Замест бабінага лета

Источник материала:  

Бабінага лета сёлета не было. Хто сказаў? Я вам кажу. Пасля такога спякотнага лета адразу і рэзка насталі халады. А тыя некалькі дзён, калі сонца нясмела пазірала з неба, толькі прыбавілі суму па сапраўды цёплым, лагодным верасні, які хоць зрэдку, але бывае ў нас. А цяпер за акном дождж, слота, і хандра лезе ва ўсе шчыліны акна, хоць прыбіральшчыца Ніна клеіла яго гераічнымі намаганнямі. На мяне такое надвор'е заўжды наганяе нейкую дэпрэсіўнасць. І шчыра кажучы, люблю, калі ў такія дні раптам заяўляецца даўняя прыяцелька Тамара. Ад адной яе прысутнасці ў любое надвор'е кабінет напаўняецца, як у той рэкламе, "марознай свежасцю", бо яна заўжды вясёлая, жыццярадасная і ўпэўненая ў сваёй праваце. І ніколі не ўгадаеш адразу, ёсць у яе зараз праца ці не, пры грашах і машыне кабета, альбо наадварот. Яе любімае выслоўе: "усё часова". Заяўляецца яна, як правіла, без папярэджання і на працу. Кажа, што візіт дадому абавязвае да сямейнага мерапрыемства: тут можна хутка абмяняцца навінамі, і гэта прыемна, бо без лішніх клопатаў.

 

А навін, наогул самай разнастайнай інфармацыі ў яе заўжды многа. І толькі на першы погляд можа падацца, што інфармацыя трохі пуставатая. Насамрэч Тамара — майстар трапных заўваг, а мянушкі, якімі яна літаральна на хаду надзяляе агульных знаёмых, потым настойліва пацвярджае жыццё. Толькі яна можа адначасова гаварыць пра палітыку і пірагі, а таксама адначасова і на тры іншыя тэмы. А сёння яна прыхапіла кавалак яблычнага пірага, што спякла зранку, і ён напоўніў чароўным пахам усё навокал. Адразу з парога пачала: "Бачыш, як прыкольна здымалі дзядзьку ў кепцы з пасады". "А што тут прыкольнага?" "Як што? Ледзь не дваццаць гадоў быў і добры, і прыгожы. А тут — на табе! І алігарх, і транжыра, — ну чысты д'ябал! Адкуль так раптам ўсё ўзялося? Нейкая жаночая логіка навыварат!".

Пра сутнасць жаночай логікі яна мае сваё тлумачэнне на прыкладзе раманса "Не говорите мне о нем". Цяпер ёсць яшчэ адно — з апошняга месца працы. Як высветлілася тры хвіліны таму, Томка пакінула свой невялікі бізнэс, дакладней, засталася ІП на некаторы час, але ўладкавалася ў былую кантору, дзе працавала з дзясятак гадоў таму. Дык вось, на працы неяк паспрачаліся дзве жанчыны. Спрэчка насіла ўпаўне вытворчы характар, пакуль у адной не скончыліся аргументы. А калі іх не засталося, яна заявіла апанентцы: "А ў мяне ёсць і муж, і палюбоўнік, а ў цябе — ні таго, ні другога!"... І калі першы варыянт логікі Тома называе ўзнёсла-рамантычным, то другі параўноўвае з цяжкай артылерыяй, якая б'е напавал. А наогул "стары новы" калектыў ёй падабаецца. Праўда, у аддзеле нейкая эпідэмія: усе разводзяцца. Пры гэтым адны ўспрымаюць працэс як належнае, іншыя плачуць нават на працы. Ветліва выслухаўшы пра навіны аддзела, цікаўлюся, ці не мяняецца што ў яе сямейным становішчы.

Адказвае ў сваім стылі: "Не надта ўбіваюся з гэтай нагоды. З дзецьмі клопату хапае, нашто яшчэ адзін? Цяпер ведаю, дзе той адзіны, што лёсам быў мне наканаваны. Памёр, не паспела".

— ?!

— Пакуль да цябе ехала, газету прагледзела. Во, на першай старонцы сказана, што Брэст — на другім месцы сярод беларускіх гарадоў па дэфіцыце мужчынскага насельніцтва. І ўсё таму, што смяротнасць мужчын высокая. Тое не жартачкі: на 1000 мужчын у нас 1179 жанчын. Вось я ў гэтых 179 і апынулася.

Потым за пірагом з гарбатай яна заявіла, што паставіла крыж на ўласным бізнэсе і на любоўных прыгодах адначасова. Бо займацца ранейшай справай стала нецікава. Нанятая работніца аказалася нядобрасумленнай. Вазіць якаснае жаночае адзенне з Польшчы стала нявыгадна, калі не падманеш альбо не абыдзеш штучна створаныя перашкоды. І яшчэ ёсць шмат момантаў, якія зрабілі працу нуднай і руціннай. А гэта не ў яе стылі. Былы муж на дзяцей колькі капеек штомесяц дасылае. Кватэра добраўпарадкаваная, машыну нядаўна памяняла, а на хлеб надзённы можна зарабіць і ў канторы. Яна прывыкла аддавацца рабоце па поўнай праграме. І ўжо ў цяперашняй установе, дзе прывыклі існаваць спакойна, без асаблівых напруг, усе стогнуць ад яе няўёмнай энергіі і прагі перамен на шляху ўдасканалення. Ахвотна веру. Бо памятаю, як на яе папярэдняй службе вельмі чакалі, каб яна хутчэй сышла ў дэкрэтны. Чакалі, як тыя карасі ў сажалцы, каб ад іх хутчэй сплыў куды-небудзь шчупак.

А ў раманах, як аказалася, мая прыяцелька расчаравалася. Невядома, як надоўга. Але з уласцівай ёй праматой Тома сказала, што ўсё роўна ў любых стасунках з мужчынамі адзінокая жанчына шукае нейкай стабільнасці. А ва ўсіх яе кавалераў на ілбе было напісана, што яны часовыя. Дык навошта траціць душэўныя сілы? Лепей заняцца вучобай дзяцей, хатняй гаспадаркай, сваім здароўем, дачай, шыццём, якое любіла і даўно закінула, чытаннем. Напэўна, знойдзецца яшчэ дзесяць якіх-небудзь неадкладных спраў. А болей ні на што часу няма. На ім пастаўлены вялікі і тлусты крыж.  

І так здзіўляюся, калі яна ўсё робіць. У яе кватэры заўсёды пахне пірагамі. Паспяваю пахваліць гэты, яблычны. А яна ўжо амаль ў дзвярах расказвае, што гатаваць яго пару хвілін: пасячы пачак маргарыну з дзвюма шклянкамі мукі і змяшаць са шклянкай смятаны. І ніякіх яек! Атрыманае слоенае цеста загарнуць у пакет і пакласці ў халадзільнік гадзіны на дзве, а лепей на ўсю ноч. Ранкам тонка раскатаць, наверх — начынку з яблыкаў з цукрам, можна варэнне, і ў духоўку. За 20 хвілін, пакуль гатуецца снеданне, пірог гатовы. Трэба паспрабаваць.

Святлана ЯСКЕВІЧ.

←С четвертого октября изменяется схема маршрутов общественного транспорта Минска

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика