Блізкая далёкая "другая Зямля"

Источник материала:  

Днямі за межамі Сонечнай сістэмы, на адлегласці 20 светлавых гадоў, амерыканскія вучоныя адкрылі новую планету. Падобныя аб'екты ў космасе знаходзілі і раней, аднак гэтая знаходка — унікальная, бо па асноўных параметрах вельмі падобная на нашу Зямлю. Яе пакуль што асцярожна называюць "нябесным целам, якое патэнцыяльна прыдатнае для жыцця".

Планета, якую "ахрысцілі" 581g (а дакладней, Glіese 581g), усяго ў некалькі разоў цяжэй за наш "блакітны шарык". Перыяд яе абарачэння вакол уласнага сонца — чырвонага карліка — 37 сутак. Ландшафт 581g прадстаўлены ў асноўным каменнем і скаламі, аднак вучоныя сцвярджаюць, што на яе паверхні месцамі можа існаваць вада ў звыклай для нас вадкай форме, а сілы гравітацыі даюць падставу меркаваць, што там ёсць атмасфера. Праўда, яе састаў яшчэ невядомы. "Пакуль што мы не ведаем, з чаго складаецца атмасфера — яе хімічны састаў, — заявіў прафесар астраноміі і астрафізікі Каліфарнійскага Універсітэта Сціў Вогт, — калі гэта кісларод і вуглякіслы газ, то можна меркаваць, што ў той ці іншай форме жыццё на планеце існуе".

— Да гэтага адкрыцця людзі ішлі некалькі гадоў. Знаходзілі і вывучалі планеты з верхнім і ніжнім парогам тэмператур, прыдатных для жыцця, — патлумачыў астраном Пол Батлер з Інстытута Карнегі, які разам з Вогтам узначальвае праграму па даследаванні экзапланет. — І вось, нарэшце, мы знайшлі планету з аптымальнай тэмпературай — прычым даволі хутка разабраліся з яе каардынатамі. Гэта дазваляе гаварыць пра тое, што падобных планет можна знайсці дастаткова шмат.

Як патлумачыў дырэктар Абсерваторыі БДУ, кандыдат фізіка-матэматычных навук Альгерд КУЗНЕЧЫК, назіранні за сістэмай Glіese 581 у сузор'і Ліра цягнуліся больш за 10 гадоў (абсерваторыя Кек на Гаваях). У сістэме спачатку адкрылі дзве планеты на мяжы "зоны жыцця" — адну ў "гарачай" зоне (планета с), другую — у "халоднай" (планета d). Між іншым, некаторыя астраномы выказваюць меркаванні, што і планета d можа быць патэнцыйна населенай, калі ў яе тоўстая атмасфера з моцным парніковым эфектам. Новая адкрытая планета g знаходзіцца якраз у сярэдзіне "зоны заселенасці", ці "зоны жыцця". Планета, як Месяц да Зямлі, заўсёды павёрнутая да сваёй зоркі адным сваім паўшар'ем. На адной палове планеты заўсёды спёка (каля 160 градусаў Цэльсія), на другой — цёмна і холадна (мінус 25 па Цэльсію). Гэтая акалічнасць можа станоўча паўплываць на стабілізацыю клімату ў зоне мяжы святла і ценю — "поясе прыдатных тэмператур" (ад 0 да 40 па Цэльсію), дзе найбольшая верагоднасць існавання жыцця. У гэтым жа "поясе" вада можа існаваць у вадкай форме.

На сёння вядома шэсць планет гэтай сістэмы; як і ў Сонечнай сістэме, планеты вакол Glіese 581 абарачаюцца амаль па кругавых арбітах.

На жаль, патрапіць туды ў бліжэйшай перспектыве чалавецтва не зможа: 20 светлавых гадоў — усё ж такі вялікая адлегласць пры цяперашнім узроўні развіцця касмічных тэхналогій (хаця па астранамічных мерках — гэта зусім побач). Таму планы перасялення пакуль прыйдзецца адкласці. Тым не менш, для навукі адкрыццё Glіese 581g — знакавая падзея, якая даказала наяўнасць экзапланет (планет вакол іншых зорак), на якіх верагодна існаванне жыцця.

Інга МІНДАЛЁВА.

←Контролеров в транспорте станет вдвое больше

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика