Гаспадары Каменнай горкі
Гэта незвычайная школа. Яна пачала свой вучэбны год з 888 вучнямі, але скончыць яго, відаць, значна большая колькасць дзяцей. Школа павінна стаць адной з самых вялікіх у сталіцы. Яна працуе ў незвычайных умовах. Па плане, новая школа ў мікрараёне Каменная горка павінна была здавацца толькі ў ліпені наступнага года, пасля тэрміны былі скарочаныя да снежня 2010. Але патрэба ў ёй настолькі наспела, што па просьбах жыхароў, школу вырашана было запусціць з першага верасня. Пакуль з трох блокаў здадзеныя першы і частка другога. У адной частцы школы яшчэ працягваюцца работы, а другая жыве сваім паўнацэнным, аўтаномным жыццём. Мы прайшліся па абжытай частцы школы, завіталі на ўрокі да вучняў першых, пятых і дзявятага класа — тут нічога і не нагадвае пра тое, што ў іншай частцы школы яшчэ шчыруюць будаўнікі. Няма ні паху фарбы, ні дзядзькаў з кельмамі, школа чысценькая, светлая, цёплая. У свежых класах вельмі ўтульна. Новая школа неверагодна прыгожая, светлая, прасторная. Яна дастаткова аснашчаная вучэбна-нагляднымі дапаможнікамі, мэбляй, абсталяваннем, падручнікамі. Праз некаторы час у ёй будзе тое, чым на сёння не могуць пахваліцца іншыя школы. Паспрабуем пералічыць толькі залы: спартыўная, харэаграфічная, трэнажорная, чытальная, лекцыйная, канферэнц-зала. А яшчэ цір, сэнсарны пакой, вялікая сталовая на 340 месцаў, рыхтуюцца да ўводу кабінеты пачатковай школы. Плануецца, што ў снежні школа будзе цалкам здадзеная, і гэта стане сапраўды шыкоўным навагоднім падарункам дзецям з раёна новабудоўлі Каменная горка.
— Памятаеце, якія раней вучылі вершы пра школу? Там гаварылася пра ўтульныя і прасторныя класы. Дзеці павінны быць гаспадарамі ў школе. Неабходна зрабіць усё, каб ім было камфортна і добра. І наша школа вельмі светлая, прасторная, нам прыемна яе паказваць гасцям, — вядзе нас па школе дырэктар Марыя Кавалеўская. — У нас шмат планаў па афармленні. Памяшканні, дзе займаецца пачатковая школа, будуць вельмі адрознівацца ад класаў старэйшай сваёй утульнасцю. Будуць створаны такія ўмовы, каб малыя не адчувалі рэзкага пераходу ад хатняй абстаноўкі да школьнай, каб выраз "школа — родны дом" быў не толькі на вуснах дзяцей, але і ў іх сэрцах.
Мы завіталі на ўрокі да першакласнікаў. Менавіта ў гэтыя дні яны становяцца... сапраўднымі вучнямі: праграма "Уводзіны ў школьнае жыццё" пройдзеная, і малыя бяруцца за буквары. Дарэчы, тут 6 (!) першых класаў (159 дзетак) і да канца года, напэўна, іх стане яшчэ больш.
<І>— Гэта ж якая была б праблема для такога густанаселенага раёна, калі б ваша школа яшчэ не пачала працаваць? — звяртаюся да Марыі Фёдараўны.
— Не толькі для раёна, але і для горада. Мікрараёны Каменная горка-1 і Каменная горка-5 засяляюцца імкліва, бацькам трэба ездзіць на працу ў розныя куткі Мінска. І таму для іх вельмі важна аддаць дзіця ў школу, якая недалёка ад дома. Бацькі вельмі ўдзячныя, што школа ўжо дзейнічае. Сёння працуе 31 клас, з 1 па 9 (навучэнцаў 10-11 класаў было няшмат, таму ім прапанавана вучыцца ў бліжэйшых школах раёна).
Школа спланаваная на 4 класы ў паралелі. У нас 6 першых і, мяркую, што ў студзені можа быць і болей, таму што засяляюцца новыя дамы, сюды пераязджаюць бацькі з дзецьмі з іншых раёнаў Мінска, рэспублікі. Ахвотныя патрапіць сюды на вучобу з'яўляюцца кожны дзень, але пакуль мы іх не можам узяць, бо на тыя плошчы, што зараз ёсць, набраная максімальная колькасць дзяцей. Мы вучымся ў дзве змены. Калі школа будзе здадзеная, дзяцей будзем набіраць і набіраць. Наша місія — прымаць усіх з Каменнай горкі-1 і Каменнай горкі-5. Школа разлічаная на 1020 вучняў, але гэту лічбу мы стапрацэнтна павялічым ужо зімой, калі з'явяцца новыя плошчы. Думаю, што гэта будзе самая вялікая і шчаслівая школа ў горадзе, таму што дзеці да нас прыйшлі цудоўныя. Нам будзе не сумна працаваць. Бацькі нашых вучняў шмат займаюцца з дзецьмі, развіваюць іх. Сярод бацькоў шмат энергічных, маладых, ва ўзросце каля 30 гадоў. Яны цікавяцца развіццём школы, хочуць, каб сёння дзецям у ёй было добра, а заўтра яшчэ лепш. Мы ўжо абмяркоўваем з імі пытанні развіцця замежных моў, шмат запытаў на паглыбленае вывучэнне англійскай (дарэчы, у нас ужо зараз выкладаюцца дзве замежныя мовы: англійская і нямецкая), была прапанова па вывучэнні кітайскай. Калі будуць адпаведныя запыты бацькоў, мы гатовыя запрасіць спецыялістаў выкладаць любую мову. Сёння дзеці ў школе павінны не толькі вучыць асноўныя прадметы, але і атрымліваць дадатковую адукацыю. У нас будуць танцавальныя калектывы, сёння ўжо прыняты на працу харэограф, а таксама ёсць метадычныя кадры, вядомыя ў рэспубліцы. Правядзём апытанне, якія віды спорту цікавыя дзецям...
— Складана было запусціць школу за такі кароткі час, са значным апярэджваннем плана?
— Настаўнікі рыхтавалі школу разам з бацькамі, прыбіралі кабінеты, мылі вокны, дапамагалі размяшчаць мэблю. У апошнія дні жніўня тут кіпела праца соцень людзей. Нам дапамагалі калегі, якія працуюць у іншых школах раёна (гэта традыцыя ў раёне, калі новабудоўлю дапамагаюць рыхтаваць калегі з усіх школ). Працавалі і ў выхадныя, з ранку да вечара, да ночы.
— Ці былі праблемы з камплектаваннем калектыву?
— У школе працуюць 59 педагогаў. Многія з іх прыехалі жыць у гэты раён. Школа ўкамплектаваная цалкам, педагагічных вакансій у нас няма. Складанасці былі толькі, калі камплектавалі пачатковую школу (гэта 18 класаў, 8 груп падоўжанага дня), а ахвотных працаваць у сярэдняй школе нават было больш, чым у нас вакансій.
— Ці цяжка працаваць у школе-новабудоўлі?
— Не магу сказаць, што складана. Магу сказаць — не сумна. У новым раёне наша школа самая першая і пакуль адзіная. Часам мне задаюць пытанне: "А чаму вы не гімназія?" Безумоўна, мы і пра гэта думаем, але ніколі новабудоўля не можа стаць гімназіяй. Новая школа, якая павінна прыняць усіх дзяцей, не можа арганізоўваць конкурсы і выбіраць у вучні лепшых. Як толькі пачнуць адчыняцца новыя школы і патокі дзяцей можна будзе рэгуляваць, з'явіцца магчымасць выходзіць на гімназічныя класы.
Але школа не толькі для дзяцей. Тут добра павінна быць і настаўнікам. Таму яшчэ адна наша адміністрацыйная задача — стварыць умовы для настаўніка, каб ён з жаданнем ішоў на працу і вяртаўся з яе з радасцю, а не з цяжкімі думкамі. Безумоўна, вельмі хацелася б, каб у сем'ях настаўнікаў быў мір, утульнасць, згода і разуменне ўсіх хатніх, што такое праца педагога.
— Што можна пажадаць усім настаўнікам Беларусі напярэдадні іх прафесійнага свята...
— У першую чаргу жадаю сваім калегам здароўя, дасягненняў і здзяйсненняў, каб наша праца была выніковай, эфектыўнай, каб, аддаючы частку душы сваёй, нам было за што парадавацца; каб былі добрыя педагагічныя калектывы, моцныя, здаровыя; каб была ўзаемавыручка, узаемападтрымка...
Алена Дзядзюля.