Канцэрты як паказчык дабрабыту
Міжнародны фестываль Юрыя Башмета, які праходзіць пяты раз, важны для нашай дзяржавы, падкрэсліваюць прадстаўнікі Міністэрства культуры.
Першы намеснік міністра культуры Беларусі Уладзімір Карачэўскі:
— Такія міжнародныя форумы з'яўляюцца знакавымі для любой краіны, гэта сведчыць пра ўзровень духоўнасці. Фестываль становіцца больш прыкметным, ідзе падтрымка маладых талентаў. Мы хочам захаваць гэты фестываль, але каб стварыўся і адыгрываў істотную ролю ў яго арганізацыі своеасаблівы артыстычны савет. Міністэрства культуры праводзіць такую палітыку, каб стварыць заканадаўчую базу для работы спонсараў і мецэнатаў. Ёсць думка пра тое, каб фестывалі, на канцэрты якіх ёсць попыт, паступова перавесці на поўнае самафінансаванне. Ці каб часткова фестываль сябе акупляў, пэўная частка фінансавання ішла з бюджэту, а нейкую суму давалі спонсары.
Паводле слоў дырэктара фестывалю Расціслава Крымера, зараз мерапрыемства сябе акупляе на 90 працэнтаў. Прычым вядома, што ў фестывалю імя Башмета ў Мінску добрыя спонсары, напрыклад, МТС і JTІ. І кошт на квіткі таксама добры — ад 20 да 90 тысяч рублёў.
Ларыса ЦІМОШЫК.