Апошні тэрмін — не апошні

Источник материала:  

Гісторыя з будаўніцтвам дома для вялікай сям'і Драбышэўскіх з Гомеля мне самой нагадвае колішні серыял "Санта-Барбара". Месца дзеяння не мяняецца, дэкарацыі — амаль што таксама, затое герояў становіцца ўсё больш. І ўсё больш мудрагеліста прарастаюць іх лёсы, пераблытваюцца калізіі ўзаемаадносінаў. Ужо ўсе даўно стаміліся глядзець, але ж сцэнарысты ніяк не могуць развітацца з героямі, і сюжэт зноў ідзе па крузе. Усё і тут, як у бясконцай "мыльнай оперы". Толькі глядач, ці то чытач можа нарэшце заблытацца, хто каму здраджвае, хто каму помсціць, хто каго "любіць"... Тут неўзабаве пачынаеш адчуваць сябе сваяком — праўда, ніяк не вызначыш каму: заказчыкам-праектантам-падрадчыкам-тэхнаглядчыкам-уладам... Гэта вам не намаляваны дамок з пазлаў скласці, гэта — дом "на халяву" пабудаваць.

Нагадваю, "Дом "на халяву" — гэта быў самы першы артыкул у "Звяздзе" (30.09.2010), прысвечаны будаўніцтву ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта №185 "Аб выдзяленні грамадзянам ільготных крэдытаў на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў". Потым было яшчэ два ("Усіх трэба зразумець?" 28.07.2010 і "Чарговы тэрмін для шматпакутнага дома" 02.09.2010). Зараз — чацвёртая серыя. Дакладна ведаю, што не апошняя. Бо, хоць рухі на будаўніцтве заўважныя, але ж тэрмін здачы — 1 кастрычніка 2010 года, пастаўлены старшынёй Гомельскага гарвыканкама Віктарам Піліпцом на спецыяльнай нарадзе, — прайшоў, і цяпер дом знаходзіцца ў тым выглядзе, што вы бачыце на здымку.

Апошні тэрмін — не апошніГаспадыня Марына Драбышэўская з дня на дзень пойдзе ў радзільны дом (чакае шостае дзіця). Калі будаўніцтва толькі планавалі, дзетак было двое. Новы член сям'і, напэўна, прыйдзе ў той жа старэнькі маленькі дамок пабудовы 1920 года, бо тэрмін заканчэння будаўніцтва новага дома зноў перанесены — на месяц. Клопаты маці, аднак, не толькі пра немаўля:

— Нам гаворыць падрадчык, што не яны павінны рабіць перагародку ў ванным пакоі і падлогу там заліваць, бо гэтага няма ў каштарысе. Атрымліваецца, што ў нас замест унітаза — пясочніца. Мы што, павінны як сабачкі ці коткі?.. Прадстаўнікі ўпраўлення капітальнага будаўніцтва гавораць, што неабходна каб былі ўзведзеныя ўсе сцены. Падрадчык кажа — пастаўце вокны, мы адказваем — дык іх знясуць, бо дзверы павесіць няма на што пакуль.

Пасля перамоў з заказчыкам і тэхнаглядам кіраўнік прадпрыемства-падрадчыка ППТУП "Контур Плюс" Аляксандр Сідарок згаджаецца, што нельга пакідаць санітарныя пакоі без сцен і падлогі і абяцае выканаць і гэтыя работы:

— Мы дадаткова зробім кладку перагародак, тамбур, тынкоўку ўнутраных сцен і падлогу. Убачым, што па грашах засталося і потым будзем рабіць далей.

Аляксандр Валянцінавіч, пад кіраўніцтвам якога ўвесь доўгі час вядзецца будаўніцтва дома, дае свае каментарыі. Па яго словах, ужо выключаныя праблемы, што чарговы раз (і пастаянна) узнікалі на аб'екце. Ён растлумачвае, чаму ўсё ж дом быў недароблены і да 1 кастрычніка:

— Здадзім, пакрыху здадзім. Мы збіраліся на будаўніцтве разам з УКБ, там было шмат пытанняў. Па стане на 30.09.2010 выкананыя наступныя работы: цагляная кладка — 90%. Што тычыцца дахавага пакрыцця — страпільная сістэма зробленая на 95%. 5% не зроблена з-за праліку, які дапусцілі архітэктары. Пакрыццё металачарапіцай выкананае напалову — па той жа прычыне пакуль нельга працягваць далей. Бо калі мы поўнасцю пакладзём дах, то не зможам эркерную частку зрабіць — там архітэктары пралічыліся. Справа ў тым, што ПУП "Архітэктурная майстэрня" зрабіла адпіску па праектным браку. Што тычыцца ўцяплення фасада — яно зроблена поўнасцю, толькі будзем падраўноўваць пад эркерам.

Увогуле цікава, аказваецца, мець справу з будаўнікамі — тут на сумленні не праедзеш. Нездарма, акрамя тых, хто будуе, ёсць тыя, хто кантралюе будаўнікоў. А акрамя тых, хто праектуе, ёсць тыя, хто кантралюе як тое, што спраектавана, будзе пабудавана адпаведна з праектам. Праца ёсць усім, а віна заказчыка (Драбышэўскіх у нашым выпадку), па меркаванні архітэктараў, у тым, што яны, не ведаючы ўсіх акалічнасцяў, на этапе праектавання не заключылі з ПУП "Архітэктурная майстэрня" дагавор і на аўтарскі нагляд за выкананнем іх жа праекта. Вось таму і "вылезла" ўрэшце спраектаваная архітэктарамі бэлька, што не дае цяпер спакою будаўнікам, якія павінны дзейнічаць толькі згодна з праектам, але гэта перашкаджае далейшаму завяршэнню работ на даху. Не дае яна спакою і дзяржнагляду, які павінен глядзець за тым, як выконваюцца работы, згодна з праектам. Заказчык таксама разумее, што бэлька "левая", але як яе законна і бяспечна ўбраць — невядома, гаворыць айцец Уладзімір Драбышэўскі:

— На нашу прэтэнзію па бэльцы архітэктары пісьмова нам адказалі, што мы не заключылі дагавор на аўтарскі нагляд з праектнай арганізацыяй. Мяне пытаюць: што мы будзем рабіць з гэтай бэлькай? Мы за праект заплацілі 13 500 000 — і цяпер трэба перарабляць нешта?

У будаўнікоў-падрадчыкаў рацыяналізатарская думка працуе, і свае прапановы "па бэльцы" ў іх ёсць.

— Мы прапанавалі архітэктарам, што выправім іх памылку самі, а яны потым прыедуць і зафіксуюць, — гаворыць Аляксандр Сідарок.

Між іншым, пакуль зноў ідуць зацяжныя, як восеньскія дажджы, перамовы і высвятленні, хто "правейшы" ў чарговай, цяпер "бэлькавай" гісторыі, намеснік галоўнага інжынера ўпраўлення капітальнага будаўніцтва Гомельскага гарвыканкама, які ў нашым выпадку прадстаўляе тэхнічны нагляд, Іван Цімафееў адмаўляецца размаўляць з журналістам у вуснай форме. Толькі пісьмова:

— Давайце афіцыйны запыт. Мы вам адкажам згодна з заканадаўствам.

А гэта азначае толькі тое, што ёсць магчымасць і такім чынам пацягнуць час, узяўшы тайм-аўт на законныя 15 (а ў складаных выпадках — 30) дзён для адказу, чаму ўсё ж такі дом не пабудаваны ў тэрмін, які вызначыў кіраўнік Гомельскага гарвыканкама. А там, можа, і дом нарэшце дабудуецца. Калі б тэрмін здачы дома толькі адзін раз пераносіўся, можна было б зноў усіх зразумець. Марына Драбышэўская, маці-гераіня, упэўненая, што, як ні зрабі, усё роўна правым не будзеш:

— Калі 30 верасня закончыўся тэрмін дзеяння папярэдняга дагавора, была праблема: падпісваем дадатковае пагадненне ці не... Калі мы працягваем, то пагаджаемся з усім і ніякіх прэтэнзій аб пратэрміноўцы не можам прад'явіць. Калі інакш — нам павінны былі б няўстойку вярнуць — пэўны працэнт ад сумы дагавора. Калі б мы не падпісалі дадатковае пагадненне, падрадчык казаў, што прыпыніць усе работы на доме. І што далей? Мы зноў капрызныя заказчыкі? Нам кажа прадстаўнік УКБа: ну пасварыцца мэр горада на Сідарка, але ж усё роўна яму нічога не будзе. А ў вас дом згніе за зіму. Вось таму мы падпісалі працяг дагавора — на месяц. Хоць нам прапанавалі яшчэ на два.

Дарэчы, гэта чацвёртае дадатковае пагадненне за ўвесь тэрмін узаемаадносін з падрадчыкам, які тут вядзе будаўніцтва са жніўня 2008 года. Уся сітуацыя, што разгарнулася вакол дома для адзінай на амаль паўмільённы Гомель шматдзетнай сям'і, якая рашылася будаваць у межах горада, нагадвае класічны анекдот, які заканчваецца словамі: "Ні рубля, ні сякеры, рубель вінен і галоўнае — усё правільна!" Дом не пабудаваны, дзяржаўныя грошы патрачаныя, ва ўсім вінаваты заказчык. І галоўнае — усё правільна! Калі дадаць да гэтага, колькі разоў скарга разглядалася на ўсіх узроўнях улады, уключаючы Гомельскія гарвыканкам, аблвыканкам, міжведамасную рабочую группу, што працавала ў Гомельскай вобласці... Весці пафасныя размовы аб вырашэнні дэмаграфічных праблем на дзяржаўным узроўні куды лягчэй, чым на справе дапамагчы пабудаваць адзіны дом для шматдзетнай сям'і за льготныя дзяржаўныя грошы.

У адным, лічаць Драбышэўскія, ім пашанцавала. Са жніўня на будаўніцтве пачаў працаваць галоўны інжынер Анатоль Мікалаевіч. Гавораць, пры ім пачаўся сапраўдны рух на будаўніцтве.

— Ён пастаянна на даху сядзіць, усіх падштурхвае, каб працавалі, — кажа айцец Уладзімір. — Пры ім усе варушацца — ён высвятляе і ўсе праблемы, якія зараз узніклі з архітэктарамі. Дзякуючы яму тут пачаліся нейкія работы. Калі быў прараб, нічога не рухалася. Бог паслаў да нас хоць адзінага чалавека, які пачаў штосці рабіць.

Не скажу вам, што на лірычнай ноце назаўсёды развітваюся з тэмай будаўніцтва дома для сям'і Драбышэўскіх. Толькі — да пятай серыі. Апошняй?

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

Р.S.<І>: З сеціва — як рэакцыя на самы першы матэрыял. Здаецца, меркаванні не састарэлі да гэтага часу.

Ілля: Важнае пытанне паднятае. Па-першае, праблема ў тым, што па рэлігійных матывах сям'я адмаўляецца ад планавання, хоць бы пад свой бюджэт і магчымасці. Па-другое, а як дапамаглі святару прыход і царкоўныя ўлады? І потым, сапраўды, прасцей было б атрымаць сям'і шматпакаёвую кватэру. Я разумею, вядома, мець уласны прыватны дамок, ды яшчэ не ў вёсцы, а ў горадзе — вядома, зручней. Але трэба вымяраць свае магчымасці са сваімі патрэбамі.

Мікалай (каментарый для Іллі): Праблема зусім не ў фінансавым пытанні, а ў нязграбнай бюракратычнай валтузні. Калі дзяржава стварыла праграму па падтрымцы шматдзетных сем'яў, значыць, іх трэба падтрымліваць, а не ствараць на месцах у людзей комплекс віны за іх "няправільнае" ўяўленне аб жыцці. Калі дзяржаве нецікавыя шматдзетныя сем'і, то трэба маўчаць пра свой клопат, і сем'і самі знойдуць магчымасць (у тым ліку, думаю, і з дапамогай Царквы), справіцца са сваімі праблемамі без якога-небудзь маральнага прыніжэння. Наконт асобнага дома з участкам замест кватэры... Думаю, гэта як нішто іншае кажа аб моцнай любові бацькоў да сваіх дзяцей і клопату пра іх шчаслівую будучыню. Гонар ім і хвала за гэта.

Таццяна (для Іллі): "Але трэба вымяраць свае магчымасці са сваімі патрэбамі". Тады ў мяне пытанне. Калі прытрымлівацца гэтай логікі, то за атрыманнем крэдыту на будаўніцтва жылля могуць звяртацца толькі забяспечаныя шматдзетныя сям'і? Так атрымліваецца? Тады ў чым сэнс прапісаных дзяржавай нормаў? У чым дапамога і падтрымка дзяржавы тым, хто сапраўды мае патрэбу ў ёй? І якая неабходнасць у такой колькасці чыноўнікаў, якія не могуць дапамагчы людзям у сітуацыі, якая склалася? Людзі не палац сабе будуюць, а дом, які ім сапраўды неабходны. Дай Бог, каб усё добра вырашылася.

Ад аўтара: Не выключаю, у вас ёсць і іншыя думкі на гэты конт. Заходзьце на наш сайт, дзяліцеся. Калі вам цікавая ўся папярэдняя гісторыя будавання дома і пакутаў вакол яго, вось спасылкі:

"Дом "на халяву" (30.09.2010)httр://zvіаzdа.bу/ru/аrсhіvе/аrtісlе.рhр?іd=44197&іdаtе=2009-09-30

"Усіх трэба зразумець?" (28.07.2010)httр://zvіаzdа.bу/ru/аrсhіvе/аrtісlе.рhр?іd=63184&іdаtе=2010-07-28

"Чарговы тэрмін для шматпакутнага дома" (02.09.2010) — httр://zvіаzdа.bу/ru/аrсhіvе/аrtісlе.рhр?іd=65200&іdаtе=2010-09-02

←Разыскиваемый Бакиев покинул Белоруссию

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика