Стратаў магло б не быць

Источник материала:  

Калегія Камітэта дзяржаўнага кантролю Мінскай вобласці прааналізавала прычыны стратнасці прадпрыемстваў Міншчыны і паставіла задачу пераламаць сітуацыю.

Сёлета па выніках сямі месяцаў 105 прадпрыемстваў і арганізацый Мінскай вобласці з'яўляюцца стратнымі. Гэта менш, чым летась (сума стратаў увогуле зменшылася ўдвая), але і гэтай лічбы магло б не быць, калі б кіраўнікі ўсіх прадпрыемстваў навучыліся лічыць грошы. Пра гэта заявіў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Мінскай вобласці Уладзіслаў ЦЫДЗІК на калегіі, прысвечанай аналізу эфектыўнасці мераў, якія прымаюць органы ўлады па зніжэнні стратнасці прадпрыемстваў і арганізацый цэнтральнага рэгіёна Беларусі.

Асноўнымі прычынамі стратнасці з'яўляюцца недастатковыя аб'ёмы выпуску прадукцыі, неэфектыўныя меры па зніжэнні сабекошту і эканоміі, несвоечасовае спагнанне дэбіторскай запазычанасці, нізкая канкурэнтаздольнасць, недастатковая праца па пошуку рынкаў збыту, а таксама нізкая фінансавая і выканаўчая дысцыпліна службовых асобаў.

Амаль палова стратных суб'ектаў гаспадарання прыпадае на прамысловыя прадпрыемствы вобласці. Але самае, бадай, дзіўнае, што ў наш час будаўнічага буму на Міншчыне аказалася стратнай і амаль кожная 10-я будаўнічая арганізацыя.

У сумнай статыстыцы вылучыліся Мінскі, Маладзечанскі і Барысаўскі рэгіёны, на якія прыпала больш за палову ўсіх стратных прадпрыемстваў вобласці. Так, чыстыя страты на пачатак жніўня гэтага года ЗАТ "Слаўнафта-Старт" (Мінскі раён) склалі 11,7 млрд рублёў, свінакомплексу "Барысаўскі" — 8,7 млрд, РУП "Маладзечанскі завод металаканструкцый" — 2,9 млрд руб.

— Але мы павінны не канстатаваць факты, а лячыць хваробу, — падкрэсліў старшыня Камітэта. — Дзейнасць некаторых камерцыйных прадпрыемстваў носіць крымінальны характар. Напрыклад, вядомыя выпадкі, калі ўладальнікам і прадпрыемства-вытворцы, якое знаходзіцца ў Беларусі, і прадпрыемства-заказчыка, якое знаходзіцца за межамі краіны, з'яўляецца адна і тая ж асоба. Разлік за прадукцыю не адбываецца своечасова, у выніку чаго вымываюцца асноўныя сродкі, валютная выручка не вяртаецца ў Беларусь.

Яшчэ адна прычына стратнасці некаторых камерцыйных прадпрыемстваў — хаванне прыбытку дзеля пазбягання выплаты падаткаў.

У сувязі з гэтым калегія Камітэта дзяржкантролю вобласці пастанавіла сумесна з інспекцыяй Міністэрства па падатках і зборах Беларусі актывізаваць працу па вызначэнні схемаў вымывання зваротных сродкаў шляхам адгрузкі прадукцыі з мінімальнай рэнтабельнасцю, без папярэдняй аплаты і на доўгі тэрмін прадпрыемствам з адным і тым жа заснавальнікам. Падатковаму міністэрству прапанавана таксама распрацаваць механізмы, якія прадухілялі б магчымасць хавання прыбытку.

Пра павышэнне персанальнай адказнасці кіраўнікоў за эканамічны стан стратных прадпрыемстваў размова на калегіі ішла асобна.

Некаторыя кіраўнікі тлумачылі немагчымасць змяніць сітуацыю тым, што банкі адмаўляюць у крэдытах, або тым, што цяжар ўжо ўзятых крэдытаў надта вялікі.

— Так, банкі сёння адвярнуліся ад стратных прадпрыемстваў, і гэта правільна, бо банку патрэбна забеспячэнне крэдыту, — пракаментавала "Звяздзе" сітуацыю начальнік упраўлення кантролю галін гаспадаркі і грашова-крэдытнай сферы Камітэта Дзяржкантролю Мінскай вобласці Валянціна ЗЯЗЮЛЬКІНА. — Стратнае прадпрыемства не толькі не можа ўзяць новы крэдыт, яно не можа атрымаць у банку больш лаяльныя ўмовы фінансавання, афармлення акрэдытываў, атрымання авансаў.

Кожны суб'ект гаспадарання павінен добра ўсведамляць, што ад банкаўскай дапамогі зыходзіць дзве небяспекі: павялічваецца сабекошт прадукцыі з-за працэнтаў па кароткіх крэдытах, і з'ядаецца прыбытак з-за доўгіх. Пазычаныя сродкі для суб'екта гаспадарання заўсёды нявыгадныя. Хоць для інвестыцый сабраць грошы вельмі цяжка, але кожны павінен разлічваць у першую чаргу на свае сілы. Плацежаздольнасць суб'ектаў гаспадарання заўсёды пагаршаецца з-за ўзятых крэдытаў.

— Колькі са 105 стратных на сёння прадпрыемстваў Мінскай вобласці здольныя выправіць сітуацыю сваімі сіламі?

— Каля 10 прадпрыемстваў маюць рэальную магчымасць выйсці на бясстратную работу да канца года. 90 прадпрыемстваў рэальна па сённяшняй сітуацыі наўрад ці змогуць пераадолець сваю стратнасць сёлета. Задача Камітэта дзяржаўнага кантролю Мінскай вобласці ў тым, каб прадухіліць пагаршэнне сітуацыі. Мы пытаемся ў кожнага кіраўніка: што ты зрабіў, каб пры тваёй уладзе стала лепш? Мэта сённяшняй калегіі — пераламаць сітуацыю са стратнымі прадпрыемствамі. Каб кіраўнікі не думалі, што яны маюць права і далей пасіўна падаць у даўгавую яму. Бо вынік стратнасці — банкруцтва.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.

←С четвертого октября изменяется схема маршрутов общественного транспорта Минска

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика