"Твар" чаю

Источник материала:  

Уважліва прыгледзьцеся да чалавека на здымку. Колькі б вы яму далі? А калі б не сівізна? Мэрыл ФЯРНАНДА ў свае пачэсныя 80 (!) — не толькі заснавальнік чайнай кампаніі Dіlmаh ды тамтэйшы дэгустатар, але і яе "твар". І ўсе свае ролі ён выконвае, па ўсім відаць, бліскуча.

Яго дзецішча (і гэта зусім не перабольшанне, бо сама назва "Dіlmаh" паходзіць ад імёнаў малодшых Фярнанда — Дзілхана і Маліка, сімвалізуючы вялікую любоў да чаю бы да трэцяга сына) — чацвёрты найбуйнейшы чайны брэнд у свеце. Гэтай гарбатай ласуюцца на ўсіх кантынентах — больш як у 90 краінах свету, не выключэнне і наша радзіма. Бізнэс-крэда спадара Фярнанда — вырабляць чай і ўпакоўваць яго там жа, дзе ён расце. Такі шлях (з чайнага саду, дзе кожны лісток збіраецца клапатлівымі жаночымі рукамі, — наўпрост у кубак) гарантуе якасць напою. Так, узамен сыравіне — шырспажыву з незразумела чаго намяшанага, 24-гадовы наватар Фярнанда (якога тады называлі Давідам у свеце чайных Галіафаў) прапанаваў чай — сапраўдны, стапрацэнтна цэйлонскі. І не прагадаў. Павярнуўшы чай тварам да пакупніка. Сёння паспяховы бізнэсмен не шкадуе на дабрачыннасць: ён дапамог ужо 10 тысячам чалавек. І ў Беларусі зрабіў свой унёсак у збор грошай на лячэнне Леры Шчэрбы. Па сутнасці, дабрадзеем становіцца кожны пакупнік чаю яго вытворчасці.

"Твар" чаюУ дэгустацыі спадар Фярнанда таксама калі не сабаку з'еў, дык галоны гарбаты выпіў дакладна. Яшчэ б! Сваю кар'еру ён пачынаў якраз з тэсціравання напою, не грэбуе тым і сёння. Супольна з калегамі яны штотыдня "прапускаюць па кубачку"... сем тысяч (!) разоў. Таму падчас праверкі, наладжанай дасціпнымі беларускімі журналістамі, цэйлонскі джэнтльмен, не ўдарыў тварам... у чай! З лёгкасцю адрозніўшы "сваю" гарбату ад "падсадной качкі". Наўрад ці трэба казаць, як пасля каверзнага выпрабавання ўзрос у нашых вачах аўтарытэт чайнага гуру... Побач з такім і сам становішся экспертам. Нас цяпер таксама не правядзеш! Мы ведаем, што сапраўдны чай — гэта калі лісткі ў вадзе разварочваюцца (чаго, натуральна, не можа здарыцца з рассыпным чайным "пылам"). Такі можна герметычна запакаваць у кантэйнер і прыхаваць да лепшых часоў... у лядоўні! Ён застанецца свежым цэлы год.

Чайны вытворца, аказваецца, яшчэ і "мадэллю" схітраецца пабыць! Яго фота на пачку, дзякуючы якому кожны беларус ведае цэйлонскага майстра ў твар, — своеасаблівы знак якасці. У свой час ён з'явіўся там разам з аўтографам стваральніка, каб бараніць ад падробак. Сёння гэта хутчэй даніна традыцыі, аднак усё належнае для таго, каб быць "тварам" маркі ў спадара Фярнанда ёсць — і мужчынскі шарм, і знешні лоск. Карэспандэнт "Звязды" ўважліва прыглядалася да імпазантнага мужчыны ў гадах, употай спадзеючыся вызнаць эфектыўную методыку (хто яго ведае, можа якія чайныя прымочкі на твар) і выглядаць у 80 гэтак жа прыстойна. Прыкмеціла, напрыклад, яго манеру вітацца жэстам намастэ. "Ну, ёгай я займаюся", — суцешыла сябе. Але не вытрымала і чыста па-жаноцку пацікавілася, як рабіць гады сваім багаццем.

— Я парэкамендаваў бы вам і ўсім маладым людзям піць гарбату без цукру і малака, без аніякіх дабавак — падчас ежы і пасля яе, — ахвотна распавядае карэспандэнту "Звязды" задаволены чайны магнат. — Першы кубак гарбаты зранку павінен быць моцным. На працягу дня і познім вечарам можаце піць лёгкі зялёны чай. Проста папіце па 4—5 кубкаў у дзень на працягу паўгода — гаючыя ўласцівасці гарбаты вас уразяць! На Усходзе, дарэчы, чай п'юць пры розных хваробах як лекі — з імбіром, карыцай, лімонам.

І ўвогуле з чаем спрацоўвае прынцып "чым раней — тым лепш". Спадар Фярнанда кажа, што калі паіць немаўля гарбатай ужо з шасці месяцаў, гэта будзе найздаравейшае і наймацнейшае дзіця.

У Беларусі, якую сёлета наведаў упершыню ў рамках еўрапейскага турнэ, ураджэнец Шры-Ланкі (так пасля доўгіх перапетый і выхаду з-пад брытанскага панавання стаў называцца Цэйлон) "калі б не іншая мова, адчуў бы сябе дома". Настолькі ж ветлівымі і гасціннымі, як і яго суайчыннікі, падаліся яму беларусы. І чайная культура, паводле яго ўражанняў, нам блізкая. Таму ён плануе адкрыць тут чайны дом. Dіlmаh сёння ў пяцёрцы асноўных чайных марак, якія набываюць у Беларусі.

— Гэта высакаякасны чай, і гэтым вызначаецца кошт. Ён знаходзіцца ў прэміяльным сегменце, — канстатуе Павел ГУШЧА, дырэктар кампаніі "Авалонторг", эксклюзіўнага дыстрыб'ютара Dіlmаh на беларускім рынку.

Продажы прэміяльнага сегменту ў крызіс відавочна знізіліся — не надта беларусы гатовыя раскашэліцца на эксклюзіўны чай. Налета ж дыстрыб'ютар разлічвае дасягнуць дакрызіснага ўзроўню, а пасля і "прырасці" ў продажы на 10 — 15 адсоткаў. Бо, як слушна заўважае Мэрыл Фярнанда, з чаем, як і з іншым таварам вы атрымліваеце сувымерна таму, колькі заплацілі. Ён верыць, што, калі наведае нашу краіну ў наступны раз, беларусы стануць багацейшымі і змогуць часцей частавацца больш якаснай гарбатай. Пры гэтым бізнэсмен зазначае, што "хацеў бы быць не самым буйным, а самым лепшым гульцом на рынку".

Далучыць беларусаў да лепшага — сапраўды якаснага чаю — закліканы сумесны праект "Авалонторга" з кавярнямі "Амата кава", на базе якіх ствараюцца чайныя буцікі. Там можна не толькі атрымаць кансультацыю па відах чаю, правілах яго заварвання, але і, зразумела, набыць упадабанае, у тым ліку і рэдкія гатункі з t-серыі. Адным словам, пазнаць якасны тавар у твар.

Ала МАЧАЛАВА.

←Контролеров в транспорте станет вдвое больше

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика