Іншыя. І не чужыя

Источник материала:  

Лес, высокі плот і шлагбаум на ўваходзе — гэтае месца не для цікаўных ды і, уласна кажучы, "пабочныя асобы" імкнуцца абыходзіць яго бокам. Па вельмі простай прычыне: тут, бліз вёскі Каменка, амаль на ўскрайку Бабруйска, знаходзіцца адзін з буйнейшых у краіне інтэрнатаў для псіханеўралагічных хворых. Сёння ў ім жыве 360 чалавек. Прычым жыве пастаянна: у адрозненне ад іншых сацыяльных устаноў, сюды трапляюць толькі назаўсёды.

 

"Страхоўкі" не мае ніхто

Разумовая адсталасць, эпілепсія, шызафрэнія, хвароба Альцгеймера. Дыягназ у кожнага свой. Як і шлях у гэтую ўстанову. У некага хвароба праявілася з дзяцінства, але да большасці ўсё ж прыйшла з узростам. Адны атрымалі цяжкую чэрэпна-магзавую траўму ў побыце, другія пацярпелі ў дарожна-транспартных здарэннях, трэція сталі ахвярамі стрэсаў, чацвёртых "зламалі" наркатычныя і таксічныя рэчывы. Нарэшце, тлумачэнне праблем многіх гучыць вельмі проста — старасць.

— Сярод іх ёсць розныя людзі, многія ў ранейшым жыцці працавалі, мелі нібыта прэстыжныя прафесіі — былі настаўнікамі, урачамі, спартсменамі, — заўважае дырэктар Каменскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната Галіна Саўчанка. — Словам, некалі ў іх было ўсё, але раптам — не засталося нічога. І, напэўна, толькі тут пачынаеш добра разумець: ад бяды ніхто і ніколі не застрахаваны.

Зноў жа многія мелі сем'і. Прычым казаць аб гэтым выпадае менавіта ў мінулым часе. Бо звычайна бывае так: першым часам пасля змяшчэння ў інтэрнат сваякі прыязджаюць "у адведкі" як мінімум раз у месяц. Потым — раз у год. А затым візіты спыняюцца. "Праблема" пакрысе забываецца. Безумоўна, у правілах сустракаюцца выключэнні, ёсць прыклады, калі дзеці забіралі сваіх бацькоў "на пабыўку" дадому. Аднак звычайна ўжо праз два-тры тыдні вярталі назад. І тлумачэнне тут адно — вытрымаць больш працяглае суіснаванне з невылечна хворым чалавекам сапраўды цяжка.

— Сярэдні ўзрост жыхароў інтэрната перавышае 60 гадоў, а ёсць і тыя, каму далёка за 80, — распавядае Галіна Саўчанка. — Прычым некаторыя знаходзяцца тут дзесяцігоддзямі. Бо, як тое ні сумна, але трэба хіба што канстатаваць: альтэрнатывы гэтаму па-сутнасці няма, адсюль ужо не "выпісваюцца".

Галоўныя лекі — спакой

Гэта той самы выпадак, калі медыкі вымушаныя разводзіць рукамі. Вылечыць каго-небудзь з жыхароў гэтага інтэрната ўжо немагчыма. Таму галоўная задача гучыць даволі проста — зрабіць усё, каб папярэдзіць развіццё хваробы. І часам не зусім стандартнымі метадамі.

— Сёння няма праблем са сродкамі на лекі, мы можам прапанаваць усе неабходныя медыцынскія паслугі — ад фізіялячэння да стаматалогіі, — распавядае Галіна Саўчанка. — Аднак гэтага — недастаткова. Таму для вырашэння "адвечных" праблем пажылых людзей з верхнімі дыхальнымі шляхамі мы адчынілі ўласны кабінет спелеалячэння ці лячэння соллю, а для паляпшэння агульнага імунітэту зрабілі "сцяжыну здароўя" — жыхары інтэрната могуць пахадзіць басанож па шчабёнцы, пяску, абгабляваным дрэве. А плюс да таго мы прапануем гарбату з самых розных гаючых траў і лячэнне пахамі мяты ці лаванды. Пры гэтым і фітабар, і ароматэрапія з'явіліся зусім не выпадкова: яны дапамагаюць пры бяссонніцы, заспакойваюць і, што асабліва неабходна, здымаюць раздражнёнасць.

Працаваць не дзеля грошай

Праблема дэфіцыту медыкаў адчуваецца паўсюль, і дамы-інтэрнаты — таксама не выключэнне. Аднак у гэтым выпадку "кадравае пытанне" не абмяжоўваецца выключна прадстаўнікамі аховы здароўя. Умовы для працы тут цяжкія ў чыста псіхалагічным плане. А заробкі — не самыя вялікія. І гэтая "нестыкоўка" адыгрывае значную ролю, асабліва ў наваколлі буйнога горада, дзе амаль заўсёды ёсць іншыя варыянты ўладкавання.

— Калі хтосьці з супрацоўнікаў вырашае звольніцца, то гэта заўсёды непрыемна, але неяк крыўдзіцца ні ў якім разе нельга: у каго не хапае спагады і вытрымкі — таму на самай справе лепш за ўсё сысці ў іншае месца, — зазначае Галіна Саўчанка. — Бо тут, апроч асноўных абавязкаў, даводзіцца быць і выхавацелем, і нянечкай, і суддзёй. Неабходна рабіць усё, каб жыхары інтэрната адчувалі сябе так, як дома. Вядома, нам выдзяляюцца грошы, толькі за апошні час патрапіла адрамантаваць сталоўку і абнавіць мэблю. Вось толькі фінансаванне вырашае не ўсё — многае трэба рабіць выключна ўласнымі сіламі.

Чамусьці распаўсюджаная думка, што жыхарам псіханеўралагічнага інтэрната "амаль нічога не патрэбна" — безумоўна, памылка. Так, у іх здараюцца зрывы. Але гэтая з'ява часовая. У астатнім жа яны практычна такія, як і мы — толькі крыху з іншым успрыняццем свету.

— Як і нам, ім вельмі патрэбны камфорт, насуперак усім стэрэатыпам, яны ўмеюць цаніць прыгажосць — некаторыя з жыхароў інтэрната, без перабольшання, з'яўляюцца нават таленавітымі мастакамі, — адзначае Галіна Саўчанка. — І, апроч таго, ім неабходныя заняткі — кнігі, газеты, шахматы, шашкі, трэнажорная зала, настольны тэніс, футбол, праца. Натуральна, што прымушаць кагосьці працаваць тут нельга. Але хто мае сілы і каму дазваляе здароўе — імкнецца штосьці рабіць сам. Мы вырошчваем бульбу, капусту, буракі і моркву, маем уласны вялікі сад. Жыхары інтэрната могуць дапамагаць у пральні, даглядаць свойскую жывёлу. Бо ў любым выпадку праца дае шанц разнастаіць жыццё. А для людзей, якія ўвесь час знаходзяцца на адной і той жа зачыненай тэрыторыі, гэта надзвычай важна.

А яшчэ сёння на тэрыторыі інтэрната, дзякуючы збору добраахвотных ахвяраванняў, вядзецца будаўніцтва званіцы. Прычым яна зноў жа найперш неабходная хворым. Каб была магчымасць наблізіцца да Бога. І каб яны маглі вучыцца цярплівасці і павазе да тых, з кім выпала жыць побач.

Чарга застанецца ў мінулым

Сёння на тэрыторыі Беларусі налічваецца больш за сем дзясяткаў дамоў-інтэрнатаў, 9 з іх разлічаныя на дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, 19 — для ветэранаў і інвалідаў, а 44 — для асоб з псіханеўралагічнымі захворваннямі. У цэлым у стацыянарных установах пражывае 17,1 тысячы чалавек, прычым попыт на "дзяржаўнае ўтрыманне" не змяншаецца. А адным з галоўных застаецца пытанне... дэфіцыту плошчаў. І асабліва актуальная яна менавіта для асоб з парушэннямі псіхікі.

Між тым, паводле слоў намесніка міністра працы і сацыяльнай абароны Валянціны Каралёвай, пэўныя зрухі тут ёсць. За апошнія час чарга на размяшчэнне ў дамы-інтэрнаты зменшылася з 1370 да 764 чалавек, у стацыянарных установах значна палепшыліся ўмовы пражывання, інтэрнаты паступова пазбаўляюцца "перанаселенасці". Пры гэтым саму праблему "недахопу месцаў" плануецца вырашыць цягам бліжэйшых гадоў.

Сяргей ГРЫБ.

Мінск — Бабруйск.

 

 

←С четвертого октября изменяется схема маршрутов общественного транспорта Минска

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика