Людзі і пакупкі не пацярпелі
Узгаранне ў маторным адсеку пасажырскага аўтобуса стала прычынай пажару вялізнага транспартнага сродку. Машына, якая належыць гомельскай прыватнай фірме, была арэндаваная для паездкі супрацоўнікаў адной з магілёўскіх арганізацый у горад Хмяльніцкі (Украіна) за пакупкамі. Шоп-тур прайшоў добра, але ж на зваротнай дарозе раніцай пад Ельскам адбылося ўзгаранне, пасля якога ўсе 68 пасажыраў разам з вадзіцелем вымушаныя былі хутка пакінуць двух'ярусны камфартабельны аўтобус бельгійскай вытворчасці. Як паведамілі ў прэс-службе гомельскага абласнога ўпраўлення МНС, людзі дачакаліся двух аўтобусаў з Гомеля, якія і транспартавалі іх да месца жыхарства. Разам з купленымі рэчамі — іх паспелі выратаваць. А вось аўтобус, у якога выгарэў другі "паверх", адрамантаваць будзе складана.
Загінулі 15-гадовыя школьнікіАстанкі падлетка-сіраты, які жыў у прыёмнай сям'і ў вёсцы Слабада Мазырскага раёна, былі знойдзеныя ў нядзелю на пажарышчы, дзе згарэла 15 тон сена, упакаванага ў рулоны, паведамілі ў прэс-службе гомельскага абласнога ўпраўлення МНС. Па словах сведак, юнак там быў не адзін. Да таго ж высветлілася, што дома няма яшчэ аднаго хлопчыка з гэтага населенага пункта. Пасля пошукаў у панядзелак было знойдзена цела і другога падлетка. Юнак са шматдзетнай сям'і таксама стаў ахвярай свавольства з агнём.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.