікі кінарэжысёр. Я думаю, што малады альтэрнатыўны погляд зараз нам вельмі патрэбны. У нас, мне здаецца, надта традыцыйная рэжысёрская школа ў галіне кінематографа. У нас здымаюць так, як ужо ў свеце даўно не здымаюць. Таму трэба проста прыглядацца да маладых, шукаць таленты.
Экуменістычныя матывы
Біблія, рэлігія, Бог, гуманізм — адны з лейтматываў многіх работ "КінаVаrkі". Нягледзячы на сур'ёзнасць, якую падразумяваюць гэтыя паняцці, кінематаграфічна раскрыты яны неглыбока, "па-школьнаму". Як гэткія пафасныя намёкі на нешта большае: "Біблія" ў руках юнака напрыканцы кліпа альтэрнатыўнага гурта; абразы, якія заўжды трымае пры сабе дзядуля — пацыент лякарні ў фільме "Позірк у акно"... Магчыма, глыбіні ў аўтараў не атрымалася таму, што яны амаль усе імкнуліся ўкласці ў максімальна дазволены 30-хвілінны метраж гісторыю, вартую поўнаметражнага фільма. Трэба быць вялікім майстрам, каб справіцца з такой задачай. Згадайма любы кінаальманах ад "Эраса" да "На дзесяць хвілін старэйшы: віяланчэль", у якім удзельнічалі славутыя кінарэжысёры, яны і то ў сціслых навелах паказвалі ўсяго толькі каларытны эпізод з жыцця, урывак, а не эпапею пра лёс чалавека. Як ні крыўдна, але некаторыя фільмы на "КінаVаr-цы" атрымаліся вельмі падобнымі на сацыяльныя ролікі "Белвідэацэнтра". Прычым вы ж разумееце (так?), што сацыяльныя ролікі — гэта спрошчаная мараль і дрэнная акцёрская гульня...
Справа гумару
Але ці ёсць жа нешта станоўчае на "КінаVаr-цы"? Так, самы тлусты плюс, які мне ўдалося разгледзець у некаторых работах, — гэта здаровы аўтарскі гумар. З якога, дарэчы, я і пачала. Запомніўся яшчэ фільм "Апошняя вайна", прагляд якога суправаджаўся шчырым дружным рогатам гледачоў. Фільм распавядае пра ветэрана вайны. Ён дагэтуль не вітаецца са сваім аднагодкам, бацька якога ў часы Вялікай Айчыннай быў паліцаем. Дзядуля-ветэран настолькі апантаны памяццю пра страшную вайну, што ягоныя паводзіны здаюцца гіпербалізавана камічнымі. А аднойчы, блукаючы па лесе, ён натыкаецца на здымкі фільма пра вайну, у якіх, вядома ж, удзельнічалі і "немцы". У дзядулі было з сабой ружжо...
Этнічны голад
Фільмы на беларускай мове ці хоць бы кліпы на беларускія песні наогул адсутнічаюць у конкурснай праграме першага беларускага форума альтэрнатыўнага малабюджэтнага відэа. Што падалося мне вельмі дзіўным, таму што сярод творчай моладзі быць патрыётам, у чалавечым сэнсе слова, зараз, без перабольшвання, модна. З іншага боку, я вельмі гэтаму парадавалася: досыць часта патрыятызм, нацыянальныя матывы, беларускую мову проста эксплуатуюць, спадзеючыся за кошт іх вылучыцца сярод астатніх, не ўкладаючы ў гэта ні сэнсу, ні душы. Але я адчувала-такі нейкі этнічны голад, нейкую крыўду за тое, што беларускіх аматараў паздымаць на відэа больш прываблівае савецкая эстэтыка 30-40-х гг. мінулага стагоддзя (фільм "Фаня"), беларуская савецкая эстэтыка гэтага ж перыяду...
Нейкая штучнасць, фармальнасць панавала на экране падчас адкрытага прагляду фільмаў-удзельнікаў. "КінаVаrkа" "зварыла" кіно без цымусу, без водару. Ды яшчэ і цукар пакласці ў гэтае кіно забыліся.
Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ.