Ільготны жыллёвы крэдыт можа патаннець і для жыхароў сярэдніх гарадоў
Перспектыва
Для далейшага ўдасканальвання льготнага крэдытавання жыллёвага будаўніцтва і актывізацыі развіцця населеных пунктаў, спецыялістамі будаўнічай галіны распрацаваны праект Указа, дзе ўдакладняюцца асобныя пытанні жыллёвага будаўніцтва. Падрабязнасці паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення жыллёвага будаўніцтва Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Уладзімір Дарапіевіч.
— Чытачы нашага выдання адзначаюць, што будаваць жыллё нават з дзяржаўнай падтрымкай апошнім часам робіцца непасільнай фінансавай ношай для небагатых беларусаў...
— Адразу адзначу прыемную навіну для гэтай катэгорыі грамадзян. Згодна з распрацаваным праектам указа кіраўніка дзяржавы, прадугледжваецца распаўсюдзіць на грамадзян, якія пастаянна жывуць і працуюць у населеных пунктах з насельніцтвам да 50 тысяч чалавек і ў гарадах Кобрыне, Слуцку, Рэчыцы і Светлагорску, умоў жыллёвага льготнага крэдытавання, што дзейнічаюць для грамадзян, якія жывуць і працуюць у малых гарадах з насельніцтвам да 20 тысяч чалавек. На практыцы гэта азначае, што чаргавікі акрэсленых гарадоў змогуць атрымліваць больш прывабныя крэдыты пад 1 працэнт гадавых тэрмінам на 40 гадоў.
Спецыялістамі было падлічана, што з улікам ільготна крэдытуемай плошчы на сям'ю з чатырох чалавек, калі сярэдні кошт квадратнага метра вызначаны ў памеры -1 млн 800 тысяч рублёў пры будаўніцтве жылых памяшканняў з аздабленнем, велічыня льготнага крэдыта складзе 144 млн рублёў. Пасля прыняцця праекта Указа выплаты па жыллёвых крэдытах істотна паменшацца. Так, напрыклад, пры будаўніцтве кватэры сям'ёй з чатырох чалавек штомесячная эканомія сямейнага бюджэту можа скласці 590 тысяч рублёў.
— Калі пачнуць дзейнічаць нормы новага Указа?
— Цяпер ідзе гаворка толькі аб праекце дакумента, аднак у ім ёсць адна слушная прапанова. У мэтах аднолькавага падыходу і прадухілення скаргаў ад грамадзян у праекце Указа прапануецца гэтыя нормы па зніжэнні працэнтных ставак і працягванні тэрміну крэдытавання распаўсюдзіць таксама на крэдытныя дагаворы, згодна з якімі грамадзяне атрымаюць льготныя крэдыты на будаўніцтва жылля ў дамах, якія не былі ўведзеныя ў эксплуатацыю да 1 сакавіка 2010 года.
— Вамі падрыхтаваныя новаўвядзенні і для шматдзетных сем'яў?
— Праект Указа дазваляе шматдзетным сем'ям, якія будуюць жыллё ў населеных пунктах з колькасцю насельніцтва да 50 тысяч чалавек і ў гарадах Кобрыне, Слуцку, Рэчыцы і Светлагорску, атрымліваць дадатковы льготны крэдыт для будаўніцтва гаспадарчых пабудоў у памеры 20 працэнтаў ад кошту будаўніцтва нарматыўнай крэдытуемай плошчы.
— Праектам Указа прадугледжваецца і пэўная фінансавая дапамога маладым сем'ям, якія будуюць жыллё?
— Міністэрствам фінансаў падрыхтаваныя дапаўненні ва Указ кіраўніка дзяржавы № 185. У прыватнасці, прадугледжваецца аказанне фінансавай дапамогі маладым сем'ям пры нараджэнні першага і (або) другога дзіцяці пасля заключэння льготнага жыллёвага дагавора ў памерах адпаведна 10 і 20 працэнтаў ад сумы запазычанасці па выдадзеных крэдытах. Механізм такой фінансавай дапамогі будзе ажыццяўляцца роўнымі долямі, аналагічным парадкам, як для шматдзетных сем'яў.
Сяргей КУРКАЧ.