Занатоўкі мастака
Спусціўся на эскалатары ў метро, а цягнік адыходзіць... Крыўда неверагодная! Ну мог бы крыху шыбчэй ісці? Мог! Ну мог бы не стаяць на сходах і не чытаць рэкламныя абвесткі на шчытах? Мог бы! Ну каб крышачку пазней пачуў "асцярожна...", дык і паспеў бы, і зараз бы ехаў, а так стаіш і перабіраеш варыянты затрымак. Злуешся на сябе, на цягнік, на ўвесь падземны свет. Вядома, будзе наступны цягнік. Ён ужо ідзе. Колькі там таго чакання? І ўсё ж крыўдна. І крыўда тая не праходзіць нават тады, калі ты сеў у вагон і спакойна едзеш.
Кропля праўдыНаяўнасць натуралістычных вобразаў у творах мастацтва патрабавалася таталітарным рэжымам, каб пераконваць даверлівыя народныя масы ў праўдзівасці фантастычных ідэй. Стварэнне звышчалавека, стварэнне савецкага чалавека, стварэнне еўразійца — толькі некаторыя з тых псеўдавялікіх ідэй, што вымагалі ад прапагандыстаў і прапагандыстак дэмагагічнага балбатання пра рэалістычнае мастацтва.
Рабы і агоньЗ яго няма чаго ўзяць... Нібыта і чалавек, нібыта і працуе, але ўзяць няма чаго. Выканаўца чужое волі. З такім сумна і небяспечна, бо ўвесь час трэба быць напагатове. Каб чаго не сцягнуў, каб чаго не скраў, каб шкоды не нарабіў. Раб! Такія заўжды шкодзілі. Здавалася б, чалавецтва даўно пазбылася рабства і рабоў. Знешне яно так і выглядае, але рабы засталіся. І гэтых рабоў шмат, іх значна болей, чым рабаўладальнікаў. З рабамі мне нецікава, як і малацікава з рабаўладальнікамі. Мне цікава жыць з людзьмі вольнымі, але іх не адразу і знойдзеш.
Жанчына і чарнатаГарачыня задушлівая. Уночы на горад нахопліваюцца навальніцы, удзень пячэ і парыць. Цяжкасць і стомленасць. Працаваць няма аніякай магчымасці. Сяджу на праспекце пад парасонам і п'ю сабе каву. Кавы п'ю шмат, але санлівасць не адпускае. Бачу: плыве знаёмая жанчына: уся ў чорным, ад акуляраў да паўкедаў. Усе навокал у светлым, а яна адна ў чорным. Уздымаюся, запыняю, кажу: "Што ж гэта ты ўся ў чорным, ад паўкедаў да акуляраў, калі варта ў светлым хадзіць? Трэба ў белым, а ты ў чорным!" — "А каб розныя..." Яна расхінула на грудзях чорную кофту, а пад ёю я пабачыў чорную майку. "Бачыў?" — "Не! А што я мусіў тамака пабачыць? Чорная майка..." — "У мяне няма прадмета жаночай гордасці. Мне няма чым ганарыцца. Цыцкі няма! Адрэзалі мне цыцку!" — "Даруй!" — "Паспрабую, калі атрымаецца..." Задуха ў горадзе такая, што ад яе ў вачах цёмна робіцца.
Мама і лішак вагіПаскардзіўся маці, што, кінуўшы паліць, набраў лішнія сем кілаграмаў. Мама паспачувала і распавяла, як таксама, кінуўшы паліць, пачала набіраць вагу: "Каб яшчэ наш тата, мой Чэсь, быў жывы, дык дзеля яго скінула б вагу. А так... Мне было ўсё адно, як я выглядаю. Цяпер я даглядаю сябе, каб хадзіць і нікога не турбаваць сваёй прысутнасцю ў гэтым свеце". Мама, як і заўжды, мела рацыю. Мы глядзім сябе дзеля іншых, а не дзеля сябе. Нам бы і хацелася, каб дзеля сябе, а ўсё адно мы скідваем вагу, кідаем піць і курыць дзеля іншых.
Постмадэрнізм і татарцы з грузінцаміУбачыў слова "абстракцывізм" замест звыклага "абстракцыянізм". Куртатае і штучна зробленае слоўца нагадала мне пра абітурыентак з Малдавіі, якія называлі татараў "татарцамі" а грузінаў "грузінцамі". Калі ўкраінцы і літоўцы, тады татарцы і грузінцы! Так разважалі маладзенькія мастачкі, якіх я вучыў ў маскоўскім інтэрнаце асновам архітэктурнай кампазіцыі. Дзяўчаты былі здольнымі, і хутка іх татарцы зрабіліся татарамі, а грузінцы — грузінамі. Каб жа так проста было і ў мастацтвазнаўцаў! Не! Яны постмадэрнізм называюць "постмадэрнам" і не разумеюць, што гэта ж тое самае, як малдаван называць малдаванцамі. Нават горш! Цяпер яшчэ "абстракцывізм" з'явіўся... Смешна. Ад сур'ёзнасці мастацвазнаўцаў мне смешна.
Эстонскае радыё, кепскасць і добрасцьДаваў інтэрв'ю эстонскаму радыё. Бакенбарды з эстонскіх радыёхваляў запыталіся: "Як жывецца ў Беларусі беларускаму пісьменніку?" — "Добраму беларускаму пісьменніку ў Беларусі жывецца добра, а кепскаму — кепска!" Рудыя бакенбарды заўсміхаліся насцярожана, не паверылі. Яны не далі веры, што ў Беларусі, як і ва ўсім свеце, кепскія людзі жывуць кепска.
Прышвін і спортЗаўжды адчуваў заганнасць у спартовых гульнях. Захопленасць і азарт не вядуць чалавека да дабра. А ўсялякае спаборніцтва спараджае асляпляльны азарт. Таму я мала займаўся і мала сачу за гульнямі ў спартовых цырках. Так, спорт — мастацтва, прымітыўны тэатр-цырк. У спорта безліч прыхільнікаў, аматараў і заўзятараў. Я іх усіх цудоўна разумею, бо сам неаднойчы спакушаўся гульнямі і спаборніцтвамі. Але я цалкам згодны з Міхаілам Прышвінам, які яшчэ ў 1933 годзе напісаў у патаемным дзённіку такі сказ: "Мяжа спорту і творчасці (спорт амаральны...)".
Новы чалавекСярод нас з'явіўся новы чалавек з мабільным тэлефонам. Ён не можа супакоіцца, пакуль не адключыць свой сотавік. Адключыўшы мабільнік, неспакойны чэл думае, што з адключанай мабілай ён робіцца спакайнейшы. На нейкі кароткі час, на зусім сціслы тэрмін, чэл і напраўду спакайнее. Але потым пачынае нервавацца ўдвая болей. Чалавек нервуецца моцна, ажно пакуль зноў не ажывіць свой любімы сотавы тэлефон...
Кава і мора з МацісамУзяў эспрэса ў французскім хлебным. Зазвычай я ў тым хлебным і выпіваў глыток гарачай кавы, разглядаючы залатыя батоны. А гэтым разам узяў каву ў папяровым кубачку ды пайшоў на бераг мора. Прайшоў пару кварталаў, сеў на крэсла. Глядзеў на марскі далягляд і згадваў жывапісца Анры Маціса. Ён некалі сказаў, што ягонае мастацтва спакойнае і ўтульнае, нібыта ты ўладкаваўся ў фатэлі і выцягнуў ногі. У Маціса выдатнае мастацтва, прасветленае і насычанае міжземнаморскім сонцам. У мяне не атрымліваецца ствараць утульныя творы, але часам я сам у іх трапляю разам з кубачкам эспрэса на беразе вечаровага чароўнага Міжземнага мора.
Адам ГЛОБУС.