Інвестары да нас прыйдуць — але не на наступны дзень пасля эканамічнага форуму

Источник материала:  

У Франкфуркце-на-Майне ў сярэдзіне лістапада пройдзе Беларускі інвестыцыйны форум у рамках Еўрапейскага фінансавага тыдня. Да гэтага аналагічныя мерапрыемствы праводзіліся ў Лондане (у 2008 годзе) і ў Мінску (у 2009 годзе). Праходзяць інвестыцыйныя і эканамічныя форумы і на больш нізкім узроўні — напрыклад, мне давялося выпадкова папрысутнічаць на эканамічным форуме рэгіянальнага маштабу ў Светлагорску. Правядзенне мерапрыемстваў такога кшталту з ініцыятывы дзяржструктур паказвае, што, відаць, у Беларусі пытанні прыцягнення інвестыцый пачалі ў апошнія гады два ставіцца рэгулярна і на самых розных узроўнях — ад рэгіянальнага да міжнароднага. Але наколькі Беларусь мае патрэбу ў інвестыцыях і наколькі замежныя інвестары гатовыя ўкладваць у нашу краіну? Пра гэта і іншае мы пагутарылі з Уладзімірам Абрамавым, начальнікам аддзела прамых замежных інвестыцый кампаніі "ЛідарІнвест", якая існуе з сярэдзіны 90-х гадоў і з'яўляецца адной з найбольш старых інвестыцыйных кампаній у нашай краіне.

— Давайце пачнём вось з чаго: за апошнія пару гадоў пад сцягам лібералізацыі было вельмі шмат зменаў у заканадаўстве — як вы ацэньваеце гэтыя змены, у прыватнасці тыя, якія датычацца інвестыцый?

Інвестары да нас прыйдуць — але не на наступны дзень пасля эканамічнага форуму— Калі казаць пра прамыя інвестыцыі і наогул пра тое, што сёння адбываецца, то сапраўды, у нас заканадаўства з 2008 года зрабіла проста каласальны рывок, асабліва ў некаторых галінах, бо, напрыклад, па аблігацыях у нас наогул створаныя беспрэцэдэнтныя ўмовы, калі даходы, атрыманыя інвестарамі па працэнтах ад іх не абкладаюцца падаткам. Але ўсе гэтыя змены ў заканадаўстве былі прынятыя напярэдадні крызісу, таму чаканага эфекту не атрымалася. Зараз эканоміка паціху выходзіць з крызісу, і інвестары будуць прыходзіць.

— Напэўна, засталіся і праблемы?

— Так, у нас існуе вялізны рэзерв унутраных інвестараў, які мы не рэалізоўваем, — гэта наша насельніцтва, у якога ёсць грошы. У нас чамусьці заўсёды кажуць, каб насельніцтва клала грошы толькі на дэпазіты ў банкі, хоць ва ўсім свеце, нават у той жа Расіі, насельніцтва ўкладвае грошы ў акцыі, аблігацыі — гэта значыць людзі з'яўляюцца інвестарамі ў фондавы рынак. Такім чынам атрымліваецца, што пры наяўнасці вялікай унутранай сілы мы шукаем і прыцягваем замежных інвестараў, а сваіх інвестараў унутры краіны мы недаацэньваем і ніякім чынам не стымулюем. Фондавы рынак у нас толькі ствараецца, не ўсё адпрацаванае, таму, па-першае, у нас слаба абароненыя правы мінарытарыяў (акцыянераў з дробнымі пакетамі акцый), а па-другое, у нас вельмі высокія тарыфы на дэпазітарнае абслугоўванне, якія ўсталяваныя цэнтральным дэпазітарыем каштоўных папер. Скажам, калі ў фізічнай асобы пакет акцый ацэнены ў 200 тысяч рублёў, то трэба плаціць каля 35 тысяч штомесяц за абслугоўванне. Вось з-за гэтага і стрымліваецца магчымасць выкарыстання ўнутраных інвестыцый у выглядзе грошай насельніцтва. Бо, скажам, тыя ж 200 тысяч чалавек мог занесці не толькі ў банк на дэпазіт, а набыць аблігацыі, якія з'яўляюцца вельмі добрым фінансавым інструментам.

— Дарэчы, Уладзімір Аляксандравіч, а ці ёсць наогул у нашых беларускіх прадпрыемстваў патрэба ў інвестыцыях?

— О, што вы! Каласальная патрэба існуе! На нашых прадпрыемствах вялікі працэнт зносу абсталявання. Безумоўна, ёсць флагманы, куды дзяржава ўкладвала грошы, але калі іх адкінуць, то шмат на якіх прадпрыемствах абсталяванне маральна і фізічна састарэла і патрабуе абнаўлення. І для гэтага патрэбныя грошы. А, як паказвае сусветная практыка, ніводная дзяржава, нават такая супербагатая як Савецкі Саюз, не можа сваімі грашыма фінансаваць абнаўленне і мадэрнізацыю ўсіх прадпрыемстваў у краіне. Таму не трэба вынаходзіць веласіпед: існуе толькі адзін спосаб — прыцягнуць інвестыцыі і за кошт гэтых грошай праводзіць абнаўленне. Наогул, значэнне фондавага рынку цяжка пераацаніць: у канцы ХІХ стагоддзя бум амерыканскай эканомікі пачаўся дзякуючы бурнаму развіццю фондавага рынку, дый і ў Савецкім Саюзе, каб ў гады вайны прыцягнуць сродкі, быў створаны вялізны фондавы рынак: былі выпушчаныя аблігацыі, якія купіла насельніцтва. Гэта якраз і былі ўнутраныя інвестары, калі вяртацца да таго, што я казаў трошкі раней.

— Скажыце, а калі ўзяць усё-такі знешніх інвестараў — наколькі наша краіна з'яўляецца для іх прывабнай?

— Вы ведаеце, я лічу нас прывабнымі, у нас вельмі шмат у апошні час робіцца, каб стварыць імідж краіны. Калі казаць пра знешніх інвестараў, то тут таксама існуе пэўная класіфікацыя: інвестарамі могуць быць і вялізныя фонды з мільярдамі на рахунках, і невялікія інвестары, зацікаўленыя ў праектах на мільён-два долараў. І ў кожнага — свае крытэрыі ацэнкі, кожны для сябе ўзважвае рызыкі і выгоды. У Беларусі высокія краінавыя рызыкі. Чаму так? Бо наша краіна звярнулася да сусветнай інвестыцыйнай супольнасці толькі некалькі гадоў таму, а давер напрацоўваецца гадамі, гэта вельмі доўгі працэс, і было б наіўным чакаць, што мы кінулі кліч і ўсе адразу прыбеглі. Але не трэба думаць, што мы адны такія — скажам, ва Украіны і Расіі таксама высокія краінавыя рызыкі. У нас ёсць прывабныя для інвестараў прадпрыемствы, і інвестары прыходзяць — у асноўным гэта невялікія стратэгічныя праекты (да 10 мільёнаў долараў). Што тычыцца вялікіх фондаў, то мы пастаянна атрымліваем запыты, маем з імі зносіны, даём рэгулярна інфармацыю, але ўсё гэта пакуль на ўзроўні кансультацый.

— Зараз рыхтуецца Беларускі інвестыцыйны форум у Франкфурце-на-Майне, два гады таму быў форум у Лондане. Ці ёсць карысць ад такіх мерапрыемстваў?

— Гэта ў залежнасці ад таго, што разумець пад карысцю. Не трэба чакаць, што мы сабралі інвестараў, паказалі ім праекты, і яны пабеглі да нас. Гэта хутчэй за ўсё іміджавы піяр краіны ў цэлым. Па такім шляху ідуць усе краіны, гэта неабходна рабіць і нам, але чакаць, што інвестары прыедуць на наступны дзень пасля форуму, — не трэба.

— Значыць, калі абагульніць, то можна сказаць, што цікавасць ёсць, але інвестары пакуль больш пільна прыглядаюцца да Беларусі?

— Можна сказаць і так. І яшчэ, на мой погляд вялікі патэнцыял мы маем у нашых навукаёмістых тэхналогіях. Мне падаецца, што тут  нават большы патэнцыял прыцягнення інвестараў у інавацыйную галіну, чым у цэлым у эканоміку. Бо сюды ідуць венчурныя капіталісты, а гэта значыць, што яны гатовыя і на большую рызыку, а мы, у сваю чаргу, маем дастаткова вялікі навуковы патэнцыял.

— Мне даводзілася чуць ад некаторых бізнэсменаў, што беларускія чыноўнікі не маюць зацікаўленасці ў прыцягненні інвестыцый і трохі фармальна выконваць указанні, што спускаюцца зверху...

— Вы ведаеце, я тут не пагаджуся. Калі глядзець на нашу вертыкаль улады, то ў большасці сваёй ёсць і разуменне, і падтрымка, і зацікаўленасць. Я не магу сказаць, што ўсё робіцца фармальна. Зараз у нас, як ні дзіўна, праблема ў іншым — у дырэктараце, які з'яўляецца самым вялікім "тормазам". Калі намаляваць сярэднестатыстычны партрэт дырэктара, то гэта чалавек у раёне 60-ці гадоў, амаль пенсіянер, які мае дастаткова кансерватыўныя погляды, і яму ўсім гэтым займацца і браць на сябе адказнасць вельмі не хочацца. Так адбываецца таму, што ў нас, калі дзяржпрадпрыемства становіцца акцыянерным таварыствам, мяняецца толькі шыльда, а сутнасць застаецца тая ж самая. Таксама непрафесійна закладваецца сама структура: калі на Захадзе прадпрыемствам кіруе савет дырэктароў, куды ўваходзяць суперпрафесіяналы ў сваёй сферы, прычым не абавязкова члены калектыву прадпрыемства, то ў нас у назіральны савет уваходзяць якія-небудзь бухгалтар, эканаміст, магчыма, чыноўнік. І атрымліваецца, што як кіраваў дырэктар прадпрыемствам — так і кіруе. А трэба, каб савет дырэктароў вырашаў стратэгічныя пытанні, каб яго члены паказвалі, як яны бачаць адну і тую ж праблему пад рознымі вугламі і гэтак далей. А паколькі ў нас такі інстытут фактычна адсутнічае, то і дырэктарат такі, які па вялікім рахунку нават не разумее неабходнасць інвестыцый.

— А як жа змяніць сітуацыю?

— Трэба перш за ўсё падыходзіць з пазіцыі ўласніка. Калі будзе зацікаўленасць ва ўласніку, то менавіта адтуль і пойдзе ўся рэформа.

— На ваш погляд, як будзе далей праходзіць прыцягненне інвестыцый? Варта чакаць у хуткім часе вялікага наплыву інвестараў?

— Скажам так: я схільны лічыць, што развіццё будзе ісці паступова. А ўлічваючы, што ў нас ёсць некаторыя прабелы ў заканадаўстве па фондавым рынку, вялікі наплыў быў бы нават і не да месца. Просты прыклад: калі, скажам, рэзка павялічыць колькасць аперацый на нашай Валютна-Фондавай біржы, то нават праграмнае забеспячэнне не зможа бесперабойна працаваць. Таму добра будзе, калі развіццё пойдзе паступова. А так заканадаўства ў нас ёсць, добрая воля ёсць, зацікаўленасць тых жа чыноўнікаў існуе. Магчыма, недзе не хапае разумення ці іншай канцэпцыі, але гэта ўжо і новае пытанне.

Гутарыў Павел БЕРАСНЕЎ.

←Разыскиваемый Бакиев покинул Белоруссию

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика