Башмет у Мінску мае "імперскія замашкі"

Источник материала:  

Музыкант прызнаўся, што замест палітычнай імперыі хоча стварыць імперыю музыкі

Ён выйшаў на сцэну па-свойску, у куртачцы, нібыта мімаходзь забег да прыяцеляў (а, зрэшты, калі не па-прыяцельску, то як ставіцца да краіны, якая праводзіць фестываль у гонар артыста іншай краіны?). Прывітаў маладых музыкантаў, якія прыехалі павучыцца ў сваіх куміраў падчас майстар-класаў у Моладзевай акадэміі краін СНД. Выкладчыкі акадэміі таксама выйшлі ў канцэрце яе адкрыцця — у канцэртных строях, бо ім жа трэба было выступаць перад сваімі ж студэнтамі, гэта значыць, паказаць сябе ва ўсім бляску. Кіраўнік акадэміі іграў самы першы — нібыта для сваякоў. Тут жа зняў куртку, гадзіннік — з ім нязручна іграць. Перад тым, як узяць у рукі альт, падышоў да студэнтаў, працягнуў руку: якая халодная, паглядзіце. Прызнаўся, што не ў самай лепшай кандыцыі для музіцыравання...Усё з-за таго, што ёсць пэўная стомленасць: толькі ранкам музыкант выехаў са Швейцарыі, каб паспець у Беларусь — вельмі спяшаўся на адкрыццё другой Моладзёвай акадэміі краін СНД, якая праходзіць напярэдадні фестывалю Башмета. Увесь час здзіўляла, чым жа апошнія гады так вабіць Мінск народнага артыста СССР? Дзеля чаго столькі напружання, марокі — акрамя фестывалю цяпер яшчэ і акадэмія? З-за якіх такіх інтарэсаў ладзіцца гэтае мерапрыемства? І вось Юрый Абрамавіч патлумачыў:

Башмет у Мінску мае "імперскія замашкі"— У мяне вельмі шмат ангажэменту, запрашэнняў, але без шчырага жадання займацца гэтым нічога б не было. Безумоўна, паміж канцэртам у "Карнегі-холе", ці канцэртам з нейкім вялізным ганарарам я б абраў канцэрт, а не акадэмію... Не хачу выхваляцца, але я загадзя планую, каб у графіку нічога не супадала і не даводзілася выбіраць, адмаўляцца ад важнага канцэрта дзеля акадэміі ў Мінску. І тым не менш, для мяне гэта важней, чым выступіць у якой-небудзь сталіцы свету. Бо галоўная ідэя акадэміі — не губляць нашых сувязяў. У глыбокім сэнсе слова.

Я памятаю Мінск яшчэ з тых часоў, калі быў Савецкі Саюз і не патыхала яго развалам. Памятаю свае прыезды ў Мінск — гэта было прэстыжна, вельмі важна. Я сур'ёзна рыхтаваўся. Тады я прыязджаў яшчэ ў Мінскую філармонію. Усё на нейкіх настальгічных жыццёвых сувязях будавалася, таму што тут быў і ёсць цудоўны піяніст Юрый Гільдзюк, мы разам жылі ў інтэрнаце ў гады вучобы ў Маскве. Яшчэ да яго быў чалавек у Беларускай філармоніі, фанатычна адданы музыцы. Гэта вялікі пласт у маім жыцці. Памятаю прайграванне перад першым конкурсам тут, якое было вельмі нервовым, тым больш што піяністка, з якой я іграў, Віёла Ярохіна, была дачкой вельмі добрага скрыпача, які жыў у Мінску, — ён тады прыходзіў на наш канцэрт. Яна была жонкай цудоўнага піяніста Мішы Ярохіна, які выступаў з Віктарам Траццяковым. Гэтыя сувязі па жыцці працуюць. Мне, напрыклад, вельмі шкада, што яны з-за палітыкі перарваліся.

Я падумаў пра тое, што адна справа — мае настальгічныя адчуванні, а іншая — што адчуваюць маладыя людзі. Сёння дзеці, а заўтра яны — народ. І можа здарыцца так, што адзін народ не будзе ведаць іншы народ. А зусім нядаўна ў гістарычным плане іх звязвала агульная культура, з нацыянальнымі асаблівасцямі. Гэта, можа, пафасна гучыць, у патрыятычным сэнсе (для каго ў дрэнным, а на маю думку, — у добрым). Асноўная мэта — нас не разводзіць, наадварот, дзякуючы гэтай акадэміі мы закладваем у наступным пакаленні прагу аб'яднацца. Нас ніхто не прымушае арганізоўваць нейкую музычна-палітычную дзяржаву. Але мы хочам стварыць імперыю музыкі. Тут у нас вялікія амбіцыі.

Ідэя акадэміі, як і сам фестываль, падтрыманая Урадам Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам культуры. Мы ўсе хочам зрабіць добра.

Гэта мае сэнс: сёлета павялічылася колькасць краін і колькасць людзей, якія ўдзельнічаюць у Моладзевай акадэміі. Летась было 17 удзельнікаў, а цяпер 30. Краін было 7, стала 10. У нас ёсць імперскія замашкі — мы хацелі б далучыць яшчэ і Прыбалтыку! Няма Кіргізіі па зразумелых прычынах — у іх прыглушаны гуманітарны момант. Гэтыя сувязі, якія хочаце альбо не, зрабілі вялізны ўплыў на Маскву ў музыцы. У свой час Літва дала кампазітара Каркаўскаса, з'явіўся дырыжор Саулюс Сандэцкіс са сваім камерным аркестрам. Я прыводжу адзін з прыкладаў. Тое ж самае можна сказаць пра Украіну ці Беларусь, ды і ўсе былыя савецкія рэспублікі. Таму ў нашых сілах зрабіць так, каб захаваць узаемапранікненне культур і нечага больш глыбокага агульнага. Бо ў кожнай нацыянальнай культуры ёсць нейкія непаўторныя рэчы, якія калі раптам пранікаюць у акадэмічны агульнаеўрапейскі стыль, то гэта надае мастацтву неверагоднае гучанне. Гаворка пра тое, што незалежна ад таго, як будуць складвацца палітычныя сувязі, мы будзем старацца ўплываць, каб яны складваліся міралюбіва.

— А ў вашым жыцці былі майстар-класы, якія паўплывалі на музычную кар'еру?

— У дзяцінстве ў мяне быў цудоўны педагог, якая зрабіла вельмі важную рэч — дала сам інструмент у рукі, навучыла яго трымаць і правільна вадзіць рукамі. Была правільная мама, якая выпіхвала мяне катацца не веласіпедзе, разумеючы, што я дзеля яе адстойваю гадзіну з інструментам. Яна мне сама казала: "Едзь, потым прагаладаешся, прыедзеш і яшчэ пазаймаешся." Так і было. Сапраўды, з пачуццём задаволенасці я яшчэ займаўся. Праўда, з іншага пакою яна чула нейкія гукі, але ў гэты час у мяне на пульце стаяла кніга "Тры мушкецёры"... Памятаю, было захапленне "Бітлз". Але адна песня мне падабалася, а другая не вельмі. А трэцюю я падбіраў. Мама была маім таварышам, казала: "Вось гэта прыгожая мелодыя — "Мішэль", а іншая не зусім падабаецца". Потым у Маскве мне пашчасціла. Мяне, як прасунутага студэнта, скіравалі да Рыхтэра. Затым Растраповіч паклікаў мяне перад сваім ад'ездам. Зносіны з імі шмат давалі. Таму майстар-класы вельмі важныя. Вельмі важна, якую культуру прывівае педагог. У мяне быў геніяльны настаўнік Фёдар Дружынін, пасля ўрокаў якога ляжыш і не можаш заснуць. Мне шчасціла: патрапіў на свой першы міжнародны конкурс у Будапешце, але ўспрыняў як няшчасце, што атрымаў не першую, а другую прэмію. Таму што я ехаў туды лепшым з Масквы. Але і ў гэтым было шанцаванне: калі б я атрымаў першую прэмію, то не патрапіў бы праз год на конкурс у Мюнхен (быў такі закон), дзе перамог, і потым выбудавалася ўся мая кар'ера праз нямецкамоўныя краіны.

Святаслаў Рыхтэр, як асоба, моцна на мяне паўплываў, яшчэ з таго часу, калі пачаў спачатку ўдзельнічаць ў яго ансамблі. А потым мы з ім ігралі дуэтны канцэрт. Па-мойму, праз Мінск праязджалі. Я за рулём, ён сядзеў справа. Я памятаю, у Брэсце мы ігралі не раз, у Мінску начавалі, значыць, быў і канцэрт... Такіх майстар-класаў у мяне не было, але настаўнікаў аказалася нямала.

Запісала Ларыса ЦІМОШЫК.

←Разыскиваемый Бакиев покинул Белоруссию

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика