Будаваць муніцыпальнае арэнднае жыллё

Источник материала:  

Днямі спецыялісты будаўнічай галіны падрыхтавалі праект Указа кіраўніка дзяржавы "Аб прадастаўленні адзіным дзяржаўным заказчыкам крэдытаў для будаўніцтва жылых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду", дзе прадугледжваецца дадатковае фінансаванне па лініі стварэння жыллёвага фонду для здачы жылых памяшканняў у арэнду. Пра цікавыя аспекты фінансава-эканамічнага абгрунтавання гэтага Указа карэспандэнту "Звязды" паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення жыллёвага будаўніцтва Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Уладзімір Дарапіевіч.

Згодна з праектам падрыхтаванага Указа прапануецца, што будаваць такое муніцыпальнае арэнднае жыллё будуць камунальныя ўнітарныя прадпрыемствы па капітальным будаўніцтве. Для гэтых мэтаў такім дзяржаўным заказчыкам прапануецца прадаставіць магчымасць атрымліваць крэдыты па лініі жыллёвага будаўніцтва ў ААТ "Беларусбанк" пад 3 працэнты гадавых тэрмінам да 20 гадоў. Механізм фінансавання будаўніцтва такога жылля прадугледжвае наступнае вяртанне крэдытаў і працэнтаў па іх за кошт арэнднай платы кватарантаў.

У якасці прыкладу разліку сабекошту будаўніцтва дома, распрацоўшчыкамі праекта прапануецца 2-секцыйны, панэльны, 72-кватэрны жылы дом тыпавых спажывецкіх якасцяў, у якім сярэдняя плошча кватэры складае 52 квадратных метра. У такім доме будзе шмат аднапакаёвых кватэр плошчай каля 43—46 "квадратаў", невялікіх двухпакаёвых кватэр і трохпакаёвыя кватэры плошчай менш за 60 квадратных метраў. Згодна з тэхнічнымі характарыстыкамі, сучасныя жылыя дамы буйна-панэльнага домабудаўніцтва маюць тэрмін службы каля 100 гадоў. Мяркуемы кошт аднаго квадратнага метра ў такім доме ў 2011 годзе складзе 1,8 мільёна рублёў. Значыць будаўніцтва дома будзе каштаваць 6 млрд 739,2 млн рублёў (52 кв. метра х 72 кватэры х 1,8 млн рублёў), а кошт адной кватэры складзе 93,6 млн рублёў (52 кв. метра х 1,8 млн рублёў). Распрацоўшчыкі праекта ўпэўненыя, што тэрмін акупляльнасці такога дома складзе 20 гадоў.

Тэрмін будаўніцтва сучасных панэльных дамоў складае не больш 1 года і трох месяцаў. На гэты час забудоўшчыку неабходна прадаставіць адтэрміноўку пагашэння асноўнага доўгу. Каб ён своечасова разлічыўся з банкам за атрыманы крэдыт, неабходна ажыццяўляць пагашэнне асноўнага доўгу на працягу 18 гадоў і 9 месяцаў. У гэтым выпадку мінімальная сярэдняя штомесячная арэндная плата за кватэру для кватарантаў складзе:

— пагашэнне асноўнага доўгу (93,6 млн рублёў : 18 гадоў і 9 месяцаў : 12 месяцаў) складзе 421,6 тысяч рублёў;

— штомесячны плацеж пры пагашэнні працэнтаў за карыстанне крэдытам складзе 118 тысяч рублёў. Агульная сума арэнднага плацяжу ў месяц (пагашэнне асноўнага доўгу і працэнтаў) складзе 539,6 тысяч рублёў, што на сённяшні дзень адпавядае прыкладна 180 доларам ЗША.

Трэба заўважыць, што такі мінімальны цэннік арэнды значна ніжэйшы, чым сённяшні кошт здачы двухпакаёвай кватэры ў сталіцы, які складае ад 250 да 300 долараў.

Механізм разліку і памер арэнднай платы будзе вызначацца, зыходзячы з канкрэтных умоў будаўніцтва і размеркавання кватэр такога жылога дома. Згодна з канцэпцыяй праекта Указа, арэнднае жыллё будзе прадастаўляцца ўсім катэгорыям грамадзян незалежна ад наяўнасці нарматыўных крытэрыяў іх патрэбы ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

Вялікі попыт на арэнднае жыллё трымаецца менавіта ў сталіцы. Таму праект Указа прадугледжвае, што ў парадку эксперымента ў Мінску на працягу трох гадоў будзе пабудавана 250 кватэр муніцыпальнага арэнднага жылля. Прыкладны кошт будаўніцтва такога жылля складзе 29 млрд рублёў.

Сяргей КУРКАЧ.

←Разыскиваемый Бакиев покинул Белоруссию

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика