АБЗАЦ
1 кастрычнiка ў Мiнску ўключана ацяпленне ў дзiцячых дашкольных установах, школах, дзiцячых дамах, школах-iнтэрнатах, лячэбна-прафiлактычных i медыцынскiх установах, а таксама ўстановах сацыяльнага забеспячэння. У сталiчнай адмiнiстрацыi паведамляюць, што калi тэмпература паветра на вулiцы будзе вышэй за 10 градусаў, ацяпленне ў гэтых установах будзе ажыццяўляцца "ў рэжыме працеплiвання". Пры стабiльным павышэннi сярэднесутачнай тэмпературы вонкавага паветра ацяпленне будзе адключацца.
У Ялце патануў турыст з Мiнска, яго сяброўку ўдалося выратаваць. Трагедыя адбылася 30 верасня ў пасёлку Гаспра. Па сцвярджэннi сведкаў, падчас шторму мужчына нырнуў з пiрсу, хутчэй за ўсё, ударыўся галавой аб камянi. Яго накрыла вялiкай хваляй, i больш яго нiхто не бачыў. Яго знаёмую, якая таксама нырала з пiрсу, выцягнулi на бераг адпачывальнiкi. 28-гадовая жанчына расказала, што прыехала з сябрам з Мiнска. Яму было 35 гадоў. Цела мужчыны знайсцi пакуль не ўдалося.
У Мiнскiм раёне ў прамысловых аб'ёмах будуць разводзiць асятроў i вырабляць iкру, паведамiў учора журналiстам нам. старшынi Мiнаблвыканкама Аляксандр Ярмак. Праект з удзелам швейцарскага капiталу рэалiзуецца паблiзу ад Ратамкi. Аб'ект плануецца пабудаваць на працягу 3 гадоў, аб'ём iнвестыцый складзе больш за 5 млн еўра.
У двух мiнчанаў канфiскаваныя галюцынагенныя грыбы. Мiнскiм РУУС распачаты крымiнальныя справы ў дачыненнi да двух непрацуючых жыхароў сталiцы, 1988 i 1990 гадоў нараджэння. 26 верасня непадалёк ад вёскi Астрашыцкi Гарадок Мiнскага раёна ў маладых людзей былi канфiскаваныя грыбы, што ўтрымлiваюць псiлацын -- псiхаактыўнае рэчыва-алкалоiд з сямейства трыптамiнаў.
У парламент Лiтвы паступiлi папраўкi да закона аб медыцынскай практыцы i правах пацыента. Згодна з папраўкамi, урачам будзе дазволена з-за рэлiгiйных перакананняў адмаўляцца рабiць аборты па жаданнi пацыенткi.
ПОЎНЫ АБЗАЦ Навукоўцы з Карнэльскага унiверсiтэта (штат Нью-Ёрк) выявiлi, што сланы, якiя жывуць у лясах Цэнтральнай Афрыкi, больш за ўсё баяцца жаночага крыку. Прычым гукi ад выбуху дынамiту не выклiкаюць у iх такой панiкi, як вiзгат дзяўчат. У эксперыментах Петэр Врэдэ i яго калегi выкарыстоўвалi падслухоўваючыя прыстасаваннi, падобныя на тыя, што прымяняюцца для гукавога манiторынгу кiтоў. Пасля збору 27 тыс. гадзiн запiсаў каманда прааналiзавала, як дынамiтныя выбухi i iншая дзейнасць чалавека, у тым лiку ваджэнне аўтамабiля, настройка абсталявання ўплываюць на паводзiны сланоў. У вынiку было ўстаноўлена: сланы нiчога не баяцца так панiчна, як крыкаў прадстаўнiц прыгожага полу. Ад дзявочага вiзгату яны беглi наўцёкi, кiдаючы любы свой занятак. Галасавыя звязкi ў жанчын могуць браць вельмi высокiя ноты, у т.л. на ўзроўнi ўльтрагуку, да якога адчувальны гукавы апарат сланоў. Вялiзныя жывёлiны адчуваюць стрэс i бягуць куды падалей.