"Балабоніў баламут: а на чорта мне хамут?.."

Источник материала:  

У школах некалі казалі, што ў жыцці заўсёды ёсць месца подзвігу.

Жарту, між іншым, таксама.

Сумняваецеся? Ну тады, што называецца, убачце. Горад. Кватэра. Гаспадыня па кухні топчацца. Чуе — нехта ў шыбу стукае. Азіраецца. Бачыць — за акном яе муж. На пальцах паказвае — дзверы адамкні, маўляў, я ключы забыўся. Гэта бывае, думае жонка, ідзе адчыняць... Але ж крокаў праз колькі спыняецца, бялее тварам, хапаецца за сэрца, азіраецца назад, на акно — бачыць: за ім сапраўды мужык, ніякія не галюнікі. І бразь аб падлогу — і прытомнасць страціла...

"Балабоніў баламут: а на чорта мне хамут?.."Было ад чаго, скажу вам: бо кватэра ў іх на... шостым паверсе, і за акном — гладкая, стромкая сцяна без ніякіх карнізаў!.. Гаспадыня гэта дакладна ведала.

Чаго яна не ведала, дык таго, што непадалёк нейкі манцёр з аўтамабільнай вышкі мяняў лямпу ў вулічным ліхтары. І яе мужык (а гэта быў "заслужаны гумарыст Савецкага Саюза" Мікіта Багаслоўскі) за пяць ранейшых рублёў наняў тую вышку, каб паглядзець, што там робіць жонка, каб пастукаць ёй у акно, каб... пацешыць яе, любімую.

Ці ўсё ж сябе? І потым расказаць, што і як атрымалася, ды людзей пасмяшыць?!

Акурат тое самае маюць на мэце і нашы чытачы, удзельнікі конкурсу на лепшы подпіс да здымка. "Атрымаўшы свежы нумар газеты, адразу гляджу, ці ёсць там рубрыка "Хто каго?", — паведамляе, дарэчы, Валерый Гаўрыш з Чавусаў. — І ўжо тады... Задавальненне ад россыпу "перлаў", ад дыяпазону ідэй, знаходак проста каласальнае! Шкада толькі, што не адразу, як правіла, з'яўляецца натхненне, каб напісаць, не заўсёды знаходзіцца час".

Відаць, таму першыя варыянты чытацкіх подпісаў да здымка прыходзяць па электроннай пошце і ў той жа дзень, апошнія — месяцаў праз пяць (так-так!) пасля чарговага агляду.

Зрэшты, не так важна калі яны прыходзяць (абы своечасова!), важна, якія. Таму яшчэ раз зірніце на верхні здымак і чытайце: найперш подпіс ад Раісы Васільевай з Гомеля:

Даўно калісь адзін дзівак

Купляў сабе рагулю так:

Прыдбаў даёнку і вяроўку,

А потым — таргаваў кароўку...

Пятрок наш гэтак жа зрабіў:

Сукенку шлюбную набыў.

А зараз пільна пазірае:

Нявесту пад яе шукае.

Якую? З "габарытамі", як быццам, усё зразумела, а вось з усім астатнім... Ёсць, як кажуць пытанне...

А, значыць, ёсць і адказ:

Перабраў Ясь многа "цёлак",

А чакае — удавы,

Бо ў тых пустых свісцёлак

Ані рук, ні галавы,

піша да здымка А. Молчан з Маладзечна.

І, між іншым, не толькі ён (ці яна?). "Убачце":

Строй ў дзеўкі... А пастава...

З ёй не меней, чым на Вы...

А як толькі рот адкрыла, —

Далібог без галавы!

...Хлопец, бедны,

так спужаўся, —

Без штаноў ажно застаўся! —

заўважыла Соф'я Кусянкова з Рагачоўшчыны.

Пра тое ж (не нарадзіся прыгожай, а то ў першым класе партфелямі галаву адаб'юць) даслалі радкі і ўдзельнікі гуртка "Юны журналіст" з АСШ № 3 г. Вілейкі. Што цікава, па іх меркаванні безгалоўе — гэта зусім не тое, што патэнцыйныя жаніхі могуць заўважыць. Прынамсі, хутка: 

У кралі грудзі, шыя, а ўжо талія...

З такой адразу ажаніцца б мог!..

Але... чагосьці, людцы,

не хапае ёй?

Не разбяруся — галавы?

Ці ног?

Нага, як быццам, ёсць? Праўда, адна... А што не жаночая і босая, дык мо і сапраўды мае рацыю спадар Шымко з Гродна:

Голы-босы Ясь застаўся, —

На сукенку расстараўся.

Што ж — рэч гэта і сапраўды не танная. А таму —

Ясь жаніўся б... Як багаты...

Ды шкадуе маму з татам:

Каб вяселле адгуляць

Трэба сем кароў прадаць, —

піша пра героя здымка спадар Дубовік з вёскі Арэшкавічы Бярэзінскага раёна. І добра ж, калі ў бацькоў свой статак, калі сам жаніх недзе ў міліцыі працуе ці ў банку, а калі...

Сын Вальдэмары Шышко з вёскі Навасёлкі-1, што на Пастаўшчыне, іншую справу абраў. І цяпер... Пра яго, не пра яго матуля піша:

З тога веку хлопец Коля

Шлюб узяць збіраецца...

Ды настаўнічае ў школе —

Кашалёк зліпаецца:

Як купіў дзяўчыне кветкі,

Дык сабе — хіба шкарпэткі...

А сукенку каб прыдбаць,

Трэба з вучняў хабар браць.

Кажаце, што ім, настаўнікам яго, як быццам, не даюць яшчэ?

Так, гучных крымінальных спраў пакуль не чуваць, але ж (свят-свят-свят!), калі з'явіцца попыт... Бо аднаму паміраць — яшчэ куды ні ішло, а вось жыць — Божа барані! Значыць, трэба жаніцца, ствараць сям'ю...

Хоць, як піша спадар Гаўрыш з Чавусаў, разумеюць гэта не ўсе. Прынамсі, адразу:

Гэта модна —

Ты свабодны,

Шлюб? Ды віртуальны...

Дзень пры дні

Сядзіш адзін

Ноч пры ночы...

Цяжка, блін!

Трэба —

Шлюб рэальны!

З кім? На гэтую тэму досыць удалыя радкі склаліся ў спадарыні Янучок з вёскі Нагорнае Клецкага раёна. Гледзячы на здымак, Зоя Пятроўна піша:

Дзеліць Бог не роўна! Бачу:

Пецю — Маша, Колю — Света,

Анжаліка — Агурбашу,

А камусьці — міс Сусвету...

Ала к Галкіну прыпала,

Нехта — да Сафі Ларэн...

А Барысу дзевак мала, —

Яму толькі манекен.

Хоць, мяркуючы па твары, і хацелася б іншага.

Чаго? Здагадка ад мінчан сужэнцаў Астроўскіх:

Хлопцу гэтаму, напэўна,

Ужо абрыдла з манекенам...

Ды жыццё такое стала,

Што царэўнаў зараз мала

Вось і думае хлапчына,

Дзе ж яна, яго дзяўчына?!

...Будзе час, прыйсці павінна!

Дай Бог! Але ж тут у тэму, як кажуць, перапеў — ад спадарыні Тарасік:

"Замуж выйсці трэба знаць,

Позна легчы, рана ўстаць..."

Ясь ахвотных выглядае, —

Аніводнай не відаць!

Можа, прычына ў дзеўках? Не хочуць клопатаў, турбот, няўдзячнай працы... А можа, і ў тым, што

Сёння Янка не багаты

Другі раз прыйшоў у сваты

Дзеля будучае жонкі

Купіў строі і пярсцёнкі.

Ды застаўся сам ізноў

Без кашулі і штаноў, —

піша пра хлопца спадар Старых з Гомеля, узгадаўшы песню з рэпертуару ансамбля "Бяседа" "Што ж ты, дзеўка, робіш?".

Не тое нешта... У дзеўкі. Як і ў хлопца (на думку спадарыні Кусянковай):

Падбірае жонку Генка

Пад вясельную сукенку:

Ды штось дзеўкі не клююць:

Міма босага ідуць...

Прад'яві кватэру, Генка,

А пасля ўжо сукенку.

Дарэчы, у тым, што дзеўкі праходзяць міма, можа быць і іншая прычына:

Балабоніў баламут:

А на чорта мне хамут?..

І які ў жаніцьбе сэнс,

Калі ў модзе вольны сэкс?..

А як сталасць падышла,

Нават баба не пайшла.

А ўгаворваў жа, як піша спадарыня Чыгрынава з Вілейшчыны! Ды што там — нават сукенку купіў.

А яшчэ ў апошнія хвіліны магло здарыцца вось што:

Нявеста збегла з-пад вянца?

Усялякае бывае...

Давесці справу да канца

Жаніх гэты жадае.

Чакаюць госці за сталом.

Дзяўчаты, не зявайце,

Хутчэй сюды, сукенка ёсць,

Свой шанц не ўпускайце! —

заклікае спадарыня Запрудская з в. Жукоўшчына Шаркаўшчынскага раёна. Прычым — усіх дзяўчат. Спадарыня ж Пажога з Глыбоччыны — тую, адну-адзіную, якой хлопец цяпер шэпча:

Дзе ты, лёсам наканаваная?

Выбрана шлюбнае ўбранне...

Прылятай жа, галубка жаданая,

Сэрца гарыць у чаканні.

Светлае, палкае, вернае

Будзе наша каханне!

Хай Бог дае! Але ж чытачы ўбачылі на здымку не толькі яго (у розных праявах), але і спробы прадпрымальніцтва:

Ёсць люстэрка і ўслон?

Значыць, гэта ўжо салон.

Як тых рэчаў нестае,

То сукенка з атэлье, —

паведамляе Анатоль Гарачоў з Іўеўшчыны, каб пакупнікі ведалі, што кошт тавару ў першым выпадку будзе вышэйшым. Наконт якасці бабка надвое казала. А ўжо абслугоўванне...

Ці то спаў з манекенам,

Ці што дрэннае з'еў:

Позірк быццам бязменам

Пакупнічак агрэў...

Як адчулі, што нялюбы,

Яны цягу з той "Галубы"...

Калі хочаш справу зладзіць,

Думай, чым людзей прывабіць, —

раіць прадпрымальніку спадар Гаўрыш з Чавусаў. Спадарыня ж Чыгрынава лічыць што думаць трэба было раней — пра тое, які (канкрэтна) адкрываць бізнэс, а які — не мае сэнсу:

Дзе ўжо вёсцы да тых шлюбаў:

Прагарыць твая "Галуба"!

Адчыніўшы "Рытуал", —

Век бы горачка не знаў!

(Ад яе ж, ад Любові Міхайлаўны:

І куды палез ты, братка?

Тут жа трэба хітрасць, хватка...

А з такою мінай, Жора,

Табе толькі ў рэвізоры).

У любым выпадку і без сумневу мае рацыю спадар Дубовік з Бярэзіншчыны:

Хлопцы, грошы зарабляйце!

Й па сакрэту вам скажу:

Дзевак ля сябе трымайце,

А то з'едуць за мяжу!

Каб што лепшае, бо попыт на іх заўсёды ёсць...

Як ёсць і яшчэ адзін, варты ўвагі, подпіс — ад будучых калег з гуртка "Юны журналіст":

Выйшаў з крамы Ясь

у задуменні:

Як жанчынам цяжка ў жыцці:

Ён сукенку, мо,

яшчэ й адзеў бы, —

На абцасах —

з ганка не сысці.

"Балабоніў баламут: а на чорта мне хамут?.."А яны — галу́бкі — бегаюць і нават лётаюць. У пошуках шчасця — таксама. То ўдачы кожнай з іх! І вялікай...

Што да маленькай, то яна ў выглядзе перамогі ў конкурсе на мінулым этапе (на здымку спячая прыгажуня была), на думку вялікага чытацкага журы, усміхнулася спадарыні Тарасік з Мінска, спадарам Нефідовічу з Лунінеччыны, Гаўрышу з Чавусаў і Анатолю Гарачову, з чым пагадзілася і маленькае журы — рэдакцыйнае. Таму прыз у выглядзе падпіскі на першы квартал 2011 года на дарагую сэрцу газету накіроўваецца ў вёску Даўнары Іўеўскага раёна. Хочаце, каб да вас? Пішыце! Здымак, як заўжды, дадаецца. Умовы ранейшыя: коратка (не больш за 8 радкоў), дасціпна і... "Паглядзеўшы на мінулы здымак і ўбачыўшы там жанчыну, якая спіць пад плотам, мы рашылі, — паведамляюць сужэнцы Астроўскія з Мінска, — што прапусцім гэты этап, бо ўсе ж будуць пісаць пра бамжоў і алкаголікаў. Як высвятляецца, — не, людзі ўбачылі зусім іншае!"...

А таму, напэўна, варта нагадаць, што на здымак трэба глядзець доўга. І думаць доўга. Тады і ўбачыцца нешта незвычайнае... І зрыфмуецца... І надрукуецца. Ды што там — нават пераможа!

Валянціна Доўнар.

←Вступила в силу новая редакция закона «О туризме»: в договоре можно прописать даже количество полотенец в гостиничном номере

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика