Што пераўтварае беларуса ў нязломную зброю?
Талерантнасць, памяркоўнасць і гасціннасць — вось якую нацыянальную ідэю калісьці даўно прызначылі нашаму народу невядомыя ідэолагі. І па сёння нашым дзецям многія ўкладаюць гэтыя словы ў свядомасць ад "Буквара" да ўрокаў па гісторыі Беларусі.
Безумоўна, у талерантнасці, памяркоўнасці і гасціннасці няма нічога дрэннага, але ў выніку такая нейтральная характарыстыка беларускай ідэі прывяла да іранічнага яе разумення. Напэўна, усе ведаюць самую знакамітую показку пра нашага чалавека:
<І>Саджаюць рускага на цвік. Той ускрыкнуў, падскочыў, мацюкнуўся — балюча.
Насаджваюць на цвік украінца. Залямантаваў, мацюкнуўся, даў крыўдзіцелям у карак.
Падводзяць да цвіка беларуса, саджаюць. Наш піскнуў — і далей сядзіць. Пытаюцца: "Ты што, дзядзька, здурнеў, няўжо не балюча?" Беларус і адказвае: "Спачатку было балюча, а потым нібы прывык..."
Ці заўсёды беларусы былі такімі? Упэўнены, што не. Каб наша нацыя цягам усёй гісторыі была такой памяркоўнай, то ад беларусаў не засталося б і шчэпак. Хоць і такое магло быць. Усё ж здаралася, цягам войнаў выразалі палову нашага насельніцтва. Акупацыі нашых этнічных тэрыторый змянялі адна другую, а беларусы ўсё адно не зніклі. Як такое магчыма?
У часы Вялікага Княства Літоўскага (юрыдычныя дакументы ў дзяржаве былі напісаныя мовай, на якой, па вялікім рахунку, мы сёння размаўляем) нашы людзі мелі ключавую ролю не толькі ў развіцці свайго рэгіёна, а і ў сусветнай геапалітыцы. Як сёння, скажам, ЗША. Нашы ваяры выконвалі партыі першых скрыпак у лёсавызначальных бітвах, зыход якіх мог змяняць усю сусветную гісторыю. Гэта, напрыклад, Грунвальдская бітва 1410 года, калі наш князь Вітаўт сумесна з польскім каралём Ягайлам (таксама выхадзец з нашых) перамаглі наймацнейшую армію ў свеце — Тэўтонскі ордэн.
Безумоўна, пра гэтыя факты паведамляецца ў нашых падручніках па гісторыі. Але да дзяцей гэта даводзіцца так няўмела, што гонару за вялікую гісторыю ніхто не адчувае.
Тым не менш беспрэцэдэнтны вайсковы дух застаўся ў беларусах на генетычным узроўні. Галоўнае — павярнуць гэту генетычную схільнасць у правільным кірунку. І тады беларус пераўтвараецца ў нязломную зброю.
Лічу, што гэта ўмела зрабілі кіраўнікі футбольнай каманды БАТЭ (пакуль прывяду спартыўныя прыклады). Трэнер Віктар Ганчарэнка папросту пераламаў рабскую псіхалогію беларускіх футбалістаў: няма каманды, якую мы не маглі б перамагчы, мы — моц. Вось што, на сваё вялікае здзіўленне, чулі ігракі перад матчамі з легендарным "Рэалам" (бюджэт іспанскай каманды быў большы ў... 30 разоў) і "Ювентусам". І вось вынік: увосень 2010 года БАТЭ можа перамагаць чэмпіёнаў Галандыі, а там футбол — гэта рэлігія.
Аднойчы я меў размову з Сяргеем Крыўцом, тады яшчэ іграком "БАТЭ". Абмяркоўвалі матч, дзе ў нашай каманды было няшмат шанцаў.
"Мы выйдзем і будзем біцца да апошняга. Мы можам перамагчы любую каманду", — вось так упэўнена адказаў мне Сяргей Крывец.
Ведаючы, што каманда "БАТЭ" моцная, супернікі ўсё адно раз за разам не могуць адэкватна ацаніць беларускі байцоўскі ген, пра які я зараз разважаю. І зноў наступаюць на беларускія граблі.
А таямніца нашага менталітэту, калі вылучыць яе са старажытнай гісторыі, — гэта ўпэўненасць (не блытайце з самаўпэўненасцю), гонар (не блытаць з ганарлівасцю) і гульня першым нумарам. Простыя якасці, якіх найчасцей не хапае ні нашым спартсменам, ні многім публічным дзеячам. Лічу, што калісьці гэтыя якасці спрабавалі штучна вынішчыць у нашай нацыі. Але так і не змаглі давесці гэтую справу да канца.
Заўтра ў карэйскім Сеуле адбудзецца спартыўнае мерапрыемства сусветнага значэння — фінальнае Гран-пры К-1 MАХ, дзе двубоі правядуць 16 найлепшых байцоў-ударнікаў свету. Нашага Віталя Гуркова (гэта яго першыя спаборніцтвы такога ўзроўню і наперадзе доўгая спартыўная кар'ера) адразу "кінулі пад танкі" — паставілі біцца з чэмпіёнам свету па К-1 Джорджыа Петрасянам. Італьянец увогуле не прайграваў апошнія чатыры гады.
На афіцыйным сайце К-1 праводзіцца галасаванне, і 92 % рэспандэнтаў лічаць, што баец з Італіі пераможа накаўтам. Па-першае, ён — чэмпіён свету, па-другое, беларусу ў спаборніцтвах К-1 забаронена ўжываць свае галоўныя "каронкі". Але рэспандэнты не ведаюць, што Гуркоў — гэта яшчэ адзін бескампрамісны беларус, які б'ецца да апошняга, які пераламаў у сабе рабскую псіхалогію. Лічу, што як мінімум чэмпіёна свету чакае цяжкае выпрабаванне...
Яўген ВАЛОШЫН.