Дэвіз "Народнай" — інфармаваць, пераконваць, дапамагаць
Дваццаць гадоў таму выйшаў першы нумар "Народнай газеты". Мы віншуем калег, шчыра радуемся за іх, тым больш што сярод людзей, якія робяць "Народную", ёсць і былыя "звяздоўцы". Як шчыруюць на інфармацыйнай ніве нашы калегі — паспрабуем выведаць некаторыя сакрэты "журналісцкай кухні" ў галоўнага рэдактара "Народнай газеты" Уладзіміра Андрыевіча.
— Юбілей — гэта час падводзіць пэўныя вынікі, якімі вынікамі вы можаце ганарыцца?
— Дваццаць гадоў — гэта ўзрост юнацкі. "Народная газета" — равесніца суверэннай Беларусі. І кароткая гісторыя газеты — гэта гісторыя незалежнай краіны. Сёння можна сказаць, што мы знайшлі сваю нішу сярод іншых рэспубліканскіх выданняў. Мы імкнёмся адпавядаць сваёй назве: "НГ" павінна быць разам з народам, думаць разам з ім, пісаць пра тое, што яго хвалюе. Гэта, безумоўна, высокія словы, і тым не менш, яны абавязваюць нас шукаць новыя формы падачы матэрыялаў, новыя праекты, актуальныя тэмы. Менавіта "Народная газета" пачала шырока практыкаваць выданне асобных творчых праектаў, гэта задумана спецыяльна: у перспектыве кожны з іх можа стаць асобным выданнем. Безумоўна, у рэчышчы развіцця сучаснай журналістыкі — не можа выжыць газета, якая выкарыстоўвае распаўсюджванне інфармацыі толькі на папяровым носьбіце. Мы вельмі сур'ёзна ставімся да такога накірунку распаўсюджвання інфармацыі, як інтэрнэт. Нам прыемна, што сёлета сайт "Народнай газеты" стаў пераможцам конкурсу "ТІБО—2010".
— У сайта "НГ" вельмі высокая наведвальнасць. Як вы лічыце, якія праекты найбольш запатрабаваныя віртуальнымі чытачамі?
— Не думаю, што сайт "Народнай газеты" наведваецца за кошт таго, што там шмат інфармацыі. Прыцягвае тэматыка газеты, яна вельмі рознапланавая. Журналісты пішуць пра тое, што цікава і патрэбна людзям. Інфармацыю сёння можна атрымаць і з больш аператыўных, чым газеты, крыніц. Задача газеты — інфармаваць, пераконваць, дапамагаць, а таксама зрабіць экспертны аналіз, пракаментаваць той ці іншы факт, расказаць, як выкарыстаць інфармацыю, як яна адаб'ецца на жыцці людзей. Наша задача ўсё патлумачыць вуснамі эксперта, пры гэтым не менш важная і пазіцыя журналіста. Зараз, мяркую, вяртаецца аналітычная журналістыка, а таму адзін з дэвізаў нашай газеты — "Чытай і думай".
— Ці мяняецца чытач з цягам часу?
— Думаю, мяняецца. Важна, што пастаянны чытач застаецца з намі: за апошнія пяць гадоў мы нават значна павялічылі колькасць чытачоў. Значыць, газета адпавядае іх запатрабаванням. Даследаванні, якія мы праводзілі, паказалі, што асноўны наш чытач — людзі ва ўзросце ад 30 да 55 гадоў. Гэта менавіта той чытач, які разлічвае ў многім толькі на сябе. Ён хоча дастойна працаваць і за гэта дастойна жыць і "НГ" імкнецца яму ў гэтым пасадзейнічаць
— Напэўна, дагадзіць такому чытачу вельмі складана...
— Важна кожны дзень здзівіць чытача: тэмай, падыходам да яе раскрыцця, візуальным відам, афармленнем, падачай матэрыялу. Кожны дзень трэба падаваць нешта новае: калі застывае газета (і ў тэматыцы, і ў знешнім выглядзе), яна перастае развівацца. У рэкламным роліку "НГ", дзе гаворыцца, што "газета трапляе дакладна ў цэль", мы звярнуліся да такога спорту, як гольф. Здаецца, не народная тэматыка, элітарны спорт, тым не менш пайшлі на тое, зноў жа, каб звярнуць увагу чытача. Але прынцып, якім мы кіруемся, — антыэлітарнасць, ад журналіста патрабуецца данесці самую складаную інфармацыю да самага простага чытача. Таксама журналісты "НГ" павінны быць самакрытычныя, без амбіцыйнасці ў адносінах да фактаў, чалавека, праблем і, самае галоўнае, не супярэчыць свайму журналісцкаму сумленню.
— У асяроддзі журналістаў старэйшага пакалення можна пачуць, што раней у журналістыцы былі імёны, а цяпер няма, ці пагодзіцца з гэтым "НГ"?
— Думаю, не. Зараз іншая журналістыка. Вартасць многіх маладых журналістаў у тым, што яны паспяваюць бегчы, умеюць з вялікага патоку інфармацыі, чаго раней не было, выбіраць самае актуальнае, чытабельнае, патрэбнае для чытача. Раней журналістыка была іншая — было больш часу падумаць, паразважаць. Тым не менш, і сярод маладых з'яўляюцца аналітыкі — людзі, якія ўмеюць супастаўляць, разважаць.
— Ідэі якіх праектаў, рубрык, падказалі менавіта чытачы?
— Кожны праект падказаны чытачамі. Мы правялі маркетынгавыя даследаванні, каб знайсці сваю нішу, і, лічу, знайшлі яе. Каб быць зручнымі для чытача, мы рашылі не раскідваць інфармацыю па ўсім нумары, а рабіць праекты. Напрыклад, "Квадратны метр" — пытанні будаўніцтва, жылля цікавыя ўсім, гэтак жа, як і "Народны ўпраўдом" (тэмы, звязаныя з жыллёва-камунальнай гаспадаркай). Праект "На сувязі" (новыя тэхналогіі, новыя камунікацыі) — для маладога чытача. Доўга думалі над праектам "Беларусь — памежная палітыка" і знайшлі свой паварот у гэтай тэматыцы, праект "Справа густа" — зроблены цалкам з падачы нашых чытачоў, тут мы гаворым: "купляйце беларускае!".
— А што "НГ" робіць для захавання беларускіх традыцый, культуры?
— Магу ўзгадаць наш праект "Мая Беларусь", мы імкнёмся адысці ад асфальтава-пластыкавай журналістыкі (гарадской і інтэрнэцкай), выязджаем у рэгіёны, малыя гарады, расказваем, чым жывуць людзі. Тры гады запар "НГ" становіцца пераможцам нацыянальнага конкурсу сярод друкаваных сродкаў масавай інфармацыі "Залатая літара" ў намінацыі "Лепшы творчы праект года сярод рэспубліканскіх СМІ". У гэтым годзе — за праект "Сем цудаў Беларусі": мы прайшлі ўсе раёны і пачынаем інтэрнэтаўскае электроннае галасаванне, дзе вызначым сем цудаў кожнага раёна, вобласці, краіны. Магу называць яшчэ і яшчэ матэрыялы гэтай тэматыкі.
Алена Дзядзюля.