Сем разоў адмерай, адзін — адрэж, або Неспрыяльны час для правядзення вяселляў

Источник материала:  

Вясельны абрад у параўнанні з іншымі абрадамі сямейна-радавога цыкла структурна быў больш складаным. Ён налічваў двух- ці трохтыднёвы (а ў некаторых выпадках і больш працяглы) перадвясельны перыяд, затым святкавалася само вяселле і, нарэшце, выконваліся паслявясельныя рытуалы, якія расцягваліся практычна на ўвесь год.

У традыцыйным светапоглядзе існуе своеасаблівая сістэма парадкавання часу, у якой разам зліліся дзве шматвяковыя традыцыі: народная (паганска-ведычная) і хрысціянская (у нашым выпадку — праваслаўная). На працягу працяглага перыяду гэтыя рэлігійна-культурныя традыцыі суіснавалі па-рознаму: яны ўзаемапранікалі і ўзаемадапаўнялі адна другую, але ў асобных момантах і ўзаемавыключалі.

Адной з найважнейшых складовых частак хрысціянска-ведычнага календара з'яўляюцца пасты, падчас якіх вяселлі не спраўлялі. Падчас посту не ўжываюць ежу жывёльнага паходжання, не ўдзельнічаюць у забаўляльных мерапрыемствах, устрымліваюцца ад выканання шлюбных абавязкаў. Царква ўстрымліваецца на гэты час ад правядзення абраду вянчання маладых. У традыцыйным праваслаўным календары ёсць 4 асноўныя пасты:

1. Шасцітыднёвы Піліпаўскі пост пачынаецца 28 лістапада, а заканчваецца напярэдадні Калядаў, у Куццю (6 студзеня).

2. Сямітыднёвы Вялікі пост пачынаецца адразу ж пасля Масленіцы і працягваецца да Вялікадня. Яго пачатак і заканчэнне штогод залежаць ад даты самага вялікага праваслаўнага свята — Уваскрэсення Ісуса Хрыста.

3. Пятроўскі пост пачынаецца ў другі панядзелак пасля Тройцы, а заканчваецца 12 ліпеня, у дзень шанавання святых Пятра і Паўла.

4. Двухтыднёвы Успенскі пост працягваецца з 14 па 28 жніўня.

Акрамя таго, варта памятаць, што вянчанне ў храмах не праводзіцца ў аўторак і чацвер (дні, папярэднія посным дням — серадзе і пятніцы), у суботу (бацькоўская субота — дзень памінання продкаў), а таксама напярэдадні і ў вялікія гадавыя хрысціянскія святы.

У адпаведнасці з народнай традыцыяй, вельмі непажаданыя шлюбы з 6 па 21 студзеня і на Масленічным тыдні (тыдзень перад пачаткам Вялікага посту), а таксама ва ўсе памінальныя суботы.

Стараліся не святкаваць вяселлі ў высакосны год і ў маі.

Абавязкова ўлічвалі яшчэ адзін найважнейшы фактар, які выклікае бясконцае мноства супярэчлівых тлумачэнняў, — гэта смерць самых блізкіх сваякоў маладых. У адпаведнасці з народнымі традыцыямі, смерць блізкага суродзіча выключала сям'ю з гадавога святочнага цыкла і, адпаведна, адкладала запланаванае вяселле роўна на год. Да ліку самых блізкіх сваякоў адносяцца прадстаўнікі 1-2 пакаленняў, як па вертыкальнай шкале (бабуля — дзядуля, бацька — маці, іх дзеці і ўнукі), так і па гарызантальнай "плоскасці" сістэмы роднасных адносін: родныя і стрыечныя браты і сёстры. Асабліва важна прытрымлівацца гэтага правіла ў выпадку смерці бацькоў жаніха ці нявесты.

Аксана Катовіч, Янка Крук.

←С четвертого октября изменяется схема маршрутов общественного транспорта Минска

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика