"Вызначым будучыню сваёй краіны"

Источник материала:  

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Пётр Руднік правёў прэс-канферэнцыю для журналістаў, дзе зрабіў некалькі заяў аб зменах у жыцці і працы жыхароў вобласці.

У Магілёўскай вобласці засталіся толькі 2 арганізацыі, дзе сярэдні заробак складае меней за 200 долараў. Гэта дзве сельскія гаспадаркі — у Дрыбінскім і Хоцімскім раёнах. Яшчэ на пачатку года іх налічвалася некалькі соцень.

— Будзем працаваць, і наступная задача — звесці да нуля спіс арганізацый, дзе плацяць у сярэднім меней за 250 долараў, — пракаментаваў Пётр Руднік. — Яшчэ ў ліпені іх было 350, а на 1 кастрычніка — 57.

Сярэдні заробак у Магілёўскай вобласці за жнівень склаў 1 мільён 158 тысяч беларускіх рублёў. Рэгіён, абяцае яго кіраўнік, абавязкова да канца года выйдзе на запланаваны параметр па сярэднім заробку — 444 долары. Задача максімум — 500 долараў. Бюджэтным установам аказана дапамога для павелічэння заробкаў, аднак у гэтай справе трэба ўдзяляць увагу прадукцыйнасці працы, павелічэнню аб'ёмаў вытворчасці, эканоміі рэсурсаў і паніжэнню сабекошту тавараў, пашырэнню платных паслуг.

Пётр Руднік аб'явіў, што з 1 снежня малочная жывёлагадоўля вобласці канчаткова адыходзіць ад старых тэхналогій даення "ў вёдры". У бліжэйшыя два месяцы будуць здадзеныя ў строй новыя малочна-таварныя комплексы, у тым ліку 8 сучасных фермаў у Шклоўскім раёне. Сёлета ў рэгіёне запрацуе 36 новых комплексаў з даільнымі заламі. З тымі, што ўжо ёсць, можна канчаткова адысці ад састарэлых тэхналогій і перайсці да сучасных. Кіраўніцтва вобласці робіць стаўку на буйную таварную вытворчасць, арыентуе на экспарт малака, мяса, птушкі і іншай сельскагаспадарчай прадукцыі.

— Гэта дазволіць выцягнуць сельскую гаспадарку на ўзровень самадастатковасці, самафінансавання, — адзначыў старшыня аблвыканкама. — Цяпер кожны працаўнік у гэтай сферы вырабляе ў год прадукцыі на 46 мільёнаў рублёў, а патрабуецца 80-100. Тут дапамогуць сучасныя тэхналогіі і продаж перапрацаванай прадукцыі.

Маніторынг стану спраў на месцах па арганізацыі работы з грамадзянамі ў Магілёўскай вобласці выявіў шэраг недапрацовак, прызнаў Пётр Руднік.

— Мы дэталёва разабралі заўвагі і недахопы, — запэўніў ён. — Пасля разгляду на аблвыканкаме некалькі чалавек атрымалі вымовы, старшыня Клімавіцкага райвыканкама вызвалены ад займанай пасады.

У Клімавічах былы кіраўнік не здолеў унікнуць у праблемы адзінага дзіцячага дома сямейнага тыпу, дзе ўзніклі праблемы з будынкам з-за няякаснага будаўніцтва. У Магілёўскім раёне ў вёсцы Векер, дзе жыхары адчувалі недахоп чыстай пітной вады, пабудавалі водаправод. У Мсціслаўскім раёне ў вёсцы Мазалава сям'ю шмат гадоў таму перасялілі з аварыйнага жылля, хоць для рамонту патрабаваўся толькі тыдзень.

— Вынік маніторынгу наступны: стаўленне чыноўніка да грамадзян палепшылася на парадак, — выказаў сваё меркаванне Пётр Руднік.

— Гэтая найважнейшая палітычная падзея, якая вызначыць нашу будучыню, — сказаў Пётр Руднік. — Таму я прашу ўсіх жыхароў вобласці прыняць удзел у выбарах Прэзідэнта 19 снежня. Ад кожнага голасу будзе залежаць будучыня нашай краіны.

У Магілёўскай вобласці створана абласная камісія па выбарах Прэзідэнта Беларусі. Яна мае максімальны склад — 13 чалавек, з якіх 5 — прадстаўнікі палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў. У камісіі працуюць вылучэнцы Камуністычнай партыі Беларусі, Аб'яднанай грамадзянскай партыі, Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, грамадскага аб'яднання "Белая Русь", прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў. Таксама ў склад выбарчай камісіі ўваходзяць 2 чалавекі ад працоўных калектываў і 6 грамадзян, вылучаных шляхам падачы заяў ад выбаршчыкаў. Старшынёй Магілёўскай абласной выбарчай камісіі па выбарах Прэзідэнта стаў Валерый Берастаў, кіраўнік Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Магілёўскай вобласці.

Ілона Іванова.

←С четвертого октября изменяется схема маршрутов общественного транспорта Минска

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика